Людміле Грушы 91 год. Яна жыве ўсё жыццё ў сямейным доме на вуліцы Прыгараднай (раней Пшэдмейскай). Пра гісторыю вуліцы, сямейную краму і нямецкую акупацыю гродзенка расказала для нашай рубрыкі «Успамінаў сталых гродзенцаў».

Людміла Канстанцінаўна Груша нарадзілася ў 1930 годзе ў Гродне на вуліцы Пшэдмейскай. Праваслаўная. Вучылася ў Бернардынскай школе, падчас нямецкай акупацыі наведвала беларускае таварыства. Пасля вайны працавала медсястрой.

Уласная крама

Сям’я Грушаў з 1905 года жыве ва ўласным доме на вуліцы Прыгараднай. Гэты раён сёння называюць Шанхаем, а ў 1930-я называлі - Новай Калоніяй. Дом для сям'і купіў дзяд Людмілы і да 1939 года там у адным з пакояў працавала прадуктовая крама.

«Крама была дзядулі, ён ёй займаўся да смерці ў 1936 годзе. Мае бацькі ў гандлі не разбіраліся і краму аддалі ў арэнду суседу, які гандляваў да прыходу першых саветаў у 1939 годзе».

Маці Людмілы ўсё жыццё была хатняй гаспадыняй. Тата ў міжваенны час працаваў на пошце, запалкавай фабрыцы і іншых месцах, але пастаяннай працы ў яго не было. Сям’ю выцягвалі грошы з арэнды крамы.

Сямейная крама і беларуская школа падчас акупацыі. Гісторыя карэннай гродзенкі з вуліцы Прыгараднай
Людміла з бацькамі, 1930-я гг. Фота з архіву сям'і Грушаў

«У краме куплялі прадукты з розных кропак горада. На Навасельскай бралі каўбасы на рэалізацыю, па булачкі хадзілі ў пякарню за мастом, піва везлі з піўзавода, яны нават далі свой халадзільнік. У хаце стаялі спецыяльныя сіфоны, дзе можна было наліваць газаваную ваду. Былі ў краме цукеркі і рыба ўсякая. У тыя часы ў нас быў хоць нейкі прыбытак з крамы, нашай сям'і жылося да 1939 года вельмі добра. Памятаю, што на сняданак у мяне заўсёды была какава з булачкай-кайзэркай».

На Пшэдмейскай было шмат прадуктовых крамаў пры дамах, успамінае Людміла. Нумарацыя дамоў на вуліцы даходзіла за сотню, таму пакупнікамі заўсёды былі мясцовыя жыхары.

«Цяпер дамоў мала засталося. А так у нас гандлявалі ўсе свае, яўрэяў тут не было. У іх таргоўля ішла ў самым цэнтры Гродна, на плошчы Баторыя [суч. Савецкая — рэд.] і іншых вуліцах. Яны таксама гандлявалі да прыходу савецкай улады, потым прыватны бізнес ліквідавалі. Жыць у Гродне стала горш усім».

Школа і небяспечны раён

Дзяцінства Людміла правяла каля дома на вуліцы Пшэдмейскай, побач са старымі могілкамі.

«Бабуля была каталічкай, а дзед праваслаўным. Ён нікога са сваіх дзяцей не пусціў у касцёл. Мы хадзілі ўжо ў Свята-Пакроўскі сабор, бацька там спяваў каля хору. Хадзілі туды на ўсе святы. Да школы ўвесь час была дома, там мяне мама вучыла. І калі трэба было ісці ў першы клас, то ў школе Бернардынскай мне зладзілі экзамен. Прайшла і замест першага класа мяне ўзялі адразу ў другі. Вучылася я толькі з дзяўчынкамі, яны ўсе былі на год за мяне старэйшыя. Хлопчыкі вучыліся ў будынку побач, школе імя Адама Міцкевіча».

У Бернардынскай школе Людміла вучылася да 1939 года, пакуль у Гродна не ўвайшлі савецкія войскі. Тады пра вучобу часова прыйшлося забыць.

