Гродзенскі журналіст Вітаўт Руднік рыхтуе да выхаду сваю другую кнігу пра чэмпіёнаў свету па футболе. Матэрыялы для публікацыі ён збіраў каля 30 гадоў. Зараз на платформе MolaMola адкрыты збор ахвяраванняў на выданне. Выхадам кнігі Вітаўт Руднік хоча адзначыць свой 50-гадовы юбілей.
Як кажа Вітаўт, новая кніга пад назвай «Вялікая Кніга чэмпіёнаў" — гэта унікальнае выданне, аналагаў якому няма ў свеце. На збор інфармацыі ў журналіста сышло больш за 30 гадоў. У кнізе больш за 600 старонак тэксту з унікальнымі фотаздымкамі.
«Вялікая Кніга чэмпіёнаў» — гэта энцыклапедычны даведнік пра футбалістаў і трэнераў, якія перамагалі ў чатырох самых прэстыжных футбольных турнірах для нацыянальных зборных каманд: чэмпіянаце свету, чэмпіянаце Еўропы, Кубку Амерыкі і Алімпійскіх гульнях.
У падлеткавым узросце арганізаваў рэгулярны чэмпіянат вёскі
«Першая мая кніга «Чэмпіёны свету па футболе: 1930−2006» выйшла ў свет у 2006 г. Змест гэтай кнігі цалкам увайшоў у «Вялікую Кнігу чэмпіёнаў», якую рыхтую да друку зараз. Яе прынцыповым адрозненнем будзе тое, што, акрамя інфармацыі пра футбалістаў і трэнераў, якія перамагалі ў чэмпіянаце свету, тут будуць яшчэ звесткі пра пераможцаў Еўра, Кубку Амерыкі і Алімпійскіх гульняў.
Вітаўт Руднік: Ісці ў незалежную журналістыку не кожны захоча і не кожнага мама пусціць
Што да часу на стварэнне кнігі, то можна лічыць па-рознаму. Грунтоўна займацца статыстыкай і гісторыяй футбола я пачаў больш за 30 год таму. У вёсцы не было шмат варыянтаў забаваў: у цёплую пару ў вольны ад хатняй працы ганяў у футбол і нават арганізаваў у 13−14 год рэгулярны чэмпіянат вёскі, у якім гулялі «Аякс» і «Рэал», а зімой — зачытванне да дзірак футбольных даведнікаў, якія зрэдку траплялі ў астравецкую кнігарню. Так ў 80-х з’явіліся мае першыя статыстычныя сшыткі, у якіх фіксаваліся цікавыя лічбы і факты пра савецкі і замежны футбол".
Любімай справай даводзілася займацца ў вольную гадзіну
У студэнцкія гады ў Вітаўта з’явілася выразнае разуменне таго, якую інфармацыю ён збіраю. Менавіта тады і сфармаваўся ў яго сталы інтарэс да гісторыі футбола.
«Звесткі пра замежны футбол тады даводзілася збіраць па кроплях. Гэта зараз можна ў прамым эфіры сачыць за матчамі чэмпіянатаў Англіі ды іншых краін, а тады даводзілася чакаць выхаду „Советского спорта“, каб даведацца, як там згуляў твой любімы „Аякс“. Даводзілася карыстацца нават інфармацыяй з газеты кампартыі Францыі „Юманітэ“, якая прыходзіла ў аддзел замежнай прэсы абласной бібліятэкі! Крыху пазней замежныя спецыялізаваныя футбольныя выданні сталі больш дасяжнымі, ну, а са з’яўленнем інтэрнэту стала яшчэ прасцей. Недзе ў канцы 90-х я ўжо перавёў сваю папяровую базу звестак пра футбалістаў і трэнераў у электронны фармат і пачаў працаваць над першай кнігай. Пасля яе выхаду планаваў выдаць даведнік пра гульцоў і трэнераў, якія перамагалі ў Кубку і чэмпіянаце Еўропы, але затым вырашыў дадаць сюды звесткі і пра тых, хто перамагаў у Алімпійскіх гульнях і Кубку Амерыкі. Пошук і апрацоўка патрэбнай інфармацыі занялі каля 10 апошніх гадоў, бо любімай справай даводзілася займацца ў рэдкія вольныя ад асноўнай працы гадзіны».
