Спадчына

«Я ўдзячны гродзенцам, што захавалі горад». Жыхар даваеннага Гродна пра сямейны бізнес і тое, як саветы вымусілі пакінуць роднае месца

Прозвішча Левандовiч вам што-небудзь кажа? Напэўна, не. На паштоўках пачатку XX стагоддзя можна ўбачыць ля Фарнага касцёла невялікую крамку з шыльдай «С. Левандович / S.Lewandowicz». Аб гэтым месцы і гісторыі сям'і ўладальніка распавёў Hrodna.life адзін са сведкаў і нашчадкаў Левандовiчаў - пан Зыгмунт, які ў апошнія дні ліпеня разам з сям’ёй наведаў Гродна.

Зыгмунт нарадзіўся ў Гродне ў 1929 годзе, ён унук Станіслава Левандовiча, які валодаў крамай у цэнтры Гродна. 88-гадовы гродзенец з’яўляецца адным з апошніх сведкаў таго, як савецкая ўлада зачыніла іх сямейную справу, а ўсю сям’ю спрабавала выслаць у Сібір. Але па збегу абставін у ссылку адправіўся толькі ўладальнік крамы Станіслаў Левандовiч, а ўся яго сям’я здолела выжыць і пераехала ў Польшчу.

«Сёння ў Гродне сваякоў у нас няма, а ўсе, хто тут жыў, ужо даўно памерлі і пахаваныя на Фарных могілках, — распавядае Зыгмунт. — Ад калісьці вялікай сям'і Левандовiчаў з гэтага выдатнага месца цяпер у жывых засталося толькі тры челавекі: я, сястра Крысціна і стрыечны брат Збігнеў. Усе мы жывем у Польшчы, але ў розных гарадах. Асабіста я разам са сваёй сям’ёй стараюся прыязджаць у Гродна кожны год. Для мяне гэта Радзіма, дом і зямля продкаў. У гэтым годзе я прыехаў у Гродна адзначыць сваё 88-годдзе і вельмі рады, што гэта адбылося ў родным месцы».

Маленькі Зыгмунт са сваёй цёткай ў цэнтры Гродна (1930-я гады)

Крама ля Фары — сямейная справа Левандовiчаў

Дзядуля Зыгмунта — Станіслаў Левандовiч — яшчэ ў царскія гады займеў каштоўнае месца ў горадзе ля Фарнага касцёла і адкрыў там краму. Магчыма, гэта месца Станіславу далі за заслугі перад айчынай у 1905 годзе, калі ён мужна змагаўся ў руска-японскай вайне і быў узнагароджаны ганаровымі ордэнамі. Бацька Зыгмунта быў таксама войсковым ветэранам: ён змагаўся ў савецка-польскай вайне ў 1920 годзе і таксама быў узнагароджаны ордэнамі.

«Мой бацька працаваў у краме дзеда. Там можна было купіць шмат чаго: кнігі, як звычайныя, так і рэлігійныя, пісьмовыя прыналежнасці, паштоўкі, якія там жа і выдавалі, і многае іншае. Я ў той час вучыўся ў школе на Ажэшкі, але пасля перайшоў у іншую — на вуліцы Мяшчанскай. Гэтай вуліцы ўжо цяпер няма. Дарэчы, там мы і жылі да 1941 года».

Злева, каля Фарнага касцёла, магазін сям'і Левандовiчаў

Прыйшлi саветы

Зыгмунт распавядае, што ў верасня 1939 года ніхто саветаў у Гродне з кветкамі не сустракаў. Біліся гродзенцы заўзята, асабліва харцэры — падлеткі змагаліся за кожную вуліцу і не прапускалі варожыя танкі. Перад тым, як камунiсты ўвайшлі ў горад, былі дыверсіі, падрыхтаваныя яўрэямi, але іх хутка ўціхамірылі.

88-гадовы гродзенец памятае і гісторыю з Тадзiкам Ясінскім — падлеткам, якога саветы схапілі і прывязалі да танка, і які памёр у маці на руках.

