Гродзенец Мікіта калекцыянуе рэквізіт у духу постапакаліпсісу ўжо даўно. За апошнія гады ў яго калекцыі з’явілася некалькі ахоўных касцюмаў і процівагазаў. У канцы лютага, калі ў свеце абвясцілі пандэмію каранавіруса, хлопца можна было ўбачыць у адным з касцюмаў на вуліцах Гродна. Чарговы раз яго заўважылі ў цэнтры горада 5 красавіка, ён быў у процівагазе.
Тэмай постапакаліпсісу Мікіта цікавіцца з сярэдзіны 2000-х. Тады на рынках у вольным доступе можна было знайсці процівагаз і любы ахоўны касцюм савецкага перыяду на выпадак ядзернай вайны. Рэквізіт хлопец збірае для задавальнення і фотасесій.
Процівагаз — нармальна, гідракасцюм — празмернасць
«Сёння я выкарыстоўваю свае маскі з калекцыі па прамым прызначэнні - для індывідуальнай абароны, — распавядае Мікіта. — Яшчэ паўтара месяца таму гэта выглядала чымсьці з шэрагу эпатажных забаваў. Мала хто ў Беларусі сур’ёзна ўспрымаў пандэмію, але сёння на вуліцах хапае людзей у масках і пальчатках.
Я да гэтага даўно быў гатовы. Процівагаз — не больш чым складаная маска, шматразовы, мыецца, робіць тое ж самае, нават надзейней, закрывае вочы. Выкарыстоўваць сродкі абароны не сорамна. А вось прамысловы гідракасцюм для выхаду ў краму — гэта ўжо празмернасць".
«Дзверы ў крамах адкрываю за верхні кут»
Мікіта жыве ў цэнтры Гродна, яшчэ нядаўна яго можна было сустрэць у людных месцах. Але з-за пандэміі каранавіруса гродзенец стаў радзей з’яўляцца ў горадзе. Калі яму трэба наведаць месцы агульнага карыстання, то ён выходзіць у процівагазе і пальчатках.
«Калі выбіраеш кампраміс паміж самаізаляцыяй і прысутнасцю ў знешнім асяроддзі, прыходзіцца задумвацца, пераглядаць спосаб узаемадзеяння з людзьмі і бытавыя звычкі. Напрыклад, дзверы ў крамах цяпер адкрываю за верхні кут, а не за ручку. Калі мне трэба кудысьці трапіць, не выкарыстоўваю грамадскі транспарт, езджу на асабістым або ровары».
«Паніка ўзнікае ў эмацыйна нестабільных людзей з любой нагоды»
Мікіта не лічыць сябе публічным чалавекам. Ён не хоча прыцягваць увагі да ўласнай асобы, але тэма грамадзянскай абароны яму не абыякавая.
«Рэакцыя некаторых гараджан на вуліцы часам выклікае ў мяне ўсмешку. Нядаўна на Савецкай плошчы жанчына кінула ў мой адрас: «Трэба Богу маліцца, а не ў процівагазе хадзіць». А паралельна на Вербніцу ў касцёлы прыйшлі сотні пажылых і не ізаляваных людзей.
Ці мужчына ў цэнтры эмацыйна выказаўся: «Навошта паніку наводзіце?» Да гэтага трэба быць гатовым таксама. Паніка ўзнікае ў эмацыйна нестабільных людзей з любой нагоды. Незалежна ад таго, колькі будзе доўжыцца біялагічная пагроза і якія сацыяльна-эканамічныя наступствы могуць быць, пытанне граматнага і адказнага стаўлення не страціць актуальнасці".
Не час для падарункаў
Спекуляваць на сродках абароны Мікіта не збіраецца. Рэквізіт гадамі ён збіраў не для таго, каб яго прадаваць. Хоць попыт на процівагазы і ахоўныя касцюмы зараз вялікі.
«На рынках нешта вартае з абароны ўжо не знайсці. На добры тавар скупшчыкі сталі завышаць кошты. Сябры не дадуць схлусіць, раней лішкамі простых процівагазаў абменьваліся і дарылі. Але цяпер ужо не той час».