Юбілей адной гравюры, альбо чаму гродзенцам варта паказаць сваю годнасць

У 1568 годзе ў Нюрнбергу з-пад друкарскага прэса выйшла гравюра, якая адразу прыцягнула ўвагу адукаваных еўрапейцаў. Яе неаднаразова капіявалі іншыя граверы, а яе персанажы траплялі на старонкі энцыклапедый. Гравюра зрабіла вядомым імя нашага горада на агульнаеўрапейскім узроўні.

Але што абумовіла такую папулярнасць гравюры і пры чым тут Гродна? Справа ў тым, што праца творцы, знакамітага гравёра Мацея Цюндта, адна з першых падрабязна распавяла пра падзеі з усходняга ўскрайка Еўропы — цікавага, але на той час малавядомага рэгіёна.

Гравюра, якая завецца «Сапраўдная выява горада Гродна ў Літве», адлюстроўвае наш горад падчас сустрэчы замежных пасольстваў у ліпені 1567 года.

Ідэя

Каманда hrodna.life мае шэраг прапаноў па папулярызацыі гродзенскай гравюры як гарадскога брэнда і яе замацаванні ў культурнай прасторы горада.

Чаму гэта варта зрабіць

Наступны, 2018-ы год для гравюры юбілейны — у ім яна адзначыць сваё 450-годдзе. Але не менш святочная гэтая падзея і ўласна для Гродна — менавіта тады быў упершыню намаляваны з натуры беларускі горад. Гэты факт сведчыць аб прысутнасці Гродна ў тагачаснай еўрапейскай культурнай прасторы, яго значнасці ў гісторыі нашай краіны і рэгіёна.

Мы, гродзенцы, любім падкрэсліваць свае багатыя культурныя традыцыі, таму адзначыць 450-гадовы юбілей гравюры — справа нашага гонару. Рэалізацыя ідэй паспрыяе паляпшэнню турыстычнага іміджа горада, палепшыць яго прываблівасць сярод наведвальнікаў.

Дадатковай спрыяльнай умовай з’яўляецца правядзенне ў чэрвені 2018 года XII фестывалю нацыянальных культур у Гродне, які стварае ўсе умовы для рэалізацыі падчас свята шэрагу культурных мерапрыемстваў, прысвечаных гораду на гравюры.

Што дзеля гэтага трэба

Каб рэалізаваць запланаванае (а мы маем на гэта 12 месяцаў), нам патрабуецца:

  • згода гарадскіх улад;
  • зацікаўленасць гараджан і гатоўнасць да супрацоўніцтва;
  • спонсарская падтрымка.

Сутнасць праекта

Мы прапануем гораду на абмяркаванне 4 ідэі, якія распавядуць гродзенцам і гасцям горада аб гравюры «Vera designatio Urbis in Littavia Grodnae» («Сапраўдная выява горада Гродна ў Літве»)

  • Усталяваць на агляднай пляцоўцы на вул. Дарвіна інфармацыйныя стэнды з выявамі гістарычных пананарам Гродна, у тым ліку і гравюры 1567 года. Яе стварэнне, як стала вядома нядаўна, ужо запланавана гарадскімі ўладамі, але выкарыстанне графічных выяў зробіць яе больш інфарматыўнай.
  • Стварыць вялікафарматную выяву-копію гравюры на сцяне будынка альбо плоце ў гістарычным цэнтры горада. На сённяшні дзень гравюра ўжо прысутнічае ў гарадской прасторы, але недастаткова — яе фрагменты выкарыстоўваюцца ў аздабленні крамы «Баторыя», а таксама дома па вул. Ажэшкі. Раней існавала вялікая фрэска з выявай гравюры на будынку кафе «Кронан», але падчас рэканструкцыі яна была страчана. Мажліва прыцягненне вулічных мастакоў.
  • Правесці вулічнае анімаванае шэсце ці гістарычную рэканструкцыю «Сустрэча пасольстваў» па матывах сюжэта гравюры. Мэтазгодна зрабіць гэта падчас святочных мерапрыемстваў XII фестываля нацыянальных культур, які пройдзе ў чэрвені 2018 года. Гэта дазволіць, па-першае, прыцягнуць да ўдзелу творчых прадстаўнікоў фестывалю нацыянальных культур, вулічныя тэатры ці тэатры агню, а таксама зрабіць праграму фестывалю больш разнастайнай.
  • Арганізаваць выставу, прысвечаную Гродна на еўрапейскай гравюры, у тым ліку экспанаванне арыгінала гравюры 1567 года. Мажлівы перамовы з культурнымі ўстановамі-уладальнікамі артэфакта (асобныя копіі захоўваюцца ў Вільні, Варшаве, Кракаве, Львове, Санкт-Пецярбургу).

Падабаецца нашая ідэя? Лічыш яе вартай рэалізацыі? Хочаш, каб усё гэта з’явілася ў гарадской прасторы Гродна? Падзяліся гэтым артыкулам з сябрамі, у сацыяльных сетках, няхай больш людзей яго пабачаць і прачытаюць!

Падзяліцца

Апошнія запісы

Гайд па bubble tea ў Гродне: вывучылі цэны, смакі і водгукі

Зараз у Гродне працуюць тры ўстановы, якія спецыялізуюцца на bubble tea. Пакаштаваць азіяцкі чай можна…

14 мая 2025

Парады Караеву: топ-5 месцаў Гродна і вобласці, якія можна ўзяць штурмам

У Слоніме і Лідзе плануюць паўтарыць гродзенскі "штурм Рэйхстага". На думку старшыні Гродзенскага аблвыканкама Юрыя…

13 мая 2025

«Раней падумалі б: пацыенту мроіцца, што яго праследуе псіхіятр». Як беларускія ўрачы працуюць у Польшчы і нават сустракаюць былых падапечных

Штораніцы поўныя цягнікі вязуць жыхароў Прушкава, што пад Варшавай, на працу ў сталіцу. Але ёсць…

10 мая 2025

«Скажуць раздаваць сцяжкі — раздам». Задалі адны і тыя ж пытанні выпускніцам ВНУ з Беларусі і Польшчы

Навучальны год набліжаецца да канца, і хутка выпускнікі будуць абараняць дыпломы і здаваць апошнія экзамены.…

6 мая 2025

Дапамога адрозніваецца ў 33 разы. Параўналі, як Польшча і Беларусь змагаюцца з беспрацоўем

У Польшчы беспрацоўныя атрымліваюць штомесячную дапамогу каля 1500 злотых (або прыкладна 400 долараў) на рукі.…

5 мая 2025

ВНУ Гродна змагаюцца з «моладзевым экстрэмізмам» па прыкладзе Расіі: шукаюць скінхэдаў, металістаў і спартсменаў

Як стаць маладым экстрэмістам? Быць "залатой моладдзю", слухаць хардкор і насіць клятчастую понамку. Так лічаць…

30 красавіка 2025