«Чалавек на вазку — не значыць, што жыццё скончылася. Чырвоная памада, касметыка, адзенне. Так, людзі звяртаюць увагу. Але яны могуць на цябе глядзець з захапленнем, а не з жалем», — кажа Аксана. Яна лічыць, што конкурс прыгажосці дапаможа ёй ажыццявіць свае мары. Напрыклад, яна б хацела рэкламаваць касметыку і займацца мадэлінгам. А з тытулам гэта рабіць прасцей.
Аксана Якуцэвіч эфектна з’яўляецца на невялікай інваліднай калясцы з сябрам. Яна вельмі звонка смяецца і выдатна выглядае — макіяж, яркае адзенне, невялікая сумачка. На старонцы ў фэйсбуку — фота са спартзалы, рэстаранаў, турзлётаў. На вазок прыйшлося сесці ў 22 гады, калі яна атрымала вельмі крыўдную траўму — зламала пазваночнік, калі з’язджала з горкі ў лесе.
— Сябры ўсе разам з’ехалі, а я захацела адна. І вось яны з’ехалі, а я за імі. І стукнулася: кранулася зямлі пяткай, а мяне разгарнула ў адваротны бок. Стукнулася галавой, але неяк зламала спіну. Я не ведаю. Гэта цуды. Як лекар сказаў: Бог беражэ альбо п’яных, альбо закаханых, — кажа Аксана.
Здаецца, яна памятае той дзень ва ўсіх падрабязнасцях. Тады яна працавала медсястрой у рэанімацыі БХМД. Туды Аксану і прывезлі.
— Мяне абследавалі, адразу паставілі пералом пазваночніка. Ну, можа я яшчэ і хадзіла б, але мяне сябры запіхнулі ў машыну дзвюхдзверную на задняе сядзенне, каб прывезці ў бальніцу. Яны мне скруцілі усё, што толькі можна.
У Аксаны спінны мозг цэлы — разрыву няма. Лекары казалі, што яна будзе хадзіць. Звычайна на аднаўленне даюць год. Тры гады Аксана займалася, поўзала, рабіла зарадку. Адчувальнасць ног палепшылася, але хадзіць яна не стала. «Жывеш ужо і жывеш», — па-філасофску кажа яна.
«Напэўна, лёс»
— Тады яшчэ міліцыянты, калі аглядалі месца здарэння, не маглі паверыць. У іх была версія, што я была са сваім хлопцам і ён мяне выкінуў з машыны. Я кажу: я што, буду хаваць кагосьці, навошта мне гэта трэба?
Аксана сама працавала ў шпіталі. Яна бачыла падобныя выпадкі, але не магла падумаць, што такое можа здарыцца з ёй.
— Потым, ужо на рэабілітацыі - у розных санаторыях, лагерах — я паглядзела, якія ў людзей банальныя прычыны. Не трэба аўтамабільнай аварыі, не трэба ныраць, плаваць. Хтосьці граў на фартэпіяна — адкінуўся, упаў, зламаў шыю. Хтосьці ішоў у прыбіральню — за дыван зачапіўся. Або вось мужчына быў лесарубам. Дрэва на яго падала, ён уцёк. А зачапіўся за іншае, якое ляжала, — і ўсё. Разумееце, гэта такое вось… Напэўна, усё-ткі лёс, — заключае Аксана.
«Хацела ехаць на цягніку ноччу, каб мяне не бачылі»
— Дэпрэсняк быў. Баялася выйсці. Мы ездзілі на рэабілітацыю, я хацела ехаць на цягніку ноччу, каб мяне ніхто не бачыў. Таму што быў комплекс: была маладая, прыгожая, было шмат хлопцаў. Усё жыццё, магчымасці…
Аксана выкінула ўсю касметыку, адзенне, туфлі на абцасах. Сябры клікалі гуляць, але яна не хацела. Аксана кажа, што такі перыяд перажывае кожны чалавек з інваліднасцю. У яе гэта заняло год. Тым больш, у 2005 годзе з інфраструктурай было значна горш. Аксана ўспамінае, як даводзілася тры гады сядзець у зняволенні, бо не залівалі пандус да дамафона. Цяпер яго залілі і зрабілі схіл збоку. Праўда, неідэальна. У пад’ездзе ёсць адкідны пандус. З’ехаць Аксана сама можа, а падняцца дапамагае мама, але ў яе ўжо таксама праблемы з нагамі. Часам на дапамогу прыходзяць суседзі. Аксана кажа, што магло быць і горш — некаторыя жывуць на пятым паверсе без ліфта. А ў доме з ліфтам яшчэ нядрэнна.
