Тэрэса Станіславаўна Барылава (Раманоўская) нарадзілася ў 1935 годзе на вуліцы Млынарскай (суч. Чырвонапартызанская). Каталічка. Падчас нямецкай акупацыі хадзіла ў дзіцячы садок пры Францішканьскім касцёле. Яе бацька пасля вайны памёр, а маму арыштавалі паводле даносу. Каб выжыць гродзенцы давялося ісці працаваць на тытунёвую фабрыку.
«Мая мама па прозвішчы Малышка з Пушкароў, яна выйшла замуж за гродзенца Раманоўскага. І жылі яны ў Гродне на вуліцы Млынарскай, на левым беразе Нёмана. Было ў нас там тры дамы, усе побач стаялі. У адным з іх нарадзілася і я. Ёсць у нас такая сямейная легенда: аднойчы бабуля па татавай лініі гуляла каля замка і знайшла скарб. За знойдзеныя грошы сям’я і пабудавала тры гэтыя дамы на беразе Нёмана. У маіх бацькоў былі тры дзяўчынкі, я сярэдняя. Бацька працаваў на прыстані - тартак будаваў, а мама за палякамі не працавала — даглядала гаспадарку і дзяцей. У 1930-х раскошна мы не жылі, добра было тым, хто меў сталую працу».Раманаўскія жылі толькі ў адной кватэры — пакоі і кухні, а ўсё астатняе жыллё здавалі іншым людзям. Усяго ў іх у трох дамах было пяць аднапакаёвых кватэр.
«Здымалі ў нас жыллё ў асноўным палякі, быў і адзін аўстрыйскі немец фаміліі Гартунг. Падчас вайны ён быў перакладчыкам. За атрыманыя грошы з арэнды мы можна сказаць і жылі. У краму хадзілі ў суседнюю хату да яўрэяў, яны ўмелі добра гандляваць. За палякамі я паспела пайсці ў дзіцячы садок, ён быў у доме адразу каля касцёла».
Незадоўга да пачатку Другой сусветнай вайны главу сямейства Раманоўскіх забралі ў польскую армію. Жонка і яго дзеці засталіся ў Гродне, у які ўвайшлі савецкія войскі. Новая ўлада іх амаль не кранула.
«Бацька пайшоў на вайну ў складзе польскай арміі ў 1939 годзе. І калі яны ехалі на цягніку, іх разбамбілі немцы. Салдаты разбегліся хто куды, бацька пайшоў дадому. Доўга ішоў, лясамі. Галодны і слабы, але дайшоў да Гродна толькі ў 1945 годзе. Пасля гэтага ён моцна хварэў, у яго адбылося звужэнне кішак, і праз год ён памёр.
Што тычыцца саветаў у 1939 годзе, то проста так ніхто не даў ім ўвайсці ў Гродна, гараджане зладзілі абарону. Я вам раскажу, як загінуў Гарнавых, у гонар якога названая вуліца каля маста. Ён ехаў на танку адным з першых, і выйшла дзяўчынка, якой далі кветкі. Яна кінула яму іх, а там у букеце была выбухоўка. Снарад бабахнуў і Гарнавых загінуў. Ён тады на мосце адным з першых загінуў сярод рускіх. [Паводле афіцыйнай версіі Гарнавых загінуў у баі, калі яго танк заехаў на мост — рэд.]
Саветы як прыйшлі ў Гродна, то пачалі адразу ўсіх арыштоўваць. Людзі баяліся іх. Калі па вуліцы ехала машына, то гараджане маліліся, каб не па тваю сям’ю. Потым ціха выглядалі ў акенца і глядзелі каго вывезуць на гэты раз. Хапалі многіх, асабліва тых, у каго была радня за мяжой. Давалі гадзіну на зборы і вывозілі ў Сібір. Нас не вывезлі, але свае кватэры мы перасталі здаваць. Усё нацыяналізавалі. Дазволілі нам з мамай жыць толькі ў адным пакоі. За саветамі мы сталі жабракамі, а каб пракарміць сям’ю, мама хадзіла ў вёску да сваякоў па ежу".
Тэрэса Станіславаўна кажа, што многія гродзенцы былі злыя на савецкую ўладу з-за шматлікіх рэпрэсій і таму калі ўвайшлі немцы ў чэрвені 1941 года, некаторыя гараджане радаваліся ім.
