У Гродзенскай вобласці падчас уборачнай супрацоўнікі сельгаспрадпрыемстваў працягваюць красці, зліваць паліва, катацца п’янымі на камбайнах і браць хабары. Рэдакцыя Hrodna.life на адным толькі сайце рэгіянальнай міліцыі налічыла каля 30 інцыдэнтаў падчас уборачнай кампаніі (з сярэдзіны ліпеня да канца жніўня).

Самымі частымі былі зліў паліва (усяго амаль 8000 літраў) і п’янства на працоўным месцы. Знайшлося месца і для класічнай карупцыі.

Прадстаўнік сельскай гаспадаркі патлумачыў Hrodna.life, як у калгасах знаходзяць магчымасці для махінацый, аналітык праекта opentenders.by расказаў, чаму сельская гаспадарка насамрэч — не самы вялікі ў Беларусі рассаднік карупцыі, а эканамістка BEROC Анастасія Лузгіна падзялілася меркаваннем, адкуль растуць ногі махінацый у гэтай сферы.

Камбайн у полі падчас уборачнай кампаніі. Часта махінацыі, крадзеж і карупцыя ў сельскай гаспадарцы звязаны з уборкай ураджаю
Камбайн у полі падчас уборачнай кампаніі. Фото ілюстрацыйнае sb.by

Крадзяжы і махінацыі

50-гадовы вадзіцель прадпрыемства ў Іўеўскім раёне зліў 150 літраў паліва — на яго склалі адміністрацыйны пратакол па артыкуле «Дробны крадзеж».

45-гадовы вадзіцель гродзенскага прадпрыемства прысвоіў 190 літраў дызельнага паліва на 450 рублёў. Распачалі крымінальную справу па артыкуле «Прысваенне або растрата». Па тым жа артыкуле будуць судзіць кіроўцу з Навагрудскага раёна — ён скраў 958 літраў на 2000 рублёў. Майстар у Свіслацкім раёне скраў 1200 літраў паліва на 2200 рублёў - яго будуць судзіць па крымінальнай справе па артыкуле «Крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі». Механізатар вывозіў камбікорм і маторнае масла — яго абвінавацілі ў крадзяжы.

Дзе яшчэ злівалі паліва:

  • Навагрудскі раён — трактарыст прысвоіў 184 літры паліва,
  • Шчучынскі раён — у двары дома знайшлі 560 літраў афарбаванага дызельнага паліва і пазней — 80 літраў,
  • Ашмянскі раён — вадзіцель прысвоіў 500 літраў бензіну з дапамогай прылады для намотвання кіламетражу транспарту,
  • Шчучынскі раён — мужчына захоўваў на сваім участку 280 літраў паліва і атрымаў адміністрацыйны пратакол па артыкуле «Незаконнае абарачэнне нафтавага вадкага паліва»,
  • Ваўкавыскі раён — трактарыст прысвоіў 390 літраў паліва,
  • Смаргонскі раён — 350 літраў паліва,
  • Ваўкавыскі раён — 300 літраў, 250 літраў і 50 літраў,
  • Слонімскі раён — 970 літраў,
  • Бераставіцкі раён — 100 літраў і 80 літраў,
  • Гродзенскі раён — 147 літраў,

Кралі не толькі паліва — 26-гадовы шчучынец выкраў чатыры тоны перапрацаванага рапсу. У заатэхніка знайшлі гербіцыды — але ён запэўнівае, што не ведае, як яны да яго патрапілі. У Ашмянскім раёне скралі 172 кг пшаніцы.

Красці стала складаней, але магчымасці заўсёды знойдуцца

«Шмат што змянілася [у параўнанні з папярэднімі дзесяцігоддзямі]. Напрыклад, красці салярку стала складаней, бо ўсталёўваюць прыборы, якія адсочваюць маршрут, можа нават, і доступ да бака. Але не ўсюды. Тое ж самае і са збожжам: ужо машыну збожжа складана завезці налева», — распавёў Hrodna.life чалавек са Шклоўскага раёна,
звязаны з сельскай гаспадаркай.

Паводле яго слоў, магчымасці красці для нізавых адзіночак зараз менш, чым было калісьці. «Але заўсёды ёсць лайзейкі. Таму крымінальных паведамленняў, што знайшлі дзесьці сотню літраў, паўтары тоны ў гаспадарчай пабудове, шмат».

