Спадчына

«Бацька пайшоў на вайну ў 1939-м і не вярнуўся». Успаміны 83-гадовай гродзенкі, якая жыве ў Расіі

Алена Сцяпанаўна жыве ў Санкт-Пецярбургу, але кожны год прыязджае ў Гродна, каб даглядаць свой сямейны дом на левым беразе Нёмана. У адзін з такіх прыездаў мы пазнаёміліся са сталай гродзенкай і запісалі яе ўспаміны з жыцця Гродна 1930−40-х гадоў.

Алена Сцяпанаўна Елізарава (Пілец) нарадзілася ў 1936 годзе ў Гродне на вуліцы Орла (суч. Аксёнава). Праваслаўная. У 1939 годзе яе бацька пайшоў на вайну з немцамі і прапаў без вестак.

Перайшлі ў праваслаўе

«Мы ўсе гродзенскія. Бацька быў удзельнікам Першай сусветнай вайны, быў у палоне ў немцаў. Там яго амаль не кармілі, людзі паміралі з голаду. І калі ў яго пачаліся сур’ёзныя праблемы з нагамі, ён папрасіў адну багатую сям’ю выбраць яго ў якасці рабочага, на каленях прасіў. Яны дапамаглі яму, а ён потым дапамог ім. Бацька быў вельмі добрым шаўцом. Вярнуўся ў Гродна ён дзесьці ў 1919 годзе.

Сям’я мамы таксама пацярпела падчас Першай сусветнай вайны, яна была вывезена ў Омск. Пасля вайны яны таксама вярнуліся. Дзесьці ў 1920-м годзе бацькі пазнаёміліся і праз год ажаніліся. Вянчаліся яны ў царкве, нягледзячы на тое, што былі спачатку іншай веры. Бацька перайшоў у праваслаўе з каталіцкай, а мама з грэка-каталіцкай веры. Бабуля мая была праваслаўная і яна катэгарычна адмовілася ісці ў касцёл на службу і таму маладым выказала сваю пазіцыю. Так маці і бацька перайшлі ў праваслаўе.

Калі мама выходзіла замуж за бацьку, яна яму сказала, што будзе працаваць, а ён хай даглядае дзяцей. З 1922 года мама ўладкавалася на тытунёвую фабрыку і працавала там упакоўшчыцай больш за 40 гадоў. Бацька працаваў дома, быў шаўцом, у яго заўсёды было па два вучні. Дома ён даглядаў нас, а нас было чацвёра: два старэйшых браты, сястра і я".

Бацькі Алены Сцяпанаўны. Здымкі 1930-х гг.

Дома на рускай, на вуліцы на польскай

Алена Сцяпанаўна кажа, што ў міжваенны час у Гродне жылося добра тым, хто быў працаўладкаваны. Яе сям’я жыла небагата, але на жыццё не скардзілася.

«У мамы і ў таты быў добры заробак. Мама расказвала, што пры тытунёвай фабрыцы, дзе яна працавала, быў садок для дзяцей, там жа для сем’яў давалі пуцёўкі на адпачынак. У нас дома заўсёды была ежа і добрая мэбля. Мелі вялікую бібліятэку. Таксама мы хадзілі ў горад у крамы, дзе заўсёды было вялікае багацце тавараў і прадуктаў. Усё чаго душа пажадае, галоўнае купляй. Мама казала, што пры паляках жылося нам добра, галоўнае было працаваць.

У цэлым да вайны людзі ў Гродне жылі вельмі дружна. Без розніцы — ты паляк, яўрэй ці беларус. У нашай сям'і добра размаўлялі на рускай, часам дома маглі і на гэтай мове гаварыць, а на вуліцы пераходзілі на польскую".

Бацька знік без вестак

У 1939 годзе Германія напала на Польшчу, пачалася Другая сусветная вайна. Бацька Алены Сцяпанаўны быў мабілізаваны ў польскую армію, а яго сям’я засталася ў Гродне.

«Бацьку забралі на вайну 1 верасня, я не памятаю, як ён сыходзіў, толькі ва ўспамінах бачу яго твар. Калі пачалася вайна з немцамі, у Гродне неўзабаве ўвайшлі рускія. Да такога нечаканага павароту мама паставілася нармальна, пэўны час яна жыла ў Расіі і думала, што жыць будзе добра. Мама і за саветамі працягвала працаваць на тытунёвай фабрыцы, карміла нас.

У 1940 годзе ў Гродне быў голад. Памятаю, як мама прынесла аднойчы дадому хлеб і падзяліла на ўсю сям’ю. Малодшы брат з’еў свой кавалак і расплакаўся, сказаў што яшчэ хоча. У старэйшага брата пацяклі слёзы і ён яму аддаў свой кавалак. Мама казала, што ў 1940-м годзе быў дрэнны ўраджай, таму з харчаваннем было складана. Таксама ў гэтым годзе да нас прыехалі бацькі маці, мая другая бабуля. Яна не магла раней прыехаць з-за мяжы савецка-польскай".

Калі стала зразумела, што Польшча пацярпела паразу ў вайне з немцамі, многія салдаты сталі вяртацца дадому. Бацькі Алены Сцяпанаўны не было, як і вестак аб яго гібелі.

«Мама стала шукаць бацьку ў 1940-м годзе, спачатку праз Чырвоны крыж. У Маскве адказвалі, што не ведаюць пра яго месцазнаходжанне, у Германіі таксама не ведалі. Пасля вызвалення Гродна ў ліпені 1944 года мама зноў стала шукаць мужа, яна казала, што ён не мог кінуць сваю сям’ю, бо вельмі любіў яе. Пасля чарговага ліста маме адказала Масква. У лісце гаварылася, што яе муж — наш бацька 6 снежня 1944 года прапаў без вестак. У мяне дагэтуль пытанне, дзе мог знаходзіцца польскі салдат чатыры гады. На гэтае пытанне ніхто так і не даў адказу. Я думаю, ён дзесьці ў Сібіры быў, а калі пачалося наступленне і вызваленне яго ўзялі на фронт, як і іншых зняволеных».

Імянны спіс вайскоўцаў зніклых без вестак. Бацька Алены Сцяпанаўны — Пілец Сцяпан пад № 2.

Немцы сказалі выходзіць на працу

У 1941 годзе падчас нямецкіх налётаў на Гродна сям’я Пілец хавалася ў сваім падвале. Там жа хаваліся і суседзі з іх вуліцы.

«Як немцы пачалі бамбіць горад я не памятаю, але мы тады ўжо сядзелі ў падвале. Ён у нас быў добры, каменны. Бацька рабіў. Памятаю, што ў нашым падвале хаваўся бацюшка са сваёй жонкай і сынам. Яны жылі якраз паміж мастамі, а гэтую тэрыторыю моцна бамбілі. Жонка бацюшкі казала: «Хутка прыйдуць рускія і немцы сыдуць. Будзе ціха і спакойна». Немцы затрымаліся ў Гродне на чатыры гады.

На наступны дзень пасля прыходу немцаў сказалі выходзіць на працу работнікам тытунёвай фабрыкі. Прыйшлі і па маму. Мама працягвала працаваць упакоўшчыцай. За працу плацілі ёй грошы. Яна была дасведчанай супрацоўніцай: толькі засоўвала руку па папяросы і адразу ж дакладна дзясятку ў пачак засоўвала. Як і трэба было. За палякамі яе называлі - «малая машына», за рускімі - «польская машына». Каштоўны работнік пры любой уладзе. Ніколі яна не выносіла з фабрыкі папяросы, цаніла сваё працоўнае месца".

Гродзенская тытунёвая фабрыка падчас нямецкай акупацыі, 1940-я гг.

Не маглі схаваць маленькую яўрэйку

Маму Алены Сцяпанаўны падчас нямецкай акупацыі суседзі звалі «жыдоўскай маткай», таму што яна дапамагала сваім калегам з працы, якіх забралі ў гета.

«Дапамагала яўрэям, бо многіх яе калегаў забралі ў гета. Яна насіла ім ежу, пакуль гэта можна было рабіць, а пасля перадавала прадукты праз ахоўнікаў. А так да гета было небяспечна падыходзіць. Аднойчы яе калега прыбегла з дзіцем да нас дадому. Уся чарнявая і курчавая, прасіла дачку схаваць. А мы былі ўсе светлыя, у нас валасы саламянага колеру, а чым пафарбаваць маленькую жыдоўку нават і не ведалі. Мы не маглі яе ўзяць, бо яна вельмі адрознівалася ад нас. Мама казала знаёмай, што калі возьме яе, то не зможа выратаваць ні яе, ні сваю сям’ю. Яны сышлі. Пасля вайны мама часта ўспамінала гэтую гісторыю і плакала, што не магла ім дапамагчы. Што стала з гэтай жанчынай і яе дзіцём, я нават і не ведаю».

«Як родны сын мог паскардзіцца немцам на сваю маці?»

Гродзенка ўспамінае, што падчас нямецкай акупацыі з бліжэйшых вёсак у горад прыязджалі людзі і прапаноўвалі па хатах прадукты: сыры, смятану, яйкі, хлеб і многае іншае. Мясцовыя куплялі або мянялі рэчы на прадукты.

«Мы таксама так куплялі. Часам прывозілі мяса, у асноўным свініну, і не дай Божа, калі б немцы пра гэта даведаліся. Атрымалі б усе: і тыя, хто прадаваў, і тыя, хто купляў. Мяса на нашай вуліцы заўсёды раскуплялі.

Але быў аднойчы выпадак, неяк прывезлі мяса. Адна жанчына купіла некалькі кілаграмаў, занесла дадому. У нейкі момант у яе адбыўся канфлікт з сынам, не ведаю калі менавіта і чаму. Але ён чамусьці вырашыў адпомсціць ёй і пайшоў у камендатуру скардзіцца, што яна мяса купляе нелегальна. Яго сябар вырашыў сказаць пра гэты выпадак сваёй маці і яна прыбегла да суседкі і расказала, што яе сын пайшоў па немцаў. Яны хуценька ўсё вычысцілі і вымылі ў доме, мяса схавалі. Немцы тым часам хлопца пакінулі ў камэндатуры, а самі прыйшлі правяраць дом, але нічога не знайшлі. Выклікалі яго маці. Яна прыйшла ў камендатуру, а там ужо афіцэр быў з яе сынам. Правёў з імі гутарку і па выніку маці адправіў дадому, а яе сына пакінуў. Маладога хлопца так збілі, што ён ледзь дадому прыпоўз. Немцы не маглі зразумець аднаго: як родны сын мог паскардзіцца на сваю маці?

Немцаў мы баяліся, а яны ўвесь час хадзілі па нашай вуліцы. Як толькі яны прыходзілі, ўсе дрыжалі. Асабліва мае старэйшыя браты, бо іх маглі вывезці ў Германію. Некалькіх дзяўчат з нашай вуліцы так вывезлі на працы. Але так проста немцы не чапалі людзей. Дарэчы, у нас у доме на гарышчы хаваўся польскі машыніст, потым яго мама прыйшла да нас жыць. Чаму ён хаваўся ад немцаў, я так і не даведалася".

Алена Сцяпанаўна каля камянёў, якія прывез яшчэ ў 1930- х гг яе бацька. Ён планаваў выкарыстаць іх у будаўніцтве.

У Нёмане вылавілі мёртвага немца

Алена Сцяпанаўна кажа, што бліжэй да вызвалення Гродна ў ліпені 1944 года ў іх доме было небяспечна знаходзіцца. Нямецкія самалёты часта ляталі каля Нёмана, стралялі і скідалі снарады.

«Два тыдні рускія стаялі на адным беразе, а немцы на іншым. Савецкія войскі не маглі ніяк фарсіраваць Нёман. І зноў мы хаваліся ў падвале, які рабіў бацька. У адзін дзень неяк сціхла стральба, мы выйшлі на вуліцу і ўбачылі савецкіх салдат. Стаялі з братам і казалі ім: «Здравствуйте! Здравствуйте!». Зайшлі ў лес, дзе стаялі нямецкія часткі. Знайшлі там нейкія пакеты, якія можна было намачыць вадой, а пасля яны былі як грэлка. Забралі. Немцы пасля сябе пакінулі шмат смецця, з часам яго прыбіралі.

Праз некалькі дзён мы ўжо спакойна шпацыравалі па вуліцы. Пайшлі нават на пляж купацца, а ён быў недалёка ад нашага дома. Купаемся, і раптам хлапчукі крычаць, што немец мёртвы плыве. Вылавілі яго каля берага. Нас было тады чацвёра ці пяцёра, дакладна не памятаю. Прынеслі з дому рыдлёўкі і пахавалі немца на пляжы. Усё роўна, што гэта быў немец, у першую чаргу гэта чалавек.

Бліжэй да восені недалёка ад лесу мы ўбачылі ўжо жывога немца. Ён быў адзін. Мы спалохаліся і сталі ўцякаць, ён таксама ўцёк, бо нас спалохаўся. Напэўна, немец заблукаў і не паспеў адступіць са сваімі".

Шмат палонных немцаў

Пасля вайны некаторы час у Гродне знаходзіліся палонныя немцы, іх прыцягвалі да разборкі разбураных будынкаў. Некаторыя з палонных хадзілі па хатах і прасілі ў мясцовых прадукты.

«У рускіх было шмат палонных немцаў, яны іх выкарыстоўвалі ў будаўніцтве. Напрыклад, каля нашай вуліцы немцы адбудоўвалі тартак. Палонныя адпрацоўвалі свой працоўны час і іх адпускалі. Прызначалі пэўны час, у якім ім трэба было з’явіцца. Калі нехта прыходзіў пазней ці наогул не з’яўляўся, то палонных каралі або больш не адпускалі. Немцы спакойна хадзілі па хатах на нашай вуліцы і прасілі ежу. Мама дапамагала, чым магла. Памятаю, адзін немец прыйшоў да нас і расплакаўся, паказваў фатаграфію сваёй сям'і. Куды потым вывезлі гэтых палонных, я нават і не ведаю. Але ў горадзе іх было вельмі шмат».

Пасля вызвалення пачаліся гвалт і крадзяжы

Савецкія вызваліцелі ў першы час што хацелі, то і рабілі ў Гродне. З-за вялікай колькасці вайскоўцаў у горадзе ўзрасла злачыннасць, пакутавалі мясцовыя жыхары.

«Такое цяжка казаць, але былі ўсякія выпадкі пасля вызвалення горада. Адна 60-гадовая жанчына з нашай вуліцы пайшла ў суседні лес за грыбамі, злавіў яе нейкі рускі салдат і згвалціў. Прыбегла да нас у двор і пачала горка-горка плакаць. Мама яе доўга слухала і суцяшала, а потым ёй сказала: «Ну чаго равеш? Паспрабавала яшчэ разок на старасць гадоў». Я тады не разумела нічога, але словы яе запомніла на ўсё жыццё. Ужо дзесьці ў 1945 годзе гэтую жанчыну і яе сям’ю вывезлі ў Сібір. Там яна і памерла, а яе дзяцей рэабілітавалі і яны вярнуліся ў Гродна.

Пасля выпадку са згвалтаваннем мама баялася і не выпускала нас на вуліцу. Неяк у адзін дзень я была каля дома і ўбачыла каля акна двух салдат. Яны трымалі рэчы майго бацькі і братоў, былі ў хаце. Як пабачылі мяне, то ўсё пакідалі і праз плот суседскі ўцяклі. Мама сказала, што яны паспелі забраць з сабой толькі адну алюмініевую міску з кашай. Потым мы яе знайшлі побач з другім домам. Тады па горадзе было шмат крадзяжоў, салдаты рабавалі. Праз нейкі час такія злачынствы спыніліся".

Алена Сцяпанаўна ў 2019 годзе.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024