«Яшчэ перад вайной з немцамі многіх павінны былі вывезці ў Сібір, людзей уносілі ў спецыяльныя спісы. І калі ўвайшлі немцы, то некаторыя людзі радаваліся ім, думалі будзе спакайней. Але па выніку немцы сталі яшчэ горш для кагосьці - сталі сапраўднымі акупантамі, у параўнанні з рускімі, якія спрабавалі навязаць сваю культуру і мову, а непатрэбных вывезці. Пры немцах асабліва пацярпелі яўрэі, з нашай вуліцы ўсіх вывезлі.
За немцамі я пайшла зноў у садок ад касцёла. Кіраваў там святар Аркадыюш і бралі туды дзяцей, чыіх бацькоў забралі на вайну. Памятаю, аднойчы мы выйшлі з касцёла, у нас тады першая камунія была, і якраз побач па дарозе ехалі немцы на танках. Яны ўбачылі дзяцей са свечкамі і спыніліся, каб прапусціць нас. Гэты момант я запомніла.
Мама падчас акупацыі хадзіла ў вёску па прадукты. Нешта несла дадому, а нешта прадавала. Часам дома пяклі хлеб і таксама прадавалі. Старэйшая сястра працавала ў шапачнай майстэрні ў доме Мураўёва. Немец за ёй бегаў, спрабаваў заляцацца. Прыгожая была, але баялася гэтых кавалераў.
Былі моманты, што мы з мамай выходзілі ў горад, а там гета ў цэнтры было. Памятаю, дзеці праз калючы дрот рукі працягвалі і прасілі паесці. Мы ім хлеба давалі. У нас і саміх іншы раз не было чаго есці, але яны наогул галадалі. Вельмі шкада было. Я была там і бачыла гэта гета.
У 1944 годзе, калі савецкія войскі прыйшлі вызваляць Гродна, каля нашага падворка былі акопы. Немцы на нашым беразе, а саветы на правым. Так і абстрэльвалі адзін аднаго, мы тым часам сядзелі ў падвале. А мост ужо тады быў узарваны.
Пасля вызвалення на нашай вуліцы было шмат палонных немцаў. Хадзілі па вуліцы, нават параненага памятаю. А лагер у іх быў недалёка ад касцёла, дзе цяпер бальніца. Галодныя, усё прасілі есці. Хтосьці паміраў і іх хавалі на мясцовых могілках на сучаснай вуліцы Міра, дзе цяпер стаяць гаражы".
Пасля вайны Тэрэса пайшла вучыцца ў польскую школу на вуліцы Паўночнай (суч. Ваўковіча). Але неўзабаве павінна была спыніць вучобу, бо пайшла працаваць на тытунёвую фабрыку, каб пракарміць сябе і сястру.
«Пасля вызвалення мама адзін час працавала прыбіральшчыцай на мэблевай фабрыцы. Сястра старэйшая памерла ад брушнога тыфу ў 1945 годзе, ёй было ўсяго 18 гадоў. Бацька памёр ў 1946 годзе ад сваёй хваробы. Спачатку мы засталіся адны дома з мамай. Дзесьці ў канцы 1940-х яна папрасіла суседа насекчы дроў, бо не было каму. Заплацілі яму самагонкай, а пра гэта даведалася суседка і напісала ананімку на маму. Прыйшла міліцыя з ператрусам у наш пакой і знайшла чацвертушку гарэлкі. Маму забралі ў турму і далі ёй 6 гадоў. Я і сястра засталіся адны.
Калі я пайшла на тытунёвую фабрыку працаваць, мне не было яшчэ і 16 гадоў. Спачатку я прыйшла ў аддзел кадраў і папрасіла, каб узялі на працу. Сказала, што маму пасадзілі, бацька памёр, а нам з сястрой есці няма чаго. Мне адмовілі, спасылаючыся на тое, што яшчэ малая і трэба ў дзіцячы садок ісці, а не на работу. Тады я вырашыла пайсці да дырэктара і паплакала там у яго ў кабінеце. У выніку ўзялі мяне на працу. На табачцы я прапрацавала 40 гадоў.Пасля смерці Сталіна, у 1953 годзе, маму вызвалілі. На прымусовых работах яна прабыла 4 гады. Калі яе вызвалілі, я ўжо працавала і памятаю, як да мяне падышла жанчына і сказала: «Ідзі сустракай маму, яе выпусцілі». Цяжка было ёй далёка ад дома. Маму трымалі пад Масквой, капала дарогі. Казала, што замярзала там і кармілі людзей вельмі дрэнна. Казала, што яе свіння нават такое б не ела. Усяго за некалькі бутэлек гарэлкі чалавеку прыйшлося так пакутаваць. Добра хоць вярнулася".
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…