«Сельская гаспадарка заўсёды навідавоку, пра яе шмат гаворыцца, Лукашэнка вельмі трапятліва да яе ставіцца — пастаянныя праверкі ладзіць. Ствараецца ўражанне, што Беларусь гэта ледзь не сельскагаспадарчая краіна, хаця насамрэч гэта не так. Выносяцца на ўсеагульны агляд махінацыі, злоўжыванне, хабарніцтва», — тлумачыць частую прысутнасць у інфармацыйнай сферы гэтай тэмы эканамістка BEROC Анастасія Лузгіна.

Як парушаюць закон кіраўнікі

Адзначыліся кіраўнікі адной з сельскагаспадарчых арганізацый Гродзенскай вобласці. Яны прадалі прадпрымальніку нібыта спісаны камбайн па кошце запчастак.

За крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі будуць судзіць майстра ўчастка аднаго з сельгаспрадпрыемстваў Свіслацкага раёна. Ён скраў 720 літраў бензіну і 480 літраў дызельнага паліва на 2253,3 рублі.

За хабар будуць судзіць галоўнага інжынера сельскагаспадарчай арганізацыі Іўеўскага раёна. Ён за заключэнне дамовы пастаўкі запчастак да тэхнікі атрымаў ад камерцыйнай арганізацыі 1400 рублёў.

Як робяць прыпіскі да ўраджаю

Частая махінацыя з боку кіраўнікоў - прыпіскі да ўраджайнасці. Бываюць і «левыя» плошчы, якіх не паказваюць — і за кошт іх нібыта павялічваюць ураджайнасць, распавёў Hrodna.life прадстаўнік Шклоўскага раёна.

«Прыпіскі з’яўляюцца яшчэ і таму, што адна з прычын — загад зверху. Далей па лесвіцы ўмоўны загад намалаціць 10 млн тон збожжа і бабовых спускаецца на кіраўнікоў калгасаў і аграномаў. Далей адбываецца цікавая сітуацыя: намалявалі лічбы, а збожжа ў такой колькасці насамрэч няма. Начальства адсправаздачылася, лідары атрымалі прэміі і аўтамабілі. Выдатна! Яшчэ адна бітва за ўраджай выйграна! Ура! А намаляванае зерне трэба неяк спісаць і паказаць, куды яно падзелася».

Для гэтага таксама існуюць свае маніпуляцыі. Якія часам ператвараюцца ў крымінальныя справы.

«Збожжа ў выглядзе мукі, напрыклад. Пішуць, што ім кормяць жывёлу. А гледзячы, якую колькасць каровы, бычкі і свінні жаруць, узнікае пытанне: дзе ж надоі і прыбаўленні ў вазе? І даюць старшыням, заатэхнікам, брыгадзірам люлей. Вось такая лазейка — непамерны апетыт жывёл. А дапытваць свіней і кароў пакуль не навучыліся».

У сельскай гаспадарцы звычайна вялікія каштарысы, калькуляцыі - і ў іх шмат шчылін, дзе можна зрабіць прыпіскі або схаваць падзёж быдла, згаджаецца Анастасія Лузгіна. Далёка не ўсюды стаяць камеры ці абсталяванне, каб сачыць за злівам саляркі. Над кожным занятым у гаспадарцы на паставіш наглядальніка, таму магчымасці для махінацый больш, чым, напрыклад, у банкаўскай сферы, дзе ўсё ідзе строга па рахунках. Але ўсё гэта толькі ўмовы, а не прычына, мяркуе экспертка.

Адна з прычын — нізкія заробкі ў гэтай сферы. «Але галоўная прычына ў тым, што наша сельская гаспадарка амаль цалкам дзяржаўная. А раз яна дзяржаўная, а заробкі нізкія, то можна сабе ўявіць, што ў старшыні калгаса няма мэты, як ва ўласніка, развіць гаспадарку. Ён — наёмная асоба з адносна невысокім заробкам. Яго мэта —
зарабіць. І не заўсёды сумленным шляхам», — разважае Лузгіна.

П’юць усё — ад трактарыста да жывёлавода

Трактарыст з Каменкі ўвечар перад працай выпіў паўлітра гарэлкі і забыўся правы. Яму пагражае штраф на 7400 рублёў і пазбаўленне правоў на пяць год. Пакараюць і таго, хто дапусціў яго да працы.