«Гэта ўсё было насамрэч, Тадзiка з танка адвязала жанчына-медык. Але ён не выжыў i памёр у шпiталi. Я памятаю яшчэ адзін выпадак, які многіх ўразіў. Мясцовыя санітары выратавалі савецкага танкіста, якога падбілі харцэры на вуглу Дамiнiканскай [сёння Савецкай — рэд.] і Ажэшкі. Яны яго забралі ў шпіталь і дапамаглі выжыць. Шмат хто казаў: навошта ратаваць рускага салдата, яго трэба забіваць. А жанчыны казалі, што гэта перадусім ранены чалавек, якому трэба дапамагчы».

Новая ўлада вынесла прысуд

З прыходам саветаў у сям'і Левандовiчаў усё памянялася. Дзед Зыгмунд трапіў у турму як буржуй, з ім маці і бацька, бо ўваходзілі ў таемную польскую арганізацыю ZWZ (Саюз збройнай барацьбы, які пазней трансфармаваўся ў АК). У вынiку бацьку вынеслі прысуд — смяротнае пакаранне, маме і дзеду далі 10 гадоў лагераў.

«Мяне, бабулю і трох сясцёр спачатку не чапалі, але перад самай вайной з немцамі пасадзілі ў вагоны для жывёл і адправілі ў Сібір. Адправілі нас недзе 20 чэрвеня 1941 года, а вайна пачалася 22 чэрвеня. Тады саветы ў спешцы пакідалі Гродна. У час бамбавання горада снарады ўпалі на турму. Дзякуючы гэтаму частцы зняволеных удалося ўцячы. Так мой бацька і маці, якія чакалі выканання прысуду, паспелі вызваліцца. Пабеглі яны адразу на Мяшчанскую, а вуліца ўжо была цалкам разбураная. Мы ж з бабуляй і сёстрамі ў той момант ужо ў вагонах ехалі ў Сібір».

Здымкі і радавод сям'і Левандовiч. З тых, хто нарадзіўся ў Гродне, засталося ў жывых толькі тры чалавекі. Усе яны жывуць у Польшчы.

«Дзіўна, але сям’ю выратавала Сібір»

Зыгмунт кажа, што калі б саветы не адправілі яго з бабуляй і трыма сёстрамі ў Сібір, то яны б загінулі ад нямецкіх бомбаў. Па ўспамінах гродзенца, усе дамы на Мяшчанскай пацярпелі ад нямецкага бамбавання. З суседзяў Зыгмунда ніхто не выжыў, дамы былi разбураныя.

«Усе загінулі, бо бамбілі горад глыбокай раніцай. Дзіўна, нас, атрымліваецца, выратавалі саветы. На цягніку мы далёка з’ехаць не паспелі. Вайна нас заспела каля Стоўбцаў. Там упалі бомбы і цягнiк не мог ехаць далей. Немцы нас не чапалi, а наадварот, вельмі добра паставіліся. Яны паставілі палявы шпіталь, там лячылі параненых пры абстрэле. Усім, хто быў у цягніку на Сібір, немцы падалі транспарт назад у Гродна. Праз некалькі дзён пасля пачатку вайны мы вярнуліся ў родны горад, нас сустракалі бацькі i дзядуля, якія выжылі. Акрамя бацькоў нас сустракалi і немцы, якія здымалі прыезд на камеру. Мэтай у іх было паказаць, як саветы высылалі мірнае польскае насельніцтва ў Сібір».

Новы дом і дапамога мясцовым яўрэям

Павколькі дом Левандовiчаў згарэў у час бамбардзіроўкі, ім прыйшлося шукаць новае памяшканне. Сям’я перабралась на вуліцу Брыгіцкую, 5 (цяперашняя Карла Маркса).

«Саветы краму ў дзеда забралі, а немцы, як прыйшлі, то вярнулі і дазволілі зноў гандляваць. Дзед падчас нямецкай акупацыі вельмі шмат дапамагаў яўрэям у гета: перадаваў ежу, хаваў уцекачоў. Справа ў тым, што з многімі мы мелі да вайны бізнес.

Памятаю, як мы выратавалі адну яўрэйскую дзяўчынку. Была ў гродзенскім гета сям’я Юхневічаў, калі не памыляюся, і ў той момант, калі пачалася ліквідацыя, усю калону ўначы вялi на чыгуначную станцыю ў Ласосна. Яўрэi праходзілі па вуліцы Брыгіцкай і маці (Юхневіч) сказала сваёй дачцэ бегчы да нас у дом. Так і атрымалася. Дзяўчынку я выявіў раніцай, яна была на гарышчы і ўвесь час плакала. Дзед мне сказаў маўчаць і нічога нікому не казаць. Праз некалькі дзён я з гэтай дзяўчынкай і дзедам за рукі пайшлі па горадзе ў кірунку Ласосна, каб перадаць малую патрэбным людзям. У выніку дзяўчынку пасадзілі на цягнік, які ехаў да Варшавы. Там яе чакаў бацька. А маці, хутчэй за ўсё, загінула ў лагеры смерці".

Усе з’ехалі, а старыя Левандовiчы засталіся

Агулам пры немцах сям'і Левандовiчаў жылося спакойна. Але доўжылася гэта нядоўга — да другога прыходу саветаў. Камуністы прыйшлі і зноў узяліся за старое.

«Яны ведалі пра нашыя прысуды ў 1939 годзе, але бацькі своечасова запісаліся на ад’езд у Польшчу і нечакана ўлады далі дабро. Мы спакойна змаглі з’ехаць. Адбылося гэта ў 1945 годзе. Старыя ж не хацелі з’язджаць і казалі, што Гродна іх дом і тут іх карані. Маўляў, менавіта ў гэтым месцы яны хочуць памерці. Яны засталіся.

У выніку дзядулю ў 1946 далі 10 гадоў і адправілі ў Краснаярск, а бабулю не кранулі і яна засталася ў Гродне. Дзед, калісьцi ўладальнік вядомай у Гродне крамы адбыў увесь тэрмін. Трохі пажыў ў Гродне і памёр у 1956 годзе. Бабуля перажыла яго на 2 гады. Мы прыязджалі на іх пахаванне і хавалі iх на Фарных могілках. Як бы нам не хацелася, але ў Гродне заставацца мы не маглі і вярнуліся ў Польшчу".

Зыгмунт са сваёй жонкай Вольгай у Гродне на вуліцы Антонава

Гродна для сям'і Левандовiчаў - другi дом

Пасля вайны Левандовiчы планавалі, што паедуць у польскі горад Торунь. Гэта месца параіў ім дзядуля, бо там ён меў аднаго знаёмага, з якім вёў бізнес. Але нечакана цягнік павярнулі ў іншае месца і Левандовiчы апынуліся ў горадзе Валч. Там Зыгмунд зноў пайшоў вучыцца. Пасля сям’я перабралася ў Эльблонг, дзе і зараз жывуць Левандовiчы.

«Хоць мы i жывем сёння ў Польшчы, але Гродна для нашай сям'і гэта другі дом. Я прыязджаю ў гэты горад і бачу вуліцы, дамы, месцы майго дзяцінства. Але ў гэтых месцах няма маіх знаёмых і сяброў. Я не чую польскай мовы, крыху дзіўна і крыўдна. Іншы раз успаміны даюцца цяжка.

Я разумею, што Гродна цяпер у новай дзяржаве, але, неглядзячы на гэта, наша гісторыя і старая архітэктура тут засталася. Я вельмі ўдзячны сучасным гродзенцам, што захавалі горад. Гродна — гэта пярліна. Што б там не казалі, але да вайны ў горадзе ўсё старалicя жыць мірна. Палякі, яўрэі, праваслаўныя, пратэстанты і мусульмане — усе дапамагалі адзін аднаму і жылi па-суседску.

Аднойчы я прыехаў у Гродна і пайшоў у школу «Баторувку», у якой мне адзін час давялося вучыцца. Я зайшоў і дырэктарка мне правяла экскурсію, завяла ў адзін з кабінетаў, дзе я вучыўся. Там акурат былі дзеці і дырэктарка сказала пры ўсіх: «Гэты мужчына калісьці вучыўся ў гэтай школе і сядзеў у гэтым кабінеце». Было вельмі прыемна ўсё ўспомніць, а таксама расказаць дзецям, як мы, гродзенцы, да войны вучыліся і як бавіліся на перапынках…".

Падзяліцца

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024