Сямейная крама і беларуская школа падчас акупацыі. Гісторыя карэннай гродзенкі з вуліцы Прыгараднай
Вучні Бернардынскай школы і школы імя Адама Міцкевіча, 1930-я гг. Фота з архіву сям'і Марчвіцкіх

«Калі прыйшлі камуністы ў Гродна, нашы былі не супраць. Мы ведалі рускую мову, хоць жылі пры Польшчы. Але з новай уладай пачаліся рэпрэсіі, забіралі людзей па палітычных матывах, кагосьці раскулачвалі. Здаецца, на нашай вуліцы было спакойна, не было такіх багатых людзей. А наогул на Пшэдмейскай чужыя стараліся не з’яўляцца. Калі толькі прыходзяць на горку, то як мясцовыя ўбачаць — адразу паб’юць. Быў бандыцкі раён, як да вайны, так і пасля. Нават мясцовыя дзяўчаты не маглі выйсці замуж за іншых. У народзе гэта месца называлі Нова Калонія, а потым Шанхай».

Паход з лагера

Калі немцы напалі на Гродна ў чэрвені 1941 года, Людміла была ў піянерскім лагеры ў Ласосна. Бацька яе туды прывёз у чацвер, а ў нядзелю пачалася вайна.

«Пры першых саветах бацька ўладкаваўся ў сувязь і яму далі пуцёўку ў лагер. Мяне адправілі туды разам з іншымі дзецьмі супрацоўнікаў. У лагер бралі матрацы і падушкі з дому. Толькі ўладкаваліся і ноччу з суботы на нядзелю нас абудзілі важатыя, сказалі, што пачалася вайна. Тады ўжо на ўсю моц лёталі самалёты ў небе».

Людміла распавядае, што праз некаторы час дзеці засталіся адны ў лагеры, нікога з дарослых ужо не было, ніхто іх вывезці адтуль не паспеў. Бацька Людмілы пешшу з вуліцы Пшэдмейскай пайшоў у Ласосна, каб выратаваць дзяцей.

«Ён прыйшоў, знайшоў мяне і дзяцей сваіх супрацоўнікаў, а пасля павёў у горад. Нас было чалавек шэсць. Я памятаю, што мы прыйшлі да моста. Бацька сказаў, што ўсе павінны па ім хутка перасоўвацца. Пакуль ішлі, над намі нізка-нізка пралятаў нямецкі самалёт. Думалі, што страляць па нас будзе. Горад тым часам гарэў, асабліва ад моста да цэнтра горада, дзе былі яўрэйскія дамы. Немцы мэтанакіравана бамбілі гэтую частку горада. Атрымліваецца, рыхтаваліся і загадзя ведалі, дзе што знаходзіцца».

Бацька Людмілы ўсіх дзяцей давёў да іх дамоў. Першых гродзенка ўбачыла праз некалькі дзён.

«Немцы нас не чапалі, але лішні раз з імі стараліся не сустракацца. Страшна было і мы абыходзілі іх».

Гета і ваеннапалонныя

Пры нямецкай акупацыі ў Гродне былі створаны два гета. Людміла жыла побач з гета, якое было на сучаснай вуліцы Антонава (раней Ерусалімскай).

«Туды зганялі яўрэяў. Усё было закрыта і мы стараліся не хадзіць да гэтага месца. Гэтае гета праіснавала нядоўга, потым усіх яўрэяў перавялі ў іншае месца, якое ўжо было ў цэнтры горада».

Людміла памятае лагер для савецкіх ваеннапалонных, які быў на стадыёне ваеннага гарадка. Зараз там спартыўны комплекс універсітэта на вуліцы Захарава.

«Стадыён быў акружаны калючым дротам, там сядзелі нашыя ваеннапалонныя. Бедныя, галодныя салдаты стаялі і рукі працягвалі праз дрот. Я пару разоў там была і бачыла ўсё на свае вочы. Многія там паміралі».