У 64-гадовага жывёлавода было 2,1 праміле алкаголю. Толькі за адны суткі ў канцы ліпеня міліцыянеры выявілі 14 п’яных супрацоўнікаў агракомплексу — на іх склалі адміністрацыйныя пратаколы.

Усяго ў ліпені выявілі 52 п’яных работніка на працоўных месцах.

Чытайце таксама:

Выдатку паліва — асаблівая ўвага міліцыі

Міліцыя сачыла за ўсёй уборачнай кампаніяй. Асаблівую ўвагу ўдзялялі безгаспадарлівасці з боку кіраўнікоў і расходу гаруча-змазачных матэрыялаў. Інфармацыю аб гэтым перадавалі ў кантралюючыя органы.

За ліпень выявілі 22 дробныя крадзяжы.

Канфіскавалі:

  • 1084 літраў афарбаванага дызельнага паліва,
  • 805 кг камбікорму,
  • 4242 кг збожжа,
  • 17 кг угнаенняў,
  • 218 літраў сродкаў аховы раслін.

Звесткі за жнівень і ўсю ўборачную кампанію пакуль не прыводзілі.

Сельская гаспадарка — не самая карупцыйная сфера

Аналітык праекта opentenders.by (на яго просьбу рэдакцыя не называе яго імя), лічыць, што не варта выдзяляць менавіта сферу сельскай гаспадаркі, як асабліва карупцыйна-ёмістую, у адрозненне ад іншых, як, напрыклад, медыцына або будаўніцтва.

«Карупцыйна ёмістыя ўсе сферы. Адзінае, чым можа сельская гаспадарка выдзяляцца на фоне іншых сфер, дык гэта адсутнасцю неабходнасці мець спецыялізаваныя веды ў вузкай канкрэтнай галіне, што тэарэтычна можа з’яўляецца прычынай [махінацый], — лічыць эксперт. — Даюць і бяруць [хабары ў сельскай гаспадарцы], як і ўсюды».

Тое, што пра парушэнні ў сельскай гаспадарцы шмат пішуць дзяржаўныя СМІ, можа быць проста спробай адцягнуць увагу ад рэальных праблем у іншых сферах, такіх, як ЖКГ і медыцына.

Умовы для махінацый створаны самой дзяржавай. Дапамогуць толькі рэформы

Чаму дырэктары калгасаў гатовы рызыкаваць кар’ерай і нагрэтым месцам за смешныя хабары накшталт $ 1000 даляраў?

«Хутчэй за ўсё з-за татальнай беднасці і мізэрных заробкаў, у сувязі са складанай агульнай эканамічнай сітуацыяй», — кажа аналітык opentenders.by.

Спосаб перамагчы прыпіскі, хабары і махінацыі ў сельскай гаспадарцы адзін — гэта сур’ёзныя рэформы, лічыць эксперт.

Анастасія Лузгіна згодна, што сельская гаспадарка — не самая карумпаваная сфера ў Беларусі. Тым больш, што нельга змешваць карупцыю і іншыя злоўжыванні, такія як крадзяжы. Згодная экспертка і з тым, што корань зла — у нерэфармаванасці ўсёй сферы.

Гэта значыць, калі б фермамі кіравалі ўласнікі, яны б сачылі за імі, як за сваім дзецішчам. У сённяшніх жа старшыняў няма цікавасці развіваць прадпрыемствы — ёсць цікавасць выканаць планавыя паказчыкі, якія спускаюць зверху.

Паўпланавая эканоміка, якая не моцна змянілася з часоў Савецкага саюза, і звязаныя з ёй штогадовыя «бітвы за ўраджай» — і ёсць адна з прычын прыпісак, упэўнена экспертка.

«Кадраў добрых не хапае, людзі з вёскі з’язджаюць, іх не прывабіць у сельскую мясцовасць. Частка людзей п’е — і яны ні ў чым не зацікаўленыя, частка крадзе нешта, частка думае, як пракарміць сям’ю і нешта дадаткова зарабіць», — кажа Лузгіна.

Гэта значыць, умовы для махінацый створаны — і часта самой дзяржавай. У розумах людзей да гэтага часу засталася старая ўстаноўка: дзяржаўнае — значыць нічыё.