На сустрэчы з гродзенскімі студэнтамі 19 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка выказаў некалькі сваіх думак, якія тычацца арміі для студэнтаў, «людзей другога гатунку» і вучобы за мяжой. Hrodna.life выйшаў на вуліцы горада і спытаўся, што гродзенцы думаюць пра апошнія заявы прэзідэнта.
На вуліцах мы задавалі наступныя пытанні:
1. Ці трэба адпраўляць студэнтаў у войска замест летніх канікул?
2. Ці праўда, што за мяжой мы заўсёды застанемся людзьмі другога гатунку?
3. Добра ці дрэнна, што моладзь хоча атрымаць адукацыю за мяжой?
[irp posts="89 001″ name="Студэнты, армія, збожжа і мільярды: 6 заяваў Лукашэнкі, якія прагучалі ў Гродне"]
Аляксандр, праграміст, 26 гадоў
Пра армію:
— Студэнтаў адпраўляць у войска замест вакацый відавочна не трэба. Добрая ідэя — да ўніверсітэта адслужыць, а далей можна ісці вучыцца.
Пра «другі гатунак»:
— Наконт «другога гатунку» я не згодзен. І ў Беларусі чалавек можа быць нават трэцяга гатунку. Тут усё залежыць ад чалавека і таго, што ён можа. У мяне, напрыклад, ёсць знаёмы, які з’ехаў у Штаты і зараз там нядрэнна жыве.
Пра адукацыю за мяжой:
— Адукацыяй за мяжой: ані добра, ані дрэнна. За мяжой іншая адукацыя. Можа, у нас такому не вучаць, і, магчыма, гродзенцы таму едуць вучыцца за мяжу. Пасля вучобы яны могуць там застацца, але і ў любы момант могуць вярнуцца. Я два гады жыў у Ізраілі і вярнуўся. Мне там не спадабалася.
Ірына, спэцыялістка па турызме, 33 гады
Пра войска:
— Калі гэта ідзе адразу ў залік за армію, тады можна. Адхадзіў некалькі месяцаў і армія скончылася. А калі два месяцы, два месяцы і потым яшчэ 1,5 гады, то я так не згодна. Наогул, я лічу, калі мужчына прыдатны па стане здароўя, то ён павінен ісці ў войска. Мне здаецца, мужчына пасля службы становіцца больш мужным.
Пра «другі гатунак»:
— Так, людзі з’язджаюць і батрачаць там. Я часта кантактую з мігрантамі з Гродна і ўсе яны кажуць, што з'ўехашы туды, яны працавалі для дзяцей, а ўжо іх нашчадкі станавілася людзьмі першага гатунку. Усюды трэба працаваць, але там яшчэ і будаваць новае жыццё.
Пра вучобу за мяжой:
— Добра, калі ёсць выбар. Калі ў нас будуць даваць якасную і даступную адукацыю, многія аддадуць перавагу застацца дома, чым кудысьці ехаць. У Польшчы ж вучацца не з-за таго, што ў нас тут заможныя бацькі і могуць аплачваць універсітэты, проста там бясплатная адукацыя, ды і яшчэ студэнты стыпендыю атрымліваюць, на якую можна пражыць. Калі ў нас будзе больш бясплатная адукацыя, то моладзь нікуды не будзе з’язджаць.
Натан, школьнік, 17 гадоў
Пра армію:
— Я лічу што не трэба адпраўляць студэнтаў у армію летам. Яны вучацца і таксама хочуць адпачыць. Адзіны момант, калі чалавек сам захоча і гэта будзе залічвацца ў армію, то яшчэ можна.
Пра «другі гатунак»:
— Шчыра сказаць, так. Нават у Ізраілі, маючы яўрэйскія карані, для мясцовых ты ўсё роўна рускі - іншы. Так і для палякаў, і для іншых. Мы для іх усе рускія, Савецкі Саюз, а значыць іншыя, другога гатунку.
Пра адукацыю за мяжой:
— У нашай адукацыі я не бачу нічога дрэннага, хоць вышэйшую я яшчэ не атрымліваў. Але трэба глядзець, чаго чалавек хоча дамагчыся, калі ён хоча, то хай едзе за мяжу. Ён жа заўсёды можа вярнуцца дадому са свежымі ідэямі.
Алена, выкладчыца, 59 гадоў
Пра армію:
— Я супраць таго, каб студэнтаў адпраўлялі ў час канікул у войска. Лепш хай будзе кантрактная армія, чым гвалтоўна прымушаць чалавека туды ісці. А то будзе не ў радасць, а ў цяжар.
Пра «другі гатунак»:
— У мяне шмат знаёмых з’ехала і ніякага «другога гатунку» не было. Наогул, усё залежыць ад чалавека, калі ён захоча, то даб’ецца свайго.
Пра вучобу за мяжой:
— Гэта нармальна. Кожны мае права выбару, дзе яму атрымліваць адукацыю. Не ўсе пасля вучобы застаюцца за мяжой, некаторыя вяртаюцца дадому.
Насця, швачка, 20 гадоў
Пра армію:
— Не, я супраць такога. У войску сёння наогул няма чаго рабіць. У мяне шмат знаёмых служыла і зараз служыць. Служба стала бессэнсоўная — 1,5 гады прыбіраюць тэрыторыю. Наогул, армія павінна быць кантрактная, калі чалавек захоча, то ён пойдзе.