Гродзенка памятае, што дапамагала савецкім ваеннапалонным — насіла ежу на могілкі, калі яны прывозілі хаваць памерлых.

«Мы жывем каля вайсковых могілак і ў 1941 годзе ваеннапалонныя прыязджалі туды на павозках з трупамі ў суправаджэнні нямецкага канвою. Хавалі целы ў равах, якія загадзя выкопвалі. Пакуль палонныя працавалі, мясцовыя ім прыносілі ежу. Людзі хадзілі па хатах і збіралі прадукты, многія давалі. Немцы дазвалялі падкормліваць савецкіх салдат. Не паспявалі яны адну павозку пахаваць, іншая прыязджала. Вельмі многіх хавалі».

Беларуская школа

Падчас нямецкай акупацыі Людміла хадзіла вучыцца ў беларускае таварыства на сучаснай вуліцы Урыцкага. Усе польскія і савецкія школы ў той час былі зачыненыя. Правучылася Людміла там каля года.

«Была школа. Усе заняткі былі на беларускай мове, нават адзін наш сваяк выкладаў. Тэатр свой там быў, праваслаўныя бацюшкі прыходзілі. Неўзабаве таварыства расфармавалі, немцы зразумелі, што нашыя людзі за імі не пойдуць. Не было карысці для іх ад гэтага таварыства».

Сямейная крама і беларуская школа падчас акупацыі. Гісторыя карэннай гродзенкі з вуліцы Прыгараднай
Святочнае мерапрыемства ў беларускім таварыстве. Фота з архіву сям'і Калупайла
Сямейная крама і беларуская школа падчас акупацыі. Гісторыя карэннай гродзенкі з вуліцы Прыгараднай
Святочнае мерапрыемства ў беларускім таварыстве. Фота з архіву сям'і Калупайла
Сямейная крама і беларуская школа падчас акупацыі. Гісторыя карэннай гродзенкі з вуліцы Прыгараднай
Святочнае мерапрыемства ў беларускім таварыстве. Фота з архіву сям'і Калупайла
Сямейная крама і беларуская школа падчас акупацыі. Гісторыя карэннай гродзенкі з вуліцы Прыгараднай
Навагодні спектакль у беларускім таварыстве ў Гродне, 1942 г. З архіву Шпак А. Л. (Троцкай)

Немцы на другім беразе Нёмана

У ліпені 1944 года пры адступленні немцы бралі жыхароў Пшэдмейскай капаць акопы у левабярэжнай частцы Нёмана. Многія мясцовыя вымушаныя былі хавацца, таму што потым было складана вярнуцца дадому — немцы ўзрывалі масты.

«Салдаты хадзілі па хатах і шукалі мужчын, забіралі ўсе лодкі. Потым сталі забіраць і жанчын. Схопяць, перавязуць на другі бераг і дадому не адпускалі. У нас склеп быў добры і мужыкі, якія не папаліся да немцаў, прыходзілі і мы хавалі іх там. Самі з мамай садзіліся на ўваход склепа. З іншага боку нашага дома сядзелі дзяўчаты, таксама хаваліся ад немцаў. Наогул нельга было з дому выходзіць, салдаты адразу стралялі з таго боку Нёмана. Аднаго хлопчыка там у нас застрэлілі, ён хацеў вады з крыніцы набраць».

Калі немцы адступілі на другі бераг, у доме сям'і Грушаў савецкія салдаты зладзілі камандны пункт. Вокны дома якраз выходзілі на другі бераг Нёмана.

«Пры адступленні немцы ўзарвалі ўсе масты. І таму вызваленне другой часткі горада зацягнулася. Наша артылерыя стаяла на вайсковых могілках, а немцы былі на тым баку. Так яны ў адзін аднаго стралялі праз нашую вуліцу. Памятаю, як кожную ноч роту савецкіх салдат пасылалі пераплываць Нёман, але ніводзін салдат туды не даплываў. Свяцілі пражэктары, і калі каго-небудзь заўважалі немцы, то адразу стралялі. Нёман быў чырвоны ад крыві. Праз наш дом сачылі, што адбываецца на іншым беразе. Вокны былі завешаныя чорнай паперай і сачылі праз дзірачкі».

Хаваліся ў каналізацыі

У вырашальныя дні вызвалення левабярэжнай часткі горада савецкія салдаты загадалі жыхарам Пшэдмейскай пакінуць дамы. Людзі сыходзілі да сваякоў у вёскі, сям’я Грушаў хавалася ў яры.

«І мы пайшлі шукаць сховішча. Каля сучасных вуліц Лідскай і Белуша была вялікая труба-каналізацыя, туды сцякала вада з усяго горада ў Нёман. Мы там вырашылі перачакаць. Людзей у трубе ўжо было шмат. Людзі з Друцка [былы маёнтак у раёне вуліцы Белуша, Румлёўскага праспекта і вуліцы Панямуньскай — рэд.] наносілі туды саломы, дажджу спачатку не было. Людзі ў трубе ляжалі штабелямі. Мы ляглі і чакалі пакуль нашы пяройдуць Нёман. Ноч, пачаўся дождж. Хтосьці выйшаў папаліць і ўбачыў набліжэнне вады з горада. Нас, маленькіх дзяцей, мужчыны перадавалі па руках. Так і выратаваліся. Праз час бацька пайшоў дадому, паглядзеў, што там ціха, і вярнуўся па нас».

Дом сям'і быў практычна некрануты, нічога не скралі. Только хтосьці з салдат памяняў сваю брудную вопратку на чыстую.

«У трубе мы суткі правялі. Вярнуліся дадому, дык там нават скаціна не пацярпела. Усё было добра».

Сямейная крама і беларуская школа падчас акупацыі. Гісторыя карэннай гродзенкі з вуліцы Прыгараднай
На беразе Нёмана каля вуліцы Прыгараднай. Фота з архіву Hrodna.life

Абіякі з нямецкіх складоў

Пры любой уладзе каля дома сям'і Грушаў заўсёды была вайсковая частка. Пры немцах там былі ахоўныя склады, дзе было адзенне і абутак для жаўнераў. У час адступлення немцы паспрабавалі падпаліць склады, нешта паспела згарэць.

«Пасля таго, як немцы адступілі, ніхто не ахоўваў гэтыя склады. Мясцовыя жыхары сталі рабаваць іх. А там было шмат чаго. Хтосьці бялізну браў, ніткі, сухары, швейныя машынкі, валенкі, а мы бралі абіякі [драўляны абутак — рэд.]. Хадзілі ў іх, а потым печку тапілі. Мы прынеслі яшчэ са складоў лаўку».

Праз некаторы час каля складоў з’явіліся савецкія салдаты, яны пачалі ахоўваць іх, успамінае Людміла. Потым яны сталі хадзіць па бліжэйшых дамах і збіраць нарабаванае.

«Людзі вярталі, а калі да нас прыйшлі, то салдаты як паглядзелі на нашы абіякі, так і не забіралі іх. Смешна дагэтуль. Я памятаю, што яшчэ мясцовыя нямецкія сухары са складоў потым у нас на сала мянялі. Такі абмен быў пасля вызвалення».

Пасля вайны Людміла пайшла вучыцца ў савецкую школу. Пазней паступіла ў фельчарска-акушэрскую школу, скончыла на выдатна. У 1950 годзе паехала працаваць у вёску акушэркай. Удалечыні ад дома прапрацавала 10 гадоў, потым вярнулася ў Гродна і да пенсіі працавала медсястрой.

Дагэтуль Людміла жыве ў родным горадзе і сваім доме на вуліцы Прыгараднай, які набыў яе дзед у 1905 годзе. Жанчына сёння — адзіная са старажылаў гэтай вуліцы.

Сямейная крама і беларуская школа падчас акупацыі. Гісторыя карэннай гродзенкі з вуліцы Прыгараднай
Людміла Груша ў 2020 годзе. Фота: Руслан Кулевіч