Восьмы год запар на Аўгустоўскім канале пад Гродна збіраюцца раварысты з суседніх Беларусі краінаў. Сёлета 21 ліпеня сюды прыехала больш за 650 удзельнікаў марафона. Кожны з іх абраў сабе трасу па сілах — 65, 47 ці 7 кіламетраў. Дзяцей на роварах і бегавелах чакала стометроўка. Пра традыцыі і навінкі марафона Hrodna.life расказалі яго арганізатары.
Упершыню на марафоне — новы суддзя і электронны хранаметраж
На ўсіх папярэдніх марафонах «Суседзяў» галоўным суддзей быў Іван Найдзёнаў. Апошнія гады ён сумяшчаў абавязкі суддзі і дырэктара марафона. Сёлета гэтых абавязкаў стала так шмат, што арганізатары вырашылі іх падзяліць. Галоўным суддзёй марафона ўпершыню стаў Ян Камінскі з Польшчы. На «Маратонах крэсовых» ён мае досвед у судзействе больш за 10 гадоў.
«Ёсць нормы і правілы, каторых мы абавязаны трымацца. У астатнім усё проста — выйграў наймацнейшы, а перамог — кожны, хто даехаў да канца.»
Трасу абнавілі ў апошні момант
«Трасу змянілі ў двух месцах» — папярэджваў удзельнікаў Сяргей Нікулін. Ён адказваў за падрыхтоўку трасы да спаборніцтваў і распавёў, што апошнія змены ў маршрут былі ўнесены ў апошнюю ноч перад стартам. «Трохі размыла брод, яго лепш праехаць па праваму боку. У „нарвежскім лесе“ ноччу упала дрэва, таму зрабілі аб’езд. Так што ўважліва сачыце за стрэлкамі.»
Добрая традыцыя — стабільны склад удзельнікаў і сонечнае надвор’е
Кіраўнічка «ВелаГродна» Юля Каляда распавяла, што сёлетні марафон сабраў «звычайную» колькасць удзельнікаў. «Папярэднія гады таксама збіралі каля 700 раварыстаў, хаця кожны раз мы гатовы прыняць 1000 удзельнікаў.» Меркаваннем Юлі Каляды, колькасць удзельнікаў не змяняецца праз тое, што ўдзел у марафоне патрабуе высілкаў і не кожнаму пасуе. «Гэта не проста імпрэза, куды можна купіць білет і прыехаць паглядзець. Заяўляюцца тыя, хто гатовы фізічна ўкласціся ва ўдзел, праехаць трасу».
«Заўжды напярэдадні марафона ідуць дажджы і навальніцы. Кожны раз перажываем, каб не было дажджу ў дзень спаборніцтваў. Але кожны раз нам шанцуе. Вось і сёння — сонца, ехаць камфортна.»
Усё, апроч надвор’я, па словах Юлі, забяспечвала на марафоне зусім невялікая каманда арганізатараў. Асноўную працу выконвалі 7−8 сябраў арганізацыі.
Праедзем марафон пасля «Суседзяў»
Праехаць трасу марафона ў дзень спаборніцтваў амаль нікому з арганізатараў не ўдаецца. Кожны моцна заангажаваны на сваім участку працы. Жартуюць, што як скончыцца марафон для удзельнікаў і падвядуць апошнія вынікі, збяруцца разам і таксама праедуць марафон. А пасля — пачнуць рыхтаваць новы.