Пра «другі гатунак»:
— Я не сказала б, што мы там другі гатунак. Мая сястра з’ехала ў Азію: яна там вучыцца, знайшла працу, сяброў. І ў яе ўсё добра. Там у замежжы ў яе больш перспектыў, чым тут. Яна запатрабавана і я б да яе перабралася.
Пра вучоба за мяжой:
— Яны хочуць атрымліваць там адукацыю і гэта нармальна. Значыць, там лепш і больш магчымасці рэалізаваць сябе. А што ў нас? Адвучыліся па прафесіі і цяпер адпрацоўка. Так яе яшчэ трэба знайсці, а не ўсе хочуць браць маладых спецыялістаў. Такога няма ў нармальных краінах.
Мікалай, спэцыяліст па продажах, 32 гады
Пра армію:
— Калі будзе армія добрая, якая навучыць вайсковай справе, тады можна ісці. Цяпер у нас такога няма. Я за кантрактную армію. Калі чалавек туды ідзе, значыць ён гэтага хоча, ляжыць душа да гэтай справы.
Пра «другі гатунак»:
— Я бачыў гэта ўсё ў розных краінах. Там ты чужы, 95% шанцаў такім стаць. А каб стаць адным з 5% трэба быць моцным.
Пра адукацыю за мяжой:
— Гэта добра, што моладзь хоча атрымліваць адукацыю за мяжой. Гэта ў першую чаргу пашырэнне кругагляда. Большасць вяртаецца назад. Пасля вучобы ў іншых краінах чалавек можа вярнуцца з новым вопытам для сваёй краiны.
Аляксей, маркетолаг, 25 гадоў
Пра армію:
— Калі на вакацыях гэта будзе ўсвядомлены выбар кожнага студэнта, то гэта выдатна, таму што альтэрнатыва. Але так я выступаю за кантрактную армію, гэта пакідае за табой права выбару.
Пра «другі гатунак»:
— Мне здаецца, што так і ёсць. Ёсць выраз: «дзяўчыну можна вывезці з вёскі, а вёску з дзяўчыны — не». Так і з беларусамі. Менталітэт у нас іншы, людзі не прывыклі працаваць, усе скардзяцца на іншыя фактары, а насамрэч — праблема ў нас.
Пра адукацыю за мяжой:
— Хай моладзь атрымлівае адукацыю, дзе хоча. Я станоўча стаўлюся, што многія вучацца ў замежжы. Там якасць адукацыі лепш, а наша ніжэйшага ўзроўню. Я гэта сам на сабе праверыў. Безумоўна, у нас ёсць добрыя ўніверсітэты, але вось практыка моцна адрозніваецца ад таго, што мы вывучаем. Большасць выкладчыкаў - тэарэтыкі, яны практыкай зусім не валодаюць. Як выпусціліся ў свае гады, так і выкарыстоўваюць на занятках старыя падыходы, у тым жа маркетынгу, напрыклад. Вялікая праблема, што яны не валодаюць новымі ведамі.
Другая праблема, што ўсё патрабуе ў нас запаўнення розных паперак. Выкладчыкі не займаюцца працай, а ўвесь час нешта запаўняюць. Вельмі шмат таленавітых спецыялістаў псуюць сабе нервы з-за таго, што ад іх патрабуюць тое, што нікому не трэба.
Паша, спецыяліст па продажах, 27 гадоў
Пра армію:
— Я лічу, што на вакацыях лепш адпачыць два месяцы. А калі і ісці, то проста на 1,5 года. А так у Беларусі павінна быць кантрактная армія. Хто хоча, той і ідзе.
Пра «другі гатунак»:
— На радзіме, вядома, усе свае, беларусы тут на першым месцы. А калі ты едзеш кудысьці ў госці, ты заўсёды будзеш на другім. Можа толькі калі вельмі доўга жывеш у іншай краіне, то чалавек ужо інтэгруецца ў тое грамадства.
Пра адукацыю за мяжой:
— Калі адукацыя добрая, то пажадана ехаць за мяжу. Нашы людзі туды едуць, бо там лепш. Еўрапейская адукацыя лепш за беларускую.
Раман, праграміст, 23 гады
Пра армію:
— Гэта няправільна, таму што цяпер у арміі рабіць няма чаго. У мяне ёсць знаёмыя, якія служылі ў войску, і яны кажуць, што гэта страта часу. Я за кантактную армію, бо на тэрміновай службе займаюцца глупствам: фарбуюць бардзюры, мыюць унітазы зубной шчоткай.
Пра «другі гатунак»:
— Я не лічу, што беларусы застаюцца людзьмі другога гатунку ў іншых краінах. Вось у мяне брат жыве за мяжой. Ён вучыўся ў Кракаве, падпрацоўваў. Цяпер у яго там свая фірма па выпуску электронікі. І ён там сапраўды не чалавек другога гатунку.
Пра адукацыю за мяжой:
— Гэта спрэчнае пытанне. Я лічу, калі б у нас быў такі ж узровень адукацыі як у Гарвардзе, Оксфардзе і падобных універсітэтах, то і да нас бы хацелі ехаць вучыцца людзі з-за мяжы. Наша беларуская адукацыя шмат дзе не вітаецца. А дакладней, нідзе не мае каштоўнасці.