У беларускіх студэнтаў у Польшчы з’явіліся праблемы з візамі: МЗС адмаўляе, тэрмін скарачаецца (абноўлена)

Беларускім студэнтам пачалі адмаўляць у візе для вучобы за мяжой. Тэрміны, на якія віза выдаецца, скарачаюцца: замест года — паўгода. Студэнты вымушаныя прапускаць заняткі і не ведаюць, як разбірацца з пропускамі. Вядома пра шэсць выпадкаў за апошні месяц.

Студэнтка Ганна вучыцца ў польскай ВНУ ўжо трэці год. Праблем з атрыманнем візы ў яе не ўзнікала да лета 2023 года. Тады візу ёй адкрылі толькі на паўгода, хоць раней заўсёды выдавалі на год. Дзяўчына рыхтавалася падаваць дакументы на падаўжэнне студэнцкай візы ў Гродна 15 сакавіка 2024 года.

 — У дэканат майго ўніверсітэта патэлефанавалі з нейкага польскага міністэрства, адкуль канкрэтна, не ўдакладнілі. Пыталіся, ці вучуся я наогул. Дэканат ім нічога не адказаў, бо не было афіцыйнага запыту. А праз тыдзень мне поштай у Мінск прыйшоў пашпарт. Візы ў ім не аказалася, мне было адмоўлена па пункце 10 (рашэння аб адмове ў выдачы нацыянальнай візы — Hrodna.life). Што менавіта гэта за пункт, я разабралася ўжо потым. Цяпер многім студэнтам па гэтым пункце адмаўляюць. Адмова была ад МЗС Польшчы.

Пункт 10 рашэння гучыць як «існуюць абгрунтаваныя сумневы з вашага намеру пакінуць тэрыторыю Польшчы перад заканчэннем тэрміну візы». А таксама — у дакладнасці прадастаўленых звестак аб мэтах і ўмовах меркаванага знаходжання. Рашэнне аб адмове ў выдачы візы прымае консул.

— Калі я пачала разбірацца, чаму мне далі адмову, то высветліла, што МЗС Польшчы не зрабіў афіцыйны запыт ва ўніверсітэт, без якога ВНУ не мае права выдаваць якую-небудзь інфармацыю. Хутчэй за ўсё, мне было адмоўлена менавіта таму, хоць пры падачы дакументаў у Гродне я прыклала афіцыйнае пацверджанне майго статусу студэнта з пячаткамі ўніверсітэта. Яно было аформлена адразу пасля здачы сесіі. Раней такога дакумента было дастаткова.

Па словах Ганны, сам працэс запісу на падачу дакументаў на студэнцкую візу таксама выклікае цяжкасці. Дзяўчына запісвалася праз візавае агенцтва і атрымаць дату ўдалося толькі праз тры тыдні чакання.

Як падаць апеляцыю?

Паводле інфармацыі на сайце gov.pl, калі вы не згодныя з рашэннем консула, у вас ёсць права падаць заяву з просьбай аб паўторным разглядзе візавай анкеты. Заяву неабходна падаць у консульскую ўстанову, якая выдала рашэнне, на працягу 14 дзён з моманту яго атрымання. Консульскі збор за паўторны разгляд складае € 60, а сама заява разглядаецца консулам на працягу сем дзён.

 — Мне давялося зноў ехаць у Гродна для таго, каб падаць апеляцыю. Да яе я таксама прыклала ліст ад рукі з просьбай выдаць мне візу і расповедам пра мае намеры заставацца вучыцца далей на магістратуры. Я адразу ж пачала тэлефанаваць ва ўніверсітэт з просьбай напісаць афіцыйныя лісты консулу і ў МЗС і пацвердзіць, што я сапраўды працягваю навучанне. Праз два тыдні візу мне ўсё ж такі адкрылі, але зноў на паўгода, толькі да 30 верасня.

Што кажуць у МЗС Польшчы?

Hrodna.life вядома як мінімум пра шэсць выпадкаў адмовы ў студэнцкай візе за апошні месяц. У адным з візавых агенцтваў Мінска студэнтам пацвердзілі, што выпадкі адмовы па студэнцкіх візах апошнім часам пачасціліся.

З чым звязаныя падобныя рашэнні, пакуль невядома. У МЗС Польшчы праз тэлефон адмовіліся пракаментаваць сітуацыю і папрасілі напісаць на электронную пошту. Афіцыйныя запыты аб прычынах і акалічнасці, якія прывялі да павелічэння выпадкаў адмоваў у выдачы віз для беларускіх студэнтаў, пакуль застаюцца без адказаў. Рэдакцыя Hrodna.life апублікуе адказ, як толькі яго атрымае.

