У гродзенскіх Пышках 20 чэрвеня ўспыхнуў узброены канфлікт паміж Паўночным і Паўднёвым Аталкордам. Аўтаматныя чэргі ірвалі лясную цішу. Санітары бінтавалі параненых. Бежанцы прарываліся праз зону баявых дзеянняў. Ваенізаванай лазертаг-гульнёй Чырвоны Крыж адзначыў Міжнародны дзень бежанца. Вайскоўцамі, валанцёрамі і ўцекачамі на некалькі гадзін сталі жыхары горада.
«Вакол – баявыя дзеянні. Ваюе падзеленая краіна – Паўночны і Паўднёвы Аталкорд. Трымайце пашпарты. Вам трэба дабрацца да бяспечнага месца, дзе вас прымуць. Калі не прымаюць – бяжыце далей», – такія інструкцыі даў уцекачам рэгіянальны каардынатар з Чырвонага Крыжа Валер Краеўскі.

Пытанняў у бежанцаў застаецца шмат. Адказы на іх, як і логіку канфлікту, шукаць няма часу. Не можаш біць – бяжы. На вайне, як на вайне – іншага не дадзена. Адзіная гульнявая палёгка – няма «забітых». Усіх пацярпелых абавязкова ўратуюць.
«Лёха, я паранены, трымайся сам!»
«Яны бягуць, але іх нельга пускаць на нашу тэрыторыю. Тут лінія фронту, гэта мяжа» – тлумачыць адзін з салдатаў Паўночнага Аталкорду сваё разуменне задачы. І кінуўшы беглы позірк у мой бок дадае: «Прыкрыйся, насупраць вораг. На 11 гадзін – снайпер».
Што салдат не памыляўся, робіцца ясна праз пару хвілін. Пасля чарговай спробы выглянуць з-за вугла абруч на яго галаве успыхвае чырвоным святлом. «Паразіт», – цэдзіць скрозь зубы вайсковец. «Лёха, я паранены! Трымайся сам» і сыходзіць услед за санітарам.

Хвіліну цішы ловяць бежанцы. Двое дзяўчат перабягаюць паляну і паспяваюць схавацца за драўлянай сцяной сховішча.
– Рэгістратар №3. У нас бежанцы. Дзве сястры. Ёсць параненыя, – трашчыць рацыя
– Прымайце!
Дзяўчаты сядзяць, прытуліўшыся спінамі да дошак.
– Чаму вы адны?
– Бацькоў згубілі. У нас там вайна, бяжым у Паўднёвы.
– А бацькі жывыя?
Бежанкі пераглядаюцца паміж сабой, паціскаюць плячыма. Пра блізкіх яны нічога не ведаюць, ды і пытацца няма ў каго.

«Ваюем за Радзіму!»
З другога боку лініі фронта сітуацыя не менш напружаная.
– Як справы, камандзір?
– Выдатна. Адбіваем атаку.
– За што ваюеце?
– За Радзіму, канечне. Паўднёўцы – захопнікі, кроў гарачая. Не сядзіцца на сваёй тэрыторыі
– А як сёння з бежанцамі?
– Эх, дарма яны сюды сунуцца. Лезуць пад кулі. Параненых шмат. Стараемся не падстраліць уцекачоў, але ўсяго не адсочыш. Тут усё хутка – хто бяжыць з іншага боку – той вораг. Спачатку страляеш, потым думаеш. Гэта рэфлекс. Інакш праціўнік стрэліць першым. А бежанцы, яны ж маскіравацца не ўмеюць. Па глупству падстаўляюцца. Хто выбег, той кулю і злавіў.

На пункце ў рэгістрацыі №1 ізноў ажывае рацыя: «У нас паранены!». Побач хлопец у чырвонай цішотцы трымаецца рукой за галаву. Вібруюць чырвоныя лямпачкі.
– Страшна было. Шмат прышлося пабегаць. З супрацьлеглага боку стартавалі, а прынялі толькі тут. Вакол страляюць, не ведаеш, адкуль куля прыляціць.
– Навошта беглі?
– Дома вайна.
– Тут думаеце лепш будзе?
– Хто ведае…
Параненага забірае санітар. Яго ўжо чакаюць валанцёры з насілкамі, каб данесці да пункта першай дапамогі.

Белы бінт, Чырвоны Крыж
– Тут рана сцягна. Куды яго?
– Наташа, пальчаткі! Хутка!
– Як вас завуць, скажыце прозвішча?
– У нас паранены! Жывот. Сюды тэрмінова! Пакінь пакуль таго, што з рукой.
У шпітальным шатры кіпіць праца.

– Дзяўчаты, шмат людзей сёння?
– Шмат. Не ведаеш, за што ўхапіцца. Салдаты, бежанцы – бывала, трох адначасова прыносілі. Але сёння нам добра – па гульні мы дакладна ведаем, што можам уратаваць усіх.
– Вітанкі! Нарэшце і цябе паранілі! – сустракаюца ў шатры Чырвонага Крыжа байцы варожых армій, а насамрэч сябры-валанцёры з гродзенскага атрада Чырвонага Крыжа. Аднаму тым часам бінтуюць нагу, другому – плячо.

З пункта першай дапамогі ўдзельнікі зноў выпраўляюцца ў зону баявых дзеянняў. Салдаты – ваяваць, бежанцы – шукаць бяспечнага прыстанішча.
Людзі шукаюць прытулку
Пункты прыёму бежанцаў месцяцца паміж ваюючымі бакамі, пад кулямі з абодвух накірункаў.
– Людзі бягуць, шукаюць прытулку. Прымаем, каго можам. Астатніх выпраўляем назад. Відаць, што ў пэўны момант уцекачамі пачынае кіраваць пачуццё страху.
– А самім не страшна? Вы ж таксама пад кулямі.
– Хтосьці павінен ім дапамагаць, – паціскае плячыма Валянціна Гардзіеўская.

Па жыцці жанчына – фінансіст. А ў гульні разам са студэнткай музычнага каледжа Янай Якутай яны – рэгістратары і прымаюць бежанцаў.
На іх пасту ўжо чакае адпраўкі ў мірную зону сям’я Курыдзэ. Насамрэч – гэта Павел і Марына Поўныя. У Марыны – павязка на галаве. Абодва шырока ўсміхаюцца.
«Па гульні мы бежанцы, і вось нарэшце дабеглі. А па жыцці таксама сям’я. Тут мы вырашылі экстрымальна правесці адзін з дзён адпачынку. Было крута! Але калі паранілі, то ўспомніла, што дома чакаюць двое дзяцей. Не дай бог такога насамрэч», – расказвае Марына.
– Павел, а як жонку паранілі?
– Ды я не ведаю. Яна адбілася недзе, не мог яе знайсці. Шукаў па лесе, па кустах хаваўся. Каб адзін, даўно б перабег. Але ж не кінеш. Ды і па гульні Чырвоны Крыж толькі сем’і прымаў.

Не жаночае аблічча вайны
Жанчынам на вайне цяжэй, згаджаюцца і салдаты. «Я ўжо нават падказваць дзяўчатам пачаў, – прызнаецца адзін з вайскоўцаў. – Бяжыце, кажу, налева, каб сонца заставалася ўвесь час за спіной. А яны – ці то не зразумелі, ці то – не паверылі. Кінуліся ў супрацьлеглы бок, наўпрост пад абстрэл».
– Як думаеш, магла б рэальна адбыцца такая сітуацыя?
-Хто ж ведае? Я ў зоне баявых дзеянняў не бываў.

«Ідзём на базу»
Гучыць фінальны сігнал. Гульня іs over. Зразумела, што нічога не зразумела ў той прыдуманай вайне. «Гэта не важна для нас. Сэнс – паказаць, што на полі бою ніхто не можа быць у бяспецы. Бяззбройныя людзі таксама патрапляюць пад кулі, хаця страляць па іх забяронена гуманітарным праваму. Мы хацелі даць гродзенцам магчымасць адчуць на сабе як гэта – быць уцекачом. Мяркуем, гульня павысіць іх лаяльнасць да людзей, што шукаюць прытулку,» – кажа Краеўскі.
Кіраўнік клуба «Лазерфорс» Павал Раманчук глядзеў на гульню з боку вачыма спрактыкаванага лазер-вайскоўца і прызнаецца – нязвыклае атрымалася відовішча. «Грамадзянскія зусім не разумелі, што яны проста правакуюць сваімі паводзінамі на стрэлы. Але ж не бывае спецыяльна падрыхтаваных бежанцаў, адкуль ім ведаць, як паводзіць сябе на вайне? Шкада было іх. І прэсу шкада. А найбольш цікава было назіраць за палявым шпіталем. Во там была сапраўдная дзвіжуха».

«Мы не высвятляем, хто вінаваты ў канфлікце, а хто мае рацыю, – тлумачыць сітуацыю Валер Краеўскі. – Чырвоны Крыж –арганізацыя нейтральная. Мы проста дапамагаем ратаваць людзям жыцці».

Зараз у Беларусі знаходзіцца 320 бежанцаў. Летась за атрыманнем прытулку звярталіся 748 замежнікаў. Афіцыйны статус бежанцаў атрымалі 5 асобаў. Часцей за астатніх звярталіся ўкраінцы, расейцы, сірыйцы і пакістанцы. Апроч асобаў з афіцыйным статусам бежанца на пачатак 2018 года зарэгістравана больш за 6000 людзей без грамадзянства. Атрымаць статус бежанца могуць тыя, хто па розных прычынах церпіць ганенні на сваёй радзіме.

















