Двое сяброў Mr. Koba (Аляксандр) і Mr. Jakov (Ілья) у студзені запусцілі ў Гродне незвычайную паслугу — дастаўка лістоў з прадказаннямі. Па словах хлопцаў, іх карэспандэнцыю піша аракул, які жыве на самой вузкай вулачцы Стакгольма. Кожны ліст унікальны па змесце, ніколі не паўтараецца і абавязкова перадаецца чалавеку асабіста ў рукі.
Пачынаў з чароўных арэхаў
Тры гады таму Аляксандра можна было ўбачыць у цэнтры Гродна ў касцюме чараўніка. Тады хлопец прапаноўваў мінакам арэхі з прадказаннямі. За гэты час ён стаў папулярнай фігурай у горадзе.
«Ідэя лістоў з прадказаннямі ня новая для мяне, я проста змяніў свой папярэдні праект. Яшчэ ў 2016 годзе я выйшаў на Савецкую плошчу ў калядныя святы ў касцюме чараўніка і мяняў арэхі з прадказаннямі на звычайны рубель. Забаўляў людзей і трохі зарабляў. Столькі усмешак ад мінакоў я раней не бачыў. Некаторыя з гэтага кпілі, але былі і тыя, што кожны дзень прыходзілі за прадказаннямі. Камусьці яны дапамагалі. На трэці год праекта з чароўнымі арэхамі я вырашыў усё кардынальна змяніць».
Кожны ліст унікальны
Каб новы праект атрымаўся больш цікавым, Аляксандр вырашыў стаць паштальёнам, які даставіць людзям лісты з прадказаннямі. Да рэалізацыі праекта ён падключыў свайго сябра Іллю. Праект хлопцы назвалі Luck postal service (Паштовая служба шацунку) і прыдумалі сабе арыгінальныя строі.
«Усе нашы лісты складаюцца ў Стакгольме. Піша іх аракул, які жыве на самай вузкай вулачцы сталіцы Швецыі. Кожны ліст унікальны па змесце і не паўтараецца. Дастаўка лістоў працуе як і любая паштовая служба. Замовіць ліст можна для сябе або для іншага. Для гэтага дастаткова звязацца з намі праз Instagram, напісаўшы імя і адрас атрымальніка».
Праект апрабавалі ў Стакгольме
Гродзенцы пачалі свой праект на вуліцах Стакгольма. Там жа яны здымалі рэкламу.
«Спецыяльна для рэкламы нашай пошты мы паляцелі ў Стакгольм. У Гродне толькі трохі абдумалі моманты здымак, касцюмы — і ў шлях. Цікава было шпацыраваць па сталіцы Швецыі ў незвычайных строях паштальёнаў. Рэакцыя на нас была толькі станоўчая. Хтосьці падыходзіў для фота, а сыходзіў ужо з лістом, калі ім тлумачылі, хто мы. У гэтай справе спатрэбілася веданне англійскай і бракавала ведаў шведскай мовы. Усе, што бачылі шведскі сцяг, пачыналі дыялог са шведскага «Hej» — прывітанне. У Швецыі мы стартавалі, а праз некаторы час вярнуліся ў Гродна і адразу прыступілі да дастаўкі лістоў.За студзень паштальёны разнеслі ў Гродне ўжо больш за дваццаць лістоў з прадказаннямі.