UPD 8 траўня. Прычына адмовы ў выдачы візы паказваецца ў бланку адмовы, а дадатковых тлумачэнняў МЗС не дае, паведаміла прадстаўніцтва ведамства МЗС Польшчы ў адказ на запыт Hrodna.life. Консул аналізуе інфармацыю і ацэньвае мэту і ўмовы знаходжання. Ацэньваючы канкрэтную справу, ён можа прыняць рашэнне аб выдачы нацыянальнай візы на тэрмін менш за адзін год.

Таксама ў адказе на запыт Hrodna.life МЗС нагадвае, што віза з’яўляецца своеасаблівым дазволам на ўезд і знаходжанне ў краіне. Замежны грамадзянін, які знаходзіцца ў Польшчы па візе і жадае застацца на тэрыторыі РП легальна, павінен неадкладна звярнуцца па дазвол на часовае знаходжанне.

Рэдакцыя Hrodna.life паспрабавала даведацца ў шэрагу дэмакратычных і праваабарончых інстанцый, з чым гэта можа быць звязана. Ніхто з крыніц рэдакцыі не валодаў інфармацыяй.

Праблемы з польскімі візамі ўзнікаюць апошнія паўгода не толькі ў студэнтаў. Паводле інфармацыі Hrodna.life з розных крыніц, складаней стала атрымліваць турыстычныя шэнгенскія візы паломніцкім групам, складаней дамаўляцца з консулам на падачу дакументаў па Карце паляка непасрэдна ў само консульства — адтуль адпраўляюць у візавы цэнтр.

На думку спецыялістаў, з якімі размаўляў Hrodna.life, гэта звязана з унутрыпалітычнымі польскімі пытаннямі. Перш за ўсё, з візавым скандалам, які здарыўся восенню 2023 года. Тады частку супрацоўнікаў польскага МЗС абвінавацілі ў продажы віз грамадзянам трэціх краін. Пасля гэтага польскія консулы ў розных краінах баяцца выдаваць занадта шмат пазітыўных рашэнняў.

Наступствы для студэнтаў

Складанасці з атрыманнем візы ўплываюць на іх наведвання заняткаў і ставяць пад пытанне магчымасць працягу вучобы за мяжой.

 — Агулам на афармленне візы гэтым разам у мяне сышоў месяц, — пракаментавала сітуацыю студэнтка. — Я прыехала ў Беларусь 15 сакавіка, а з’ехала 21 красавіка. І гэта без уліку таго, колькі часу сышло, каб атрымаць дату на падачу дакументаў. Нават нягледзячы на вялікую колькасць святочных дзён у Польшчы ў гэты перыяд, я ўсё роўна прапусціла чатыры тыдні вучобы. Як у далейшым мне разбірацца з пропускамі, я пакуль не ведаю.

Чытайце таксама: Без сэлфі не атрымаецца: візавыя цэнтры Польшчы змянілі спосаб рэгістрацыі на візу

Падзяліцца

Апошнія запісы

Тры Белавежскія пушчы. Як агароджы на мяжы змяняюць лес і жывёльны свет у Беларусі, Польшчы і паміж платамі

Белавежская пушча сёння раздзеленая не на дзве, а насамрэч на тры часткі: беларускую, польскую і…

31 сакавіка 2025

«Трэнд — мацоўня, здароўе». Задалі адны і тыя ж пытанні металістам з Беларусі і Польшчы

Ужо некалькі дзесяцігоддзяў метал-музыка аб'ядноўвае людзей не толькі адных музычных прыхільнасцяў, але і падобнага светапогляду.…

26 сакавіка 2025

У гродзенскім ГЦ развяліся прусакі. Куды звяртацца, калі заўважылі насякомых у кафэ ці ў сябе дома

У ГЗК Triniti гродзенцы заўважылі прусака — насякомае бегала па канапе ў зоне фуд-корту. Hrodna.life…

26 сакавіка 2025

«Магчыма, будзе і новы матэрыял». Вакаліст гурта Ulis Слава Корань расказаў, як эміграцыя не дае яму пісаць

Беларускі гурт Ulis праіснаваў больш за 20 гадоў. Яго спадчына жыве - музыканты робяць каверы,…

20 сакавіка 2025

«Мама выпісвала фальшывыя дакументы і дапамагала трапіць у Польшчу». Рэпатрыянтка — пра дзяцінства ў Гродне і эміграцыю ў 1946-м

Крысціна Мішчук (Пянткоўская) нарадзілася ў 1933 годзе ў Гродне ў сям'і мясцовай інтэлігенцыі. Каталічка. Тата…

18 сакавіка 2025

«Мая зямля — што хачу, тое і раблю». З’ездзілі ў польскую вёску ля мяжы з Беларуссю, куды стараста запрашае жыць усіх ахвотных

У 500 метрах ад плота, узведзенага на польскім баку мяжы з Беларуссю, стаіць вёска Азяраны…

17 сакавіка 2025