У будынку па вуліцы Ажэшкі, 4 у розны час было і ўпраўленне аптэк, і крама музычных інструментаў, але нарэшце ён цалкам адыйшоў банку — як гэта і задумвалася ў 1930-я, калі яго перабудоўвалі. Адметны будынак у стылі польскага канструктывізму — адзін з рэдкіх у Гродне прыкладаў гэтага стылю. Таму і каштоўны.
Гродна ў міжваенныя гады страціў статус губернскага (ваяводскага) цэнтра і быў усяго толькі цэнтрам павета. Уладам, у прынцыпе, хапала дамоў узведзеных яшчэ ў пачатку ХХ ст. і таму новых будоўляў у 1920−30-х гг. было адносна нямнога.
Калі браць цікавыя міжваенныя дамы ў стылі функцыяналізму (канструктывізму), то іх можна пералічыць на пальцах дзвюх рук: будынкі тытунёвай фабрыкі, банк на Карбышава, Дом Афіцэраў, некалькі цікавых жылых асабнякоў. І бадай што адзіны на сёння прыклад будынка, які набыў рысы функцыяналізму пры перабудове, а не быў выбудаваны з нуля. Гэта акурат офіс Беларусбанка ў самым пачатку вуліцы Ажэшкі.
На плане Гродна 1753 г. на гэтым месцы пазначаны палац Браніцкага, «побач афіцына і іншыя будынкі, фундамент з вогнестойкага [матэрыялу]». План 1795 г. адзначае тут ужо толькі драўляную забудову, тады як на плане 1823 г. гэты пляц наогул пусты.
На планах 1831 г. і 1832−1833 гг. тут з’яўляюцца дзве драўляныя пабудовы. На карце 1850−1851 гг. на гэтым месцы ўказаны два каменныя дамы, а ў пачатку XX ст. тут працавала прадпрыемства Шалома Ялпера па вырабу ліманада і содавай вады.
Наш дом ужо існаваў у пачатку ХХ ст. і быў уласнасцю купца Мендэля Маісеевіча Эльяшэвіча (Эльяшава) з жонкай Ціпай Якаўлеўнай. У галоўным корпусе каменнага будынка знаходзіліся кантора гаспадара, крама М. Ліпшыца, гадзіннікавая майстэрня Гальдштэйна, банкірская кантора купца Эльяшава, кварціра прысяжнага паверанага Крамарава, фотаатэлье І. Крэйцара, аптэчная крама Л. Баткоўскага (1903 г.), аптэчная крама Разэнталя (1910 г.). Верагодна, пазней Эльяшаў набыў суседні ўчастак і адчыніў гатэль «Швейцарыя» (ён жа — гатэль «Нью-Ёрк»).
Будаўніцтва планавалася з размахам, на ўсё было выдзелена 70 тысяч злотых. Але да 1938 г. працы так і не пачаліся, бо наймальнікі памяшканняў не хацелі з’язджаць. Радны Юркевіч нават прасіў гарадскую раду адклікаць сваё рашэнне аб перадачы будынка камунальнай касе. Аднак наймальнікаў усё ж выселілі і будынак да вайны паспелі перабудаваць.
У выніку напярэдадні Другой Сусветнай вайны горад атрымаў паўнавартасны банкаўскі будынак з кратамі на вокнах ды спецыяльнымі памяшканнямі для захоўвання каштоўнасцей і грошай.
Генрык Усціла нарадзіўся ў 1929 годзе ў Гродне на вуліцы Брыгіцкай. У 1935 годзе яго…
Агароджа на мяжы Польшчы і Беларусі дзеліць Белавежскую пушчу на дзве часткі. Па абодва бакі…
Ягор з партнёркай перажылі тры пераезды і вайну, і калі вонкавага лайна стала менш -…
Сто гадоў таму ў Гродне адбылося самае гучнае забойства 1925-га: у цэнтры гораду забілі вядомага…
Напярэдадні Дня святога Валянціна ўсё больш жанчын у свеце адзначаюць Дзень Галентайна - жаночага сяброўства.…
Масленіца ў гэтым годзе прыпадае на 2 сакавіка, а масленічны тыдзень пачынаецца з 24 лютага.…