Дапамагло дзяўчыне тое, што сябры сталі выцягваць пагуляць. А яшчэ курсы рэабілітацыі ў Вроцлаве, курсы актыўнай рэабілітацыі ў Мінску. Аксана прыехала адтуль і адразу накупляла касметыкі. Для дзяўчыны гэта цалкам сабе паказчык выздараўлення. На курсах яе заўважылі і сталі клікаць на інклюзіўныя спаборніцтвы.
Зараз Аксана вядзе актыўнае жыццё: ездзіць на турзлёты, на мерапрыемствы і майстар-класы, ходзіць у кафэ і спартзалу, ужо атрымала правы кіроўцы. Прыняла ўдзел у модным паказе на Grodno Fashion Show.
«Я заўсёды была модніцай»
Пытаем, як не зніклі жаданне і сілы даглядаць сябе.
— Я заўсёды была модніцай, — смяецца Аксана. — Яшчэ па школе ўспамінаюць маю чырвоную памаду. Як яны казалі: спачатку ўваходзяць вусны, а потым Аксана. Гэта было і ў школе, і на працы, і цяпер. Мама ўсё кажа: колькі можна купляць вопратку, колькі можна купляць касметыку? Ты паглядзі, у цябе яе няма куды ставіць. А я кажу: у мяне адна радасць у жыцці! І мне ад гэтага лягчэй. І жыць добра.
Сям’ю пакуль пабудаваць не атрымалася. Да траўмы ў Аксаны было шмат знаёмстваў і мужчынскай увагі. І пасля траўмы былі сур’ёзныя адносіны, калі яна з мужчынамі сустракалася па некалькі гадоў, справа ішла да вяселля. Але ў аднаго мужчына родныя былі супраць такой сям'і, і нават бацюшка яго адгаворваў ад шлюбу, пра што той распавёў Аксане. І калі ён усё ж такі зрабіў прапанову, дзяўчыне гэта ўжо было нецікава. Другі ўпарта імкнуўся паставіць яе «на ногі», а дзяўчына хацела, каб яе прымалі такой, якая яна ёсць.
«Хачу, каб гэта быў не проста ўдзел»
— Чалавек на вазку — не значыць, што жыццё скончылася. Чырвоная памада, касметыка, адзенне. Так, людзі звяртаюць увагу. Але яны могуць на цябе глядзець з захапленнем, а не з жалем, — кажа Аксана.
Яна даўно хацела паўдзельнічаць у конкурсе прыгажосці. «Гэта маё. Я люблю фатаграфіі, конкурсы прыгажосці», — кажа дзяўчына. У Беларусі конкурсаў для дзяўчат на вазках не было і Аксана вырашыла ехаць у Піцер на «Неўскую красу».
Там удзельніц будуць ацэньваць у дзвюх узроставых катэгорыях: «Міс Неўская Краса — 2019» — ад 18 да 35 гадоў і катэгорыя «Ледзі Неўская Краса — 2019» — ад 36 да 49 гадоў.
Удзельніцам прапануюць выканаць некалькі заданняў: распрацаваць план па адкрыцці бізнесу або сацыяльнага праекта для маламабільных людзей, падрыхтаваць турыстычную візітоўку пра свой горад, распавёўшы пра магчымасці для людзей з інваліднасцю. Фінал конкурсу пройдзе 13 верасня. Дарэчы, адна беларуска — Аляксандра Чычыкава — ужо атрымала тытул «Міс Свету — 2017 на інваліднай калясцы» ў Варшаве.— Мне падабаецца касметыка, я б у фотасесіях паўдзельнічала. Хачу, каб гэта быў не проста ўдзел, а каб гэта стала прыступкай да далейшага развіцця. Магчыма, мне гэта ў будучыні адкрые дадатковыя дзверы ў сферы мадэлінгу, — кажа дзяўчына.
Аксана кажа, што «і хочацца, і колецца». Конкурс бясплатны, але за пражыванне, пражыванне суправаджальніка, дарогу, вячэрнія сукенкі прыйдзецца заплаціць. Пражыванне каштуе 1000 расійскіх рублёў у дзень, конкурс будзе доўжыцца тыдзень. Аксана кажа, што калі б знайшоўся спонсар, які б хоць часткова дапамог, яна б дакладна паехала. А пакуль дзяўчына сумняваецца.