Суд за расфарбоўку штаноў, палоску на касцы, званочкі, гномік, які пікетуе, санкцыі, якія то працуюць, то не працуюць — рэдакцыя Hrodna.life прааналізавала тэксты за год і сабрала падзеі, якія здзівілі нават нас.

Позва 8-гадовай

У гарадскім пасёлку Карэлічы Следчы камітэт даслаў позву Пякарскай Ганне Раманаўне. Так завуць дачку Рамана Пякарскага. Ёй 8 гадоў і яна з бацькам зарэгістраваная ў Карэлічах. За каментары