Беларусь застаецца апошняй краінай Еўропы, дзе захавалася смяротнае пакаранне. Найвышэйшая мера «сацыяльнай абароны» з’яўляецца выключнай і прыводзіцца ў выкананне шляхам расстрэлу. У самым Гродне даўно нікога не расстрэльваюць, а вось у даўнія часы пакаранне смерцю было распаўсюджанай практыкай.

Катавалі не надта вытанчана

Смяротнае пакаранне за цяжкія злачынствы прадугледжвалі розныя заканадаўчыя акты, якімі карысталіся на нашых землях у Сярэднявеччы. Найперш тое былі Статуты Вялікага княства Літоўскага, але ў рашэннях судоў можна знайсці спасылкі на рымскае права, на каноны каталіцкага касцёла, на догмы праваслаўнай царквы і на сярэднявечныя дакументы.

Рубілі на кавалкі, саджалі на кол і проста вешалі. Як каралі смерцю ў Гродне ў даўнія часы
Кніга Барталамея Граіцкага «Магдэбургскія артыкулы». У XVI-XVII стст. служыла крымінальна-працэсуальным кодэксам Рэчы Паспалітай
Напрыклад, «крымінальна-працэсуальным кодэксам» той эпохі былі «Магдэбургскія артыкулы» Барталамея Граіцкага, якія вызначалі парадак следства па крымінальных справах. Калі падазраваны ў цяжкім злачынстве не быў злоўлены на «гарачым учынку», то важным сведчаннем віны маглі быць ягоныя паказанні пад час катаванняў. У Гродне падазраваных у 17 ст. катавалі не асабліва вытанчана — расцягвалі на дыбе або падсмажвалі часткі цела запаленай свечкай або пучком саломы. Праўда, першы допыт ніколі не прадугледжваў катавання — да яго прыступалі толькі маючы на падазраванага пэўныя доказы.

За што маглі прысудзіць да смерці?

Важным момантам у працэсе следства і вынясення прысуду быў цяжар злачынства. Да смерці прыгаворвалі за забойства або рабаванне звязанае з цяжкімі цялеснымі пашкоджаннямі, але маглі прыгаварыць да смерці і за такія рэчы, якія сёння ніяк не трапляюць у катэгорыю цяжкіх або наогул злачынствамі не лічацца — пералюб (як правіла сістэматычны з іншаверцамі), аборт (але таксама часцей як выключэнне), святатацтва (абкраданне святыні) і чарадзейства.

Для шляхціцаў - лягчэйшая смерць

Выключнае значэнне меў сацыяльны статус і веравызнанне прыгаворанага. Праўда, у познім Сярэднявеччы і Новым Часе шляхецкі стан не выратаваў бы вас ад смерці ў выпадку цяжкага злачынства, але памерлі бы вы куды больш лёгкай смерцю чым просты селянін або мяшчанін-яўрэй.

«Эвалюцыя»: ад шыбеніцы да насаджвання на кол

Права на ўласнага ката і вынясенне смяротных прысудаў Гродна атрымаў разам з Магдэбургскім правам у 1496 г. Месца для вісельні абралі хутка і ўжо на знакамітай гравюры Мацея Цюнта з 1568 г. добра бачная капітальная канструкцыя, на якой вісіць цела злачынцы.

Рубілі на кавалкі, саджалі на кол і проста вешалі. Як каралі смерцю ў Гродне ў даўнія часы
Гродна XVI ст. на гравюры Г. Адэльгаўзэра з кнігі Г.Браўна «Гарады Свету»

Рубілі на кавалкі, саджалі на кол і проста вешалі. Як каралі смерцю ў Гродне ў даўнія часы
Гарадская вісельня на гравюры Мацея Цюнта, г. Гродна. 1568 г.
Шыбеніца, хаця і парослая травой, але моцная — адразу на пяць-шэсць вісельнікаў. Знаходзілася яна недзе ў раёне дарогі на Скідзель, каля сучаснага галоўнага выезда з Гродна. Недзе тут злачынцаў, як крымінальных так і палітычных (ужо ў часы Расійскай Імперыі), каралі смерцю нават у другой палове 19 ст.

Цікава, што калі ў 16 ст. сімвалам смяротнага пакарання была вісельня, то ў 17 і 18 стст. жорсткасць выканання прысудаў заўважна вырасла — у ход пайшлі чацвертаванне, адсячэнне галавы і нават насаджванне на кол.

Жыдоў рубілі на кавалкі, шляхціцу адсякалі толькі галаву

Найбольш жорстка каралася забойства. Напрыклад, у 1760 г. некалькі рабаўнікоў, яўрэяў і хрысціян, напалі на дом аднаго гараджаніна, абрабавалі яго і цяжка збілі жыхароў. Пры гэтым адзін чалавек, уніяцкі святар, у выніку памёр.

Прысуд быў жорсткі - забойцу-хрысціяніна пасадзілі на кол (палю), яўрэяў, якія прынялі перад смерцю хрысціянства, пазбавілі жыцця праз адсячэнне галавы, а вось тых, што засталіся іўдзеямі, замучылі крута. Ім адсякалі часткі цела і палівалі адсечаныя месцы смалой і серай і толькі пасля адсяклі галаву.

Рубілі на кавалкі, саджалі на кол і проста вешалі. Як каралі смерцю ў Гродне ў даўнія часы

Звярніце ўвагу, якую вялікую ролю мела веравызнанне! У тагачасных дакументах было напісана, што калі іўдзей прымаў перад смерцю хрост, то яго каралі як шляхціца — проста адсякалі галаву мячом. Пагадзіцеся, гэта куды лепш чым быць насаджаным на палю, або разрубленым жыўцом на кавалкі.

