Да дабрачыннага канцэрту ў Цэнтральнай бібліятэцы Гродна прымеркавалі адкрыццё выставы малюнкаў ад дзяцей, якія лечацца ў рэспубліканскім анкашпіталі ў Бараўлянах. Дзеці малююць простыя рэчы — партрэт маці, крамы, банкі, жывёл. І вераць, што дамалююць свае працы пасля лячэння.
— У Бараўлянах знаходзяцца дзеці на працяглым лячэнні: гэта тыдні, месяцы — вельмі доўга, — расказвае Ганна Шыкуць з цэнтру «ПАРА». — Там вельмі добрыя гульнявыя пакоі, з імі знаходзяцца бацькі - тата альбо мама. Там ёсць псіхолагі, выхавальнікі, якія з імі займаюцца. Але дзецям там бывае сумна. Яны знаходзяцца ў адной палаце, не могуць перасоўвацца па іншых паверхах і не заўсёды могуць выйсці на вуліцу.
Традыцыю стварыла гродзенка
Некалькі гадоў таму традыцыю правядзення штомесячнага конкурсу малюнкаў увяла гродзенка Таццяна. Яна там даглядала брата і прапанавала не проста маляваць, а зладзіць цэлую выставу на першым паверсе — «Краіна фантазій». Брат ачуняў, яны вярнуліся ў Гродна, а традыцыя засталася.
Пра назву выставы
Назва выставы атрымалася са шчымлівай гісторыі. Ідучы на аперацыю, дзяўчынка свой малюнак не дамалявала. І напісала над ім: «Я дамалюю свой малюнак». Аперацыя прайшла, дзяўчынка вылечылася. «Мяне крануў факт, што дзяўчынка ў восем гадоў вось такі філасофскі пасыл дала», — кажа Ганна.
— Гэта магчымасць паказаць, што гэтыя дзеці - такія ж. Яны так жа пакутуюць, гэтак жа радуюцца, гэтак жа мараць. У іх таксама ёсць дзяцінства. Класічны вобраз такога лысенькага, з кругамі пад вачыма, худзенькага дзіцяці там сустракаецца часцей. Але дзеткі, якія выходзяць у стадыю рэмісіі, зусім іншыя. Яны актыўныя, гарэзлівыя, голасныя. Ніколі не скажаш, што гэта дзіця, якое яшчэ паўгода таму было ў тых сценах.
