Людзі і справы

«Вакол Беларусі на веласіпедах з маторамі». Гродзенцаў запрашаюць падтрымаць дакументальны фільм ад стваральнікаў «Рома едзе»

Фільм пра падарожжа двух сяброў уздоўж беларускай мяжы шукае сродкі праз краўдфандынгавую пляцоўку ulej.by. У выніку атрымаецца паўнаметражная стужка, якую перакладуць на англійскую мову і адправяць на кінафестывалі. Асобная частка ў фільме будзе прысвечана Гродна.

Фільм атрымаўся пра прыгоды, сустрэтых людзей і родную зямлю. За 47 дзён Раман Свечнікаў і Барыс Нікалайчык праехалі больш за 3000 кіламетраў і адздымалі 120 гадзін відэаматэрыялу.

— Чаму мы знялі гэты фільм? Таму што дрэнна ўяўлялі, чым жывуць людзі за межамі мінскай кальцавой. Мы прывыклі да жартаў пра тое, што «Беларусь гэта парк Савецкага перыяду». Але час няўмольны, і здаецца, што Беларусь, да якой мы прывыклі, хутка знікне. Мы хацелі зафіксаваць 20-гадовую эпоху краіны да таго, як яна страціць свае харызматычныя рысы, — кажуць стваральнікі фільма.

Статак дзікоў, баржа і карціна з хлява

Яны расказалі пра цікавыя рэчы, што адбыліся на Гродзеншчыне, і лепшае месца для купання:

— Напрыклад, у горадзе Свіслач Рома выпрасіў у мясцовых жыхароў карціну, якая гадоў 20 правісела на сцяне хлява пад дажджом і снегам. Мы яе праз усю вобласць перлі на ровары і ў Гродне на мінскі цягнік пасадзілі, зараз у Ромы дома вісіць.


Аб’язджаючы Белавежскую пушчу, мы ўначы сустрэлі статак дзікоў на дарозе. Ледзь ногі адтуль забралі! А пад Лідай нам мясцовыя хлопцы паказалі баржу, з крана якой мы кожны вечар скакалі ў ваду. Для нас гэта было лепшым месцам для купання ва ўсёй Беларусі!

Фільм — адказ на пытанне «хто мы»

Першая палова фільма гатовая. Чатыры серыі «дзёрзкага гонза-серыяла», як яго называюць стваральнікі, можна паглядзець на Youtube і сайце 34mag.net. Грошы збіраюцца на завяршэнне паўнаметражнага фільма: звядзенне гуку, колеракарэкцыю, пераклад на англійскую мову, субцітраванне, пераклад у DCPI фармат і рассылку па кінафестывалях.

— За 47 дзён мы праехалі каля 3 тысяч кіламетраў уздоўж межаў нашай радзімы. За гэты час мы зразумелі, што Беларусь — шматаблічная. Нельга ў адным сказе сфармуляваць, якая яна, і хто такія мы, беларусы. Менавіта таму мы нацэліліся на паўнаметражны фільм — гэта будзе наш не вельмі лаканічны, затое сумленны адказ на пастаўленыя пытанні.

Бюджэт фільма — 6 000 BYN. Збор сродкаў выкананы на 44%. Падтрымаўшы праект на пэўную суму, вы атрымаеце розныя падарункі. Сярод іх — паштоўкі, запрашальнікі на прэм’еру фільма, спецыяльнае выданне кнігі «Рома едзе», сустрэча з яе аўтарам, вебінар пра лайфхакі кругасветнага падарожжа ад Ромы Свечнікава. Па жаданні вы можаце адмовіцца ад падарунка ці ўзгадвання ў спісе спонсараў. Засталося 17 дзён, за якія можна зрабіць унёсак.

Над праектам працуе каманда Risky guys: Раман Свечнікаў, Барыс Нікалайчык і Вольга Палевікова. На працягу трох гадоў яны працавалі над вострасюжэтным праектам пра кругасветнае падарожжа пад назвай «Рома едзе», па выніках якога была выдадзена кніга на беларускай і рускай мовах.

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Каб цябе пярун забіў!» Як неверагодны пярун 90 гадоў таму трымаў у страху Гродзеншчыну

“Каб цябе пярун забіў!” - адзін з найбольш вядомых беларускіх праклёнаў. У 1934 і 1935…

22 красавіка 2025

Гродзенцы адкрылі грыбны сезон. Дзе ў вобласці шукаць смаржкі і іншыя грыбы?

З надыходам цяпла ў заходніх рэгіёнах Беларусі - Гродзенскай і Брэсцкай абласцях - сталі з'яўляцца…

22 красавіка 2025

Аліўкавыя, залатыя і мармуровыя яйкі. Трэнды Tik Tok на Вялікдзень 2025

Змяшаць два знаёмыя спосабы афарбоўкі яек і атрымаць аліўкавы колер, знайсці спосаб з дапамогай хімічнай…

17 красавіка 2025

«Усё жыццё мару, што нехта са сваякоў знойдзецца». Гродзенка расказала, як пасля вайны не змагла з’ехаць у Польшчу і трапіла ў Казахстан

Яніна Міхайлаўна Земба нарадзілася ў Гродне ў 1934 годзе. Падчас нямецкай акупацыі яе маму вывезлі…

10 красавіка 2025

Мільярды еўра — Варшаве, мільёны — Мінску. Параўналі, як Польшча і Беларусь выкарыстоўвалі еўрапейскія гранты

«Еўрасаюз нам не патрэбен!» Гэты наратыў папулярны не толькі ў беларускай прапаганды, але і ў…

9 красавіка 2025

Як з беларускіх зямель даплывалі да Амерыкі 100 год таму: расказвае падкаст «Зямля свабоды»

У пошуках лепшага жыцця тысячы людзей выязджалі з беларускіх зямель больш за сто год таму.…

9 красавіка 2025