Абакраў царкву — на вогнішча

Жорстка каралася святатацтва. У 1672 г. Ян Тучка па намове яўрэя Азыка Якубовіча абакраў цудоўны абраз Марыі Панны ў гродзенскай Прачысценскай царкве. Ён ноччу ўзламаў замок царквы і вынес са святыні сярэбраную карону з дыяментамі і залатой ружай, вотыўныя табліцы, срэбра, перлы і пярсцёнкі.

Як высветліла гісторык Наталля Сліж, частку Тучка спрадаў Якубовічу, а частку закапаў недзе пад Пераломам. За гэта злачынства Тучку прыгаварылі да спалення ў адпаведнасці са Статутам ВКЛ. Пры чым перад спаленнем яму мусілі адсекчы руку. Прысуд, мабыць, быў выкананы, але руку адсякаць злачынцу не сталі.

Цікава, ці ляжаць дзе ў зямлі пад Пераломам золата і срэбра з Гродна?!

Як злачынцы пазбягалі смерці

Час ад часу выключныя абставіны забойства або цяжкага злачынства дапамагалі злачынцам пазбегнуць смерці. Напрыклад, у 1669 г. памочнік гродзенскага ката Мацей Грабоўскі забіў самаго ката Марціна Загурскага, які кінуўся на яго са зброяй (прафесія яўна не спрыяла псіхічнаму здароўю). Памочніка прыгаварылі да смерці, але пасля перадумалі, прыгаварыўшы яго даглядаць жонку забітага і… выконваць абавязкі ката ў горадзе. Вось дзе папулярная прафесія была!

Рубілі на кавалкі, саджалі на кол і проста вешалі. Як каралі смерцю ў Гродне ў даўнія часы
Падвешанне за рэбры
Або яшчэ адна гісторыя. Падчас вайны з Масквой, а тады была жудасная анархія, рамеснік-гарбар Юркевіч абакраў гродзенскую Чэснахрэсцкую царкву і ўцёк з горада. Праз пяць гадоў яго злавілі і павінны былі пакараць смерцю, але гарбары папрасілі магістрат абмежавацца выгнаннем Юркевіча з Гродна і той прыслухаўся да іх прапановы.

Неапраўданасць пакарання

Некаторыя смяротныя пакаранні ўражваюць сваёй неапраўданасцю. Напрыклад, у 1759 г. была прыгавораная да адсячэння галавы жанчына, якая забіла свайго трохгадовага дзіцёнка. На судзе яна сцвярджала, што забівала асла. Паводле меркавання каталіцкіх манахаў, яна яўна мела псіхічнае захворванне, але ўсё адно атрымала смяротны прысуд.

Адзінай палёгкай для яе стала лёгкасць смерці, бо паводле рымскага права за забойства дзіцяці-сваяка яе павінны былі ўтапіць разам з чатырма жывымі жывёламі - малпай, пеўнем, змяёй і сабакам. Гэта была так званая Poena cullei — казнь у мяшку — старое рымскае пакаранне, якое прыраўноўвала пакаранага да гэтых жывёлаў.

Што сказаць, калі ў канцы 18 ст. яшчэ толкам не маглі адрозніць вар’яцтва ад нармальнасці, то ўжо хаця разумелі, што тапіць чалавека разам з жывёламі - глупота.

Рубілі на кавалкі, саджалі на кол і проста вешалі. Як каралі смерцю ў Гродне ў даўнія часы
Статут ВКЛ. 1588 г.
Другі выпадак — пакаранне ў 1790 г. на гарадскім рынку смерцю яўрэя быццам за атручванне двух хрысціянскіх дзяцей з мэтай выкарыстання іх крыві ў рытуальных мэтах. Нават у другой палове 18 ст. было відавочна, што такое абвінавачанне — глупства, але «тэорыя» аб «крывавым навеце» жыве дасюль. Яшчэ ў 19 ст. дзесяцігоддзямі цягнуліся працэсы па абвінавачанні яўрэяў у рытуальных забойствах.

«Вядзьмарскія» справы

А вось калі вы былі падазраваныя ў чараўніцтве — то вам пагражала спаленне жыўцом. Гісторык Наталля Сліж знайшла звесткі пра чатыры «вядзьмарскія» справы ў Гродне 17 ст., дзве з якіх былі адкінутыя судом як недаказаныя, а вось па дзвюх — асабліва па справе знакамітага чараўніка-каваля Максіма Знака, павінны былі вынесці смяротныя прысуды шляхам спалення. Ці спалілі каго — дакументаў няма, падкрэслім толькі, што і гэтыя прысуды выносілі свецкія суды, а не інквізіцыя.

Рубілі на кавалкі, саджалі на кол і проста вешалі. Як каралі смерцю ў Гродне ў даўнія часы
Спаленне на вогнішчы

Навінкі: расстрэлы і Сібір

У 19 ст. колькасць брутальных смяротных пакаранняў у Гродне рэзка знізілася, але новы светапогляд прабіваўся надзвычай марудна. Па-ранейшаму квітнелі фізічныя пакаранні і горад, а пасля ўжо расійская турма, падоўгу шукалі для сябе катаў і вісельня працавала спраўна. Новая эпоха несла свае «сюрпрызы» ў выглядзе расстрэльных камандаў для палітычных злачынстваў ды сібірскай катаргі, якая забівала не горш за меч або сякеру ката.