У пад’ездзе дома гродзенкі Юліі Каляды ў самым цэнтры Гродна паверх зялёнай алейнай фарбы растуць кветкі, лётаюць птушкі, бачная панарама горада. Малюнкі на сценах яна зрабіла законна разам з сябрамі. Расказваем, колькі грошаў і часу на гэта пайшло, а таксама навошта наогул такое мастацтва.
«Я не ўспрымаю свой пад’езд, як прастору, дзе хочацца быць»
— Хочацца, таму і раблю, — кажа Юля пра прычыну ўпрыгожвання. — Мы жывем у хрушчоўцы. Пад’езд памаляваны зялёнай і белай фарбай. Я не ўспрымаю яго, як прастору, у якой хочацца знаходзіцца. Звычайны стан пад’езда не задавальняе мяне і некаторых іншых суседзяў.
— Вяртаешся пасля працы, заходзіш у пад’езд: выгляд у яго не самы прыемны, непрыемны пах ад катоў.
Начальнік ЖЭС адразу даў дабро
Першым крокам да ўтульнасці стала размалёўка сцен. Малюнкі дзяўчына абірала сама. Хоць сімпатызуе сучаснаму мастацтву, стрыт-арту, але спынілася на спакойных графічных выявах галінак, кветак, птушак і будынкаў горада.
Эскізы дзяўчына зацвердзіла ў ЖЭС пры асабістай сустрэчы з начальнікам. Начальнік не быў супраць і далейшых планаў добраўпарадкавання двара.
З суседзямі камунікавалі праз папяровыя абвесткі
Камунікацыя з суседзямі ішла праз папяровыя абвесткі ў пад’ездзе.
— Я павесіла карткі, што на тыдні мы будзем размалёўваць сцены пад’езда: «Спадзяюся, вы не супраць». Раней па іншых нагодах на такіх абвестках ішла доўгая перапіска. А тут ніхто не абураўся. І так добра, — кажа Юля.
Зноў жа праз абвесткі суседзі даведаліся, што перад размалёўкай пад’езд будуць мыць. Некаторыя далучілся са сваімі вёдрамі і анучамі.
З выразкай трафарэтаў бясплатна дапамагла студыя «Макей».
Каля 30 рублёў пайшло на закупку матэрыялаў: акрылавая фарба, пэндзлі, скотч. Фарбавалі Юля і чацвёра яе сяброў, як валанцёры. Увесь працэс доўжыўся каля шасці гадзін цягам двух дзён.
«Як гэта, ён умее, а я не?»
Чаму людзі прысвяцілі столькі часу не свайму пад’езду? Бадай што, іх захапіў энтузіязм Юлі ды захацелася па-сяброўску дапамагчы.
— Я ведаю, наколькі цяжка, калі ты кажаш і няма водгуку. Таму важна ў такім актывізме адно аднаго падтрымліваць. Акрамя таго, мы, як дарослыя дзеці, любім нечым мерацца. Адзін дасягнуў поспеху, размаляваў прыгожа пад’езд. Іншы тады думае: «Як гэта, ён умее, а я не?» — разважае Алена Майсюк.
Яшчэ ў адной дзяўчыны Юлі з каманды «мастакоў» праца не звязаная з творчасцю, таму такая дзейнасць для яе — добры спосаб адпачыць.
Сябар Юлі Андрэй прызнаецца, што па ўласнай ініцыятыве не займаўся б расфарбоўкай:
— Юля загарэлася. Я вырашыў яе падтрымаць, хоць раней такой творчасцю не займаўся. Спадабалася, атрымаў задавальненне.
Жыхарка пад’езда Наталля адзначыла, што малюнкі патрэбныя для настрою, утульнасці, каб было па-хатняму і не падобна да іншых дамоў.
У планах — сад камянёў, клумбы, муралы
Малюнкі на сценах — толькі першы этап вялікага праекта Юліі Каляды «Утульны дворык у цэнтры Гродна».
У планах — разбіць больш клумбаў на газонах, стварыць сад камянёў, размаляваць трансфарматарную будку каля пад’езда выявамі горада, напрыклад, муралам з Фарай Вітаўта, павесіць у пад’ездзе свяцільнікі замест лямпачак.
[irp posts="45 077″ name="У межах конкурса праектаў #Паскарэнне можна прайсці бясплатны курс па асновах ментарынгу"]
— Веру, што атрымаецца, бо маю мільён жаданняў, — кажа Юля.
[irp posts="44 287″ name="Застаўся адзін дзень, каб выйграць 6000 рублёў у конкурсе #Паскарэнне (+прыклады класных праектаў)"]