Прадстаўнікі ўнутраных войскаў задаюць прызыўнікам у ваенкаматах пытанні аб іх гатоўнасці душыць пратэсты і правяраюць мабільныя тэлефоны на прадмет падазроных падпісак. Пра гэта распавёў Hrodna.life прызыўнік з Гродна. Калі прызыўнік не гатовы праяўляць агрэсію, яму падбіраюць іншы род войскаў.

Аляксандру (імя зменена) 20 гадоў, у лістападзе 2020 года ён пойдзе служыць у беларускую армію. Хлопец працуе слесарам на адным з прадпрыемстваў Гродна, атрымлівае мінімальную зарплату — 350 рублёў. Страціць працоўнае месца ён не баіцца.

Пытанні стандартныя і не вельмі

У пачатку кастрычніка Аляксандр праходзіў медкамісію ў гарадскім ваенкамаце. Там ён сустракаўся з «купцамі» — афіцэрамі, якія займаюцца адборам прызыўнікоў. У асноўным яны адказваюць за ідэалагічную працу ў частках. З Аляксандрам размаўляў прадстаўнік унутраных войскаў. Байцы гэтага падраздзялення цяпер прымаюць удзел у разгонах пратэстоўцаў нароўні з байцамі АМАП.

«Падчас медкамісіі лекары задавалі стандартныя пытанні. А вось у псіхіятра асноўнымі пытаннямі былі: «Як ставішся да мітынгаў? Ходзіш на іх? Чаму не ходзіш ці ходзіш?»

Афіцэр унутраных войскаў сказаў мне: «Вось пачнецца мітынг, табе дадуць дубінку, зможаш ударыць чалавека?»

Я адказаў, што ёсць больш мірныя спосабы, чым біць бяззбройнага чалавека. Ён задаў яшчэ некалькі пытанняў на гэтую тэму і патлумачыў, што мне цяжка будзе служыць у іх частцы".

У выніку Аляксею падабралі іншы від войскаў, а тым, хто пасаваў ва ўнутраныя войскі, «купцы» давалі магчымасць абдумаць выбар.

«На гутарцы з „купцамі“ у некаторых прызыўнікоў прасілі паказаць тэлефон. Глядзелі галерэю, падпіскі Telegram і сцяну ў сацыяльных сетках. Мяне не прасілі паказаць тэлефон, але часта пра гэта расказвалі хлопцы, якія выходзілі з кабінета».

Патрабаванне паказаць тэлефон законна?


Патрабаванне супрацоўнікаў сілавых структур разблакаваць тэлефон незаконна. Гэта парушэнне гарантаванага арт. 28 Канстытуцыі права кожнага на абарону ад ўмяшання ў асабістае жыццё.

У ваенкамаце Hrodna.life не ўдалося атрымаць каментар наконт гутарак з прызыўнікамі. Журналісту сказалі тэлефанаваць па гэтым пытанні палкоўніку Аляксандру Гайдуку, які адказвае за прызыў на ваенную службу. Датэлефанавацца да яго не ўдалося: па яго нумары ніхто не здымае трубку, замест гэтага ўключаецца факс.

Кантрактная армія і асабістае жыццё

Аляксандр падтрымлівае пратэсты ў Беларусі і кажа, што ідзе ў армію ў складаны для краіны час. «Касіць» ён не збіраўся. Кажа, што чым хутчэй адслужыць, тым хутчэй зможа заняцца асабістым жыццём.

«Было жаданне працягнуць вучобу, але я гэту справу закінуў. Таму „касіць“ яшчэ 7 гадоў, каб пазбегнуць прызыву, у мяне не атрымаецца. Я нейтральна стаўлюся да арміі. Ведаю, што сёння мала хто хоча ісці туды, але лепш зараз схаджу, чым мяне потым забяруць».

Хлопец упэўнены, што армія ў Беларусі павінна быць выключна кантрактнай.

«Часы, калі табе трэба было абараняць свае землі толькі таму што ты мужчына, ужо прайшлі. Я нічога супраць не маю, але гэтым павінны займацца людзі, якія самі гэтага хочуць, а не таму што так трэба».

Аляксандр будзе служыць у іншым горадзе. Бацькі падтрымалі яго. Адзінае, што хвалюе хлопца — гэта доўгае растанне з дзяўчынай.

«Бацькі змірыліся, а вось дзяўчына не хоча, каб я сыходзіў у войска. Нічога не зробіш. Разумею, што там будзе шмат прапаганды, але праўда застанецца праўдай. Я падтрымліваю пратэсты беларусаў. 26 гадоў для аднаго прэзідэнта гэта вельмі шмат. І калі дойдзе да такога, што мне і іншым маладым дадуць загад біць людзей, я думаю, салдаты пачнуць страйкаваць. У прысязе прапісана, што прысягаеш абараняць народ, а не наадварот».

Рэпарцёр, фатограф, краязнаўца. Самы хуткі журналіст Гродна на ровары. Руслана і яго ровар ведаюць многія гараджане: ад чыноўнікаў да бамжоў. Падчас службы ў войску быў разведчыкам, а цяпер даказвае, што выведнік былым не бывае. Працуе ў Hrodna.life з 2013 года, калі сайт яшчэ працаваў пад брэндам «Твой стыль». У канцы 2018 выдаў кнігу «Горад адзін, успаміны розныя», дзе сабраў успаміны гродзенцаў пра 1930−40-я гады.