“Суцяшэнне майго сэрца і душы – менавіта такія вясковыя хаткі. Я не ездзіла адмыслова, каб нешта здымаць. Фота зробленыя ў час паездак [на шляху]. Усё знята на Гродзеншчыне”, – распавяла аб прадстаўленых працах фатографка.

Выстава адкрылася 7 верасня ў зале на Кірава, 3. На фотаздымках – вясковыя хаткі і іх жыхары, жывёлы і пейзажы ў розныя часы года. Паглядзець выставу можна да 7 кастрычніка. Уваход вольны.

За кожным фота – свая гісторыя

Наталля Дораш разам з гасцямі вернісажу прайшла ўздоўж кожнага стэнда і шэрагу фатаграфій, распавядаючы іх гісторыі. Яна расказала пра здымак абраза Божай Маці – здаецца, што ў руках Багародзіцы ландышы. Насамрэч гэта сцёртае месца на іконе, якое проста зацалавалі прыхаджане.

Наталия Дорош, выставка Карані, фото
Наталля Дораш распавядае пра Багародзіцу з “ландышамі”. Насамрэч гэта сцёрты фрагмент іконы

Фота з яблыкамі ўнутры старых паштовых скрыняў Наталля зрабіла падчас Яблычнага Спасу. Гэта мясцовыя жыхары пакінулі пачастунак суседзям, якія не змаглі трапіць на службу. 

Наталия Дорош, выставка Карані, фото
Фота з яблыкамі ў паштовых скрынях стала афішай выставы

Чытайце таксама: Наталля Дораш — пра натхненне з мінулага, беларускія хаткі і містычную сувязь з дзедам-фатографам

“Душа гэтага дома – коцік»

Пра фотаздымкі з хаткамі Наталля Дораш расказвала з асаблівай цеплынёй. Па яе словах, за кожным домам – сваё жыццё і многія пакаленні сям’і. Тут нараджаліся ўнукі, сюды прыязджалі праўнукі. У гэтых хатках людзі жылі, адзначалі дні нараджэння і вяселлі, тут захоўваюцца ўспаміны і рэчы. Праз жыллё, праз гэтыя “хаткі” фатографка паказала лёсы сельскіх жыхароў.

Наталия Дорош, выставка Карані, фото
Коцік на фота – адзін з апошніх жыхароў вёскі. Зараз ён – душа гэтага дома

“Гэта вельмі сумна”

Госця адкрыцця выставы Наталля Храброва адзначыла, што ўсё маляўніча і прыгожа. Вылучыць нешта складана – ёй проста падабаецца творчасць Наталлі Дораш.

28-гадовы Аляксандр прыйшоў на выставу разам са сваёй дзяўчынай. Ён адзначыў, што было цікава слухаць тое, што распавядала фатографка. І што вельмі сумна, што на фота ў бабулі толькі адны шпалеры з вінаградам і ложак.

Наталия Дорош, выставка Карані, фото
“Самотныя і бедныя старыя, кінутыя пасля смерці гаспадароў жывёлы – так быць не мусіць. Гэта вельмі сумна”, – лічыць Аляксандр

Выспачка для гутарак

Для гасцей вернісажу падрыхтавалі яшчэ адзін сюрпрыз – кавун, які вырасціў на лецішчы гродзенец Мікола Таранда. Ён стаў “цвіком праграмы” на выспачцы для гутарак. Тут госці абмяркоўвалі выставу, грэліся гарачай гарбатай і “сэлфіліся” на фоне экспазіцыі.

Паглядзець выставу “Карані” можна да 7 кастрычніка.