Падчас рэканструкцыі палацава-паркавага комплекса ў Свяцку будаўнікі выпадкова знайшлі бутэлькі з 200-гадовым віном. Іх аддалі на аналіз судовым экспертам і высветлілі яго склад і крэпасць.
Віно ў Свяцку знайшлі ў невялікім асобным будынку вінакурні. У зямлю было закапана 15 закаркаваных бутэлек. Увагу прыцягнула нетыповая для нашага часу форма і колер бутэлек. Яны былі аднолькавымі, толькі крыху адрозніваліся адзін ад аднаго вышынёй і дыяметрам.
Палацава-паркавы ансамбль Валовічаў у вёсцы Свяцк пабудаваны ў 1779 г. італьянскім архітэктарам Джузэпэ Сака. Гэта помнік архітэктуры пераходнага перыяду ад барока да класіцызму. Да 2005 г. там быў санаторый, пасля комплекс пуставаў. У 2009 г. яго перадалі санаторыю «Азёрны». У 2017 г. пачалася рэстаўрацыя. У 2023 комплекс адкрылі для турыстаў. У ім размясцілі гасцініцу, SPA-цэнтр, бровар і рэстаран. Пакуль працуе толькі рэстарацыя.
Калі бутэлькі дасталі з зямлі, яны змянілі колер з сінявата-чорнага да карычнева-зялёнага з залацістым адлівам проста на вачах у будаўнікоў. Сасуды не адчынялі і перадалі ў Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз па Гродзенскай вобласці, піша «Аргументы і факты ў Беларусі».
Бутэлькі без маркіровак
Там высветлілі, што бутэлькі са Свяцка аналагічныя бутэлькам, якія выпускаліся ў Англіі з XVII стагоддзя. Яны маюць няправільную форму, бо вырабляліся шкловыдзімальнікамі ўручную. З гэтай жа прычыны на іх няма маркіровак і клеймаў. Раней вінаробы проста наклейвалі на бутэлькі этыкеткі, на якіх пісалі, што знаходзіцца ўнутры. Вонкаваму выгляду тары тады не надавалі вялікага значэння.
У дне кожнай з бутэлек ёсць паглыбленне — «пунт». Яго рабілі для таго, каб пры транспартаванні ў гарызантальным становішчы рыльца адной бутэлькі ўпіралася ў дно наступнай, і такім чынам яны фіксаваліся. Таксама гэтае паглыбленне было свайго роду маркерам пры разліве віна па келіхах. Вакол яго збіраўся асадак. У XVII-XVIII стагоддзі шкловыдзімальнікі ўтрымлівалі нарыхтоўку бутэлькі загваздкай. Яна ўпіралася ў дно — так майстар запраўляў лішняе шкло ўнутр бутэлькі, а паверхню дна рабіў роўнай.
Бутэлькі зроблены з празрыстага шкла з напластаваннямі белага, шэрага, бэжавага і карычневага колераў з адлівамі сіняга, зялёнага і ружовага. Пасля вымання з зямлі пад уздзеяннем святла і кіслароду іх колер змяніўся. На паверхні аказаўся налёт з дыяксіду крэмнію. Гэта асноўны кампанент кварцавага пяску, які мог утварыцца ў вільготнай ці кіслай глебе.
Хімічнае даследаванне паказала, што рыльцы бутэлек былі герметычна залітыя воскам. Гэта дапамагло захаваць рэчыва на працягу стагоддзяў.
Таямніцы 200-гадовага віна
І ўсё ж за доўгі час віно перастала быць віном у звыклым сэнсе. Унутры выявілі 650 мл напаўпразрыстай карычневай вадкасці з выразным пахам воцатнай кіслаты — прадукту закісання і акіслення этылавага спірту. Пры гэтым захаваліся ноткі ароматаўтваральных злучэнняў, характэрныя для вінаграднага віна. Піць яго ўжо нельга.
Утрыманне воцатнай кіслаты ў невялікіх колькасцях у маладым віне ёсць нормай. З часам воцатныя бактэрыі размножваюцца і кіслаты і яе эфіраў становіцца больш. Праз гэта віно як бы скісае, і ў старых вінаў з’яўляецца воцатны пах і смак.
З дапамогай найноўшага аналітычнага абсталявання віно разабралі на кампаненты. У ім выявілі рэчывы, якія ўтвараюцца пры кантакце алкаголю і драўніны. Гэта значыць, да разліву па бутэльках яго выраблялі ці захоўвалі ў драўляных ёмістасцях. Цяпер моц віна складае 1,5% абаротаў.
З дакладнасцю да года ўзрост віна са Свяцку не вызначалі - сучасныя метады паказваюць стагоддзе. Сукупнасць усіх вядомых дадзеных паказвае, што яму каля 200 гадоў.
Вырабілі віно на месцы ці аднекуль прывезлі - пакуль не ясна.
Чытайце таксама: Лесвіцу XIX стагоддзя адлілі паводле ўзораў. Як ідуць працы на гродзенскім піўзаводзе