«Радзіма шэпча: „Валіце адсюль“». Як сям’я гродзенцаў займаецца адукацыяй пенсіянераў і журналістаў
Кніга для тых хто любіць футбол, цікавіцца яго гісторыяй і шануе роднае слова
Вітаўт кажа, што сёння ў Беларусі вельмі бракуе энцыклапедычна-даведачных выданняў на роднай мове, у тым ліку пра футбол. Таму стварэнне грунтоўнага выдання на беларускай мове і было яго галоўнай матывацыяй.
«Мая кніга разлічана на тых, хто любіць футбол, цікавіцца яго гісторыяй, шануе роднае слова. Я стараўся зрабіць так, каб ў выданні былі не толькі сухія лічбы, але і цікавыя біяграфічныя звесткі пра маіх герояў. Таму, спадзяюся, што нават тыя, хто не асабліва цікавіцца футболам, зазірнуўшы ў кнігу, знойдуць тут нешта цікавае для сябе».
Імёны і лічбы
Журналіст распавядае, што самае складанае ў зборы інфармацыі для кнігі - гэта пошук звестак пра многіх з герояў. Пошукі маглі ісці дні і месяцы.
«Да прыкладу, нават зараз адшукаць у публічнай прасторы даты нараджэння ўсіх футбалістаў Парагвая, якія заваявалі Кубак Амерыкі 1979 года, задача яшчэ тая. Што тады казаць пра тых, хто заваёўваў залатыя медалі розных турніраў ў 20−30 гады мінулага стагоддзя? Асабліва калі гэта былі не прадстаўнікі еўрапейскіх каманд.
Яшчэ адна праблема — праверка лічбаў (за якія каманды гуляў чалавек, колькі галоў забіў і г. д.). Як і ў журналістыцы, даводзілася параўноўваць такую інфармацыю ў розных крыніцах, вырашаць, якім звесткам верыць больш. Пэўныя складанасці ўяўляла і транслітэрацыя некаторых прозвішчаў на беларускую мову. Да прыкладу, пісць Андэршон, як гэтае прозвішча вымаўляюць шведы, альбо Андэрсан, як прывыклі пісаць у нас".
Толькі адзін беларус
У кнізе Рудніка только адзін беларус — Сяргей Гарлуковіч, які ў складзе каманды СССР перамог на футбольным турніры Алімпіяды-1988.
«Пакуль толькі ён. Сяргей нарадзіўся на Ашмяншчыне (у Барунах), да 25 год гуляў у Беларусі, але на Алімпіяду паехаў ужо як гулец маскоўскага „Лакаматыву“. Пасля развалу СССР футбаліст прыняў рашэнне гуляць за каманду Расіі. Больш ніхто з ураджэнцаў Беларусі на самых галоўных футбольных турнірах свету не перамагаў».
Не апошняя кніга
Гродзенец ужо будуе планы на выданне іншых кніг пра чэмпіёнаў. У яго ўжо зараз амаль гатовы чарнавы варыянт кнігі з умоўнай назвай «Чэмпіёны кантынентаў». У ёй будзе сабрана інфармацыя пра трэнераў, якія перамагалі ў чэмпіянатах Азіі, Акіяніі, Афрыкі, Еўропы, Паўднёвай Амерыкі, Паўночнай і Цэнтральнай Амерыкі, а таксама ў чэмпіянатах свету і Алімпійскіх гульнях.
Яшчэ адна будучая кніга мае быць пра пераможцаў Кубку Еўрапейскіх Чэмпіёнаў і паўднёваамерыканскага Кубка Лібертадорэс.
«Хапае і іншых задумаў. Галоўнае, как здароўя хапіла», — дадаў Вітаўт.
Падтрымаць выданне гродзенкага журналіста «Вялікая Кніга чэмпіёнаў» можна на платформе MolaMola. Вітаўт Руднік плануе сабраць 4 тысячы рублёў. Кожны ахвярадаўца атрымая кнігу і аўтограф аўтара.