Як клапаціцца пра здароўе сардэчна-сасудзістай сістэмы? Што рабіць, каб дапамагчы арганізму паўнавартасна функцыянаваць, а чаго лепш пазбягаць? Пра гэта на сустрэчы з гарадзенцамі ў этнакраме «Цудоўня» расказаў Алесь Спіцын, мінскі біёлаг, які займаецца вывучэннем лекавых раслін.

Па словах Алеся Спіцына, здароўе сасудаў - гэта адзін з найважнейшых складнікаў здароўя чалавека, таму што харчаванне любой тканкі залежыць ад таго, наколькі добра туды падыходзіць кроў, наколькі добра гэтая кроў насычана кіслародам і іншымі харчовымі рэчывамі. Ад здароўя сасудаў у многім залежыць стан чалавека ўвогуле.

Пра што ж неабходна памятаць, каб захаваць свае сасуды здаровымі?

Найлепшы пачатак дня — зарадка

«Перш, чым ужываць якія-небудзь зёлкі, і тым больш перш, чым ужываць якія-небудзь прэпараты, неабходна навучыцца выкарыстоўваць унутраныя рэсурсы нашага арганізма. Пакуль мы не выкарыстаем унутраныя рэсурсы нашай сістэмы, знешнія рэсурсы ў выглядзе зёлак, лекаў будуць малаэфектыўнымі», — упэўнівае Алесь Спіцын.

Алесь Спіцын вучыць удзельнікаў сустрэчы правільна рабіць ранішнюю зарадку
Алесь Спіцын вучыць удзельнікаў сустрэчы правільна рабіць ранішнюю зарадку
Станам свайго арганізма можна кіраваць пры дапамозе правільна арганізаванага руху. Паводле рэкамендацый як айчынных навукоўцаў, так і усходніх практык, прачнуўшыся, не варта адразу ўставаць з ложка. Неабходна сесці, расцерці павекі, лоб, скроні, мочкі вушэй, пальцы. Зойме такая працэдура не больш за паўхвіліны. Аднак трэба памятаць: людзям са схільнасцю да тромбаўтварэння расціраць пальцы нельга.

Устаўшы з ложка, варта працягнуць рухацца — страсянуць ногі, рукі. Гэта неабходна для таго, каб расцягнуліся мышцы. Ранішняя зарадка павінна быць мяккай, без рухаў, якія істотна нагружаюць мышцы.

3-2

Алесь Спіцын раіць выконваць з раніцы комплекс практыкаванняў гімнастыкі па Стрэльнікавай (у інтэрнэце лёгка можна знайсці відэаўрокі). Такая трэніроўка насыціць арганізм кіслародам, дапаможа яму «запусціцца, пачаць працаваць». Дзякуючы ёй у дастатковай ступені прапрацуюцца ўсе скелетныя мышцы і суставы.

Гімнастыку можна спрашчаць для тых людзей, якія не могуць выканаць яе ў поўным аб’ёме. Паказчыкам эфектыўнасці трэніроўкі стануць далоні - на іх выступяць чырванаватыя плямкі. Супрацьпаказана гімнастыка па Стрэльнікавай людзям са схільнасцю да дыхавіцы (задышкі).

Мэта трэніроўкі дасягнута - далоні сталі плямістымі
Мэта трэніроўкі дасягнута — далоні сталі плямістымі

Ранішнія прабежкі вядуць да інфаркту

Алесь Спіцын узгадаў гісторыю-байку аб тым, як пасля прыезду Буша ў Савецкі Саюз недзе на мяжы 80-х — 90-х гадоў беларускі навуковец, прафесар М.І. Арынчын напісаў яму ліст з папярэджаннем: калі той і надалей працягне бегаць па раніцах, яго чакае інфаркт. На гэты зварот ніхто не звярнуў увагі: нейкі прафесар з нейкай Беларусі нешта напісаў, прытым не па афіцыйных каналах. Пра ліст узгадалі толькі тады, як у Буша сапраўды здарыўся інфаркт. Арынчына запрасілі ў кансіліум, які распрацоўваў рэабілітацыю.

«Гэта звязана з тым, што з раніцы бегаць і ўвогуле з раніцы моцна нагружацца можа толькі вельмі здаровы чалавек, якому не шкада траціць сваё здароўе на гэтую справу, — тлумачыць Алесь Спіцын. — Калі мы ляжым, спім, у нас працуе толькі адно сэрца. Кровазварот не вельмі актыўны, і сэрца спакойна пракачвае кроў праз усю капілярную сетку, праз усе сасуды. Кроў затым нармальна вяртаецца ў сэрца.

Калі мы ўстаем, на нашу кроў адразу ж пачынае дзейнічаць сіла гравітацыі зямлі, і кроў актыўна падае ўніз. А назад ёй прыходзіцца вяртацца дзякуючы мышцам вен і дзякуючы сардэчнаму ціску. А мышцы яшчэ не расцягнуліся, не пачалі актыўна працаваць".

У выніку сэрца катастрафічна напружваецца і з часам пачынае здаваць, не вытрымліваючы такіх нагрузак.

5

Пачынаючы дзень з ранішняй зарадкі, памятайце: пасля сну не дапушчальныя сур’ёзныя нагрузкі на мышцы. З ранку падыдзе або кіслародна-нейтральная трэніроўка (з лёгкімі, не абцяжарваючымі арганізм рухамі), або трэніроўка, якая насыціць кроў кіслародам (напрыклад, ужо згаданая гімнастыка па Стрэльнікавай). Усе цяжкія спартовыя трэніроўкі павінны ажыццяўляцца пасля абеду і не менш чым за гадзіну да сну.

6-1

Захаваць здароўе сасудаў дапамогуць зёлкі

Для паўнавартаснага функцыянавання сасудаў арганізм мае патрэбу ў рэчывах, якія называюцца антыаксіданты.

Алесь Спіцын лічыць, што насыціць сасуды неабходнымі антыаксідантамі найлепш дапамогуць зёлкі і іншыя натуральныя прадукты, і прапануе рэцэпт, які жартам называе «аджыкай».

4 вялікія яблыкі і 1 цыбуля памерам з яблык націраюцца на тарцы. Сюды ж дадаецца адзін зубок часнака, таксама нацёрты ці расціснуты. Усё перамешваецца. Калі яблыкі з супермаркета, папярэдне здымаецца скурка, бо хутчэй за ўсё яна пакрыта парафінам.

Сумесь, што атрымалася, неабходна з’есці цягам дня. Можна саму па сабе, можна ў якасці дадатку — напрыклад, да кашы ці макарон. Зімою карысным будзе дадаць яшчэ і расцертыя парасткі пшаніцы, ячменю ці аўса.

7-ales-spitsyin

Сярод прадуктаў, багатых на антыаксіданты, Алесь Спіцын называе і вядомую сваімі ўнікальнымі асаблівасцямі зялёную гарбату.

А вось людзям з сасудзістай адчувальнасцю да надвор’я раіць такі збор з зёлак: хвошч палявы (3), трыпутнік вялікі (2), суквецці канюшыны ружовай або белай (1), пустырнік (2), ваўчкі (2). Лічбамі пазначаны прапорцыі, у якіх варта ўзяць лекавыя травы.

Пры спастычных галаўных болях, звязаных са спазмам сасудаў, дапаможа адвар канюшыны, духмянага рамонка ці яруткі (манжетки). Піць яго трэба курсам працягласцю ў 3 месяцы.

Алесь Спіцын нагадвае, што выкарыстанне зёлак і іншых натуральных прадуктаў для прафілактыкі захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы будзе эфектыўным толькі пры дастатковым узроўні руху. Дастатковым — гэта значыць адпаведным здароўю кожнага канкрэтнага чалавека, максімальным, які можа сабе чалавек дазволіць, застаючыся здаровым.