Пра новую мутацыю каранавіруса 26 лістапада заявіла Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ). Ёй далі назву «амікрон» або B.1.1.529. Упершыню штам выявілі ў сярэдзіне лістапада ў Батсване і Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы (ПАР). Hrodna.life разабраўся, чаму ён так перапалохаў увесь свет і ці сапраўды ёсць чаго баяцца.

1. Чаму яго назвалі «амікрон»?

Новым штамам віруса СААЗ прысвойвае назвы паводле літар грэцкага алфавіта. Гэтак, раней былі выяўленыя штамы «альфа», «бета», «гама», «дэльта» і іншыя — да штама «мю». Агулам розных штамаў тысячы, але літарныя назвы даюцца толькі некаторым: тым, што СААЗ уносіць у «спіс занепакоенасці» або «спіс зацікаўленасці». Такіх агулам 13 штук. «Амікрон» — 15-я літара ў грэцкім алфавіце, але штамаў пад літарамі «ню» (13-я) і «ксі» (14-я) не было, бо яны, на думку СААЗ, маглі б выклікаць нязручнасці для носбітаў англійскай і кітайскай мовы.

2. Чаму «амікрон» такі асаблівы?

У гэтага штама каля 50 мутацый. Ні адзін з ранейшых штамаў каранавіруса не мутаваў так інтэнсіўна. Мутацыі павышаюць заразнасць віруса. Яму лягчэй «падманваць» імунную сістэму чалавека.

3. Гэта значыць, зноў будуць лакдаўны і мы не паляцім у адпачынак?

Магчыма. Выглядае на тое, што «амікрон» у стане распаўсюджвацца значна хутчэй, чым «дэльта». Штам B.1.1.529 ужо зафіксавалі ў ПАР, Батсване, Бельгіі, Нідэрландах, Германіі, Чэхіі, Вялікабрытаніі, Ізраілі, Канадзе, Ганконгу ды іншых краінах. Некаторыя краіны пачалі ўводзіць новыя абмежаванні на падарожжы. На сусветных фондавых рынках з-за навін пра «амікрон» здарыўся абвал, і па стане на 30 лістапада рынкі працягваюць падаць.

4. Гэта праўда, што хутка «амікрон» захопіць увесь свет?

Не факт. Нейкія надзвычай страшныя асаблівасці новага штама яшчэ не пацвердзіліся. СААЗ пакуль не прызнае, што «амікрон» сапраўды сам па сабе распаўсюджваецца хутчэй за ранейшыя штамы. Яго імклівы распаўсюд у Паўднёвай Афрыцы можа быць звязаны з іншымі фактарамі. Напрыклад, з мноствам хворых на ВІЧ, якія маюць аслаблены імунітэт. Раней такі ж страх выклікаў штам «бета», але ён аказаўся нежыццяздольным. Магчыма, «амікрон» паўторыць ягоны лёс.

5. Ці небяспечны «амікрон» для вакцыянаваных?

Пакуль незразумела. Спецыялісты СААЗ адзначаюць, што наяўныя сёння вакцыны здольныя абараніць ад цяжкай плыні хваробы і смерці нават пры заражэнні новым штамам. Але ў розных вірусолагаў ды імунолагаў розныя думкі на гэты конт. Шмат мутацый адбылося ў той частцы гену, што кадуе спайк-бялок, супраць якога накіраваныя існуючыя вакцыны. То бок, у «амікрона» ёсць шанец падмануць нават сфармаваны імунітэт, лічыць брытанскі імунолаг Вэндзі Барклай.

6. Гэта значыць, патрэбны новыя вакцыны?

Магчыма, так. BioNTech і Pfizer пачалі працу над адаптацыяй сваёй вакцыны да новага штама. На стварэнне новай вакцыны можа спатрэбіцца каля 100 дзён, лічыць гендырэктар Pfizer Альберт Бурла. Ці сапраўды спатрэбяцца новыя вакцыны, стане зразумела ў бліжэйшыя тыдні, лічыць галоўны медычны спецыяліст Moderna Пол Бёртан. Яго кампанія гатовая выпусціць новую вакцыны ўжо ў пачатку 2022 года.

Але зараз перадусім патрэбна больш лабараторных дадзеных, каб зразумець, ці адаптацыя вакцыны наогул патрэбная. Раней BioNTech/Pfizer паспяхова стваралі новыя вакцыны для штамаў «бэта» і «дэльта», але не выкарыстоўвалі іх, бо выяўлялася, што арыгінальная вакцына няблага дае рады супраць новых штамаў. Іншыя існуючыя вакцыны таксама паказалі добрыя выніку супраць «дэльты».

7. Мы ўсе памрэм ад «амікрона»?

Хіба што не. Дадзеныя з Паўднёвай Афрыкі паказваюць, што пацыенты з «амікронам» пераносяць хваробу лягчэй, а агульная колькасць шпіталізаваных не павялічваецца. Калі штам апынецца звышзаразным, але не вельмі шкодным, яго распаўсюд наогул можа аблегчыць пандэмію.

8. А ці дабраўся «амікрон» да Беларусі?

Пакуль не. Міністр аховы здароўя Беларусі Дзмітрый Піневіч 28 лістапада заяўляў аб адсутнасці новага штаму ў краіне. Але ён заклікаў беларусаў да вакцынацыі. На думку міністра, даступныя ў Беларусі вакцыны Sputnik V і Sinopharm будуць эфектыўнымі нават супраць новага штаму «амікрон».

29 лістапада тэлеграм-канал Міністэрства аховы здароўя напісаў, што ў беларускіх вірусолагаў ёсць усе магчымасці для выяўлення новага варыянта віруса. «Зараз ідзе праверка біяматэрыялаў ад пацыентаў, якія прыбылі з-за мяжы, з мэтай павышэння верагоднасці выяўлення варыянту „амікрон“», — напісалі ў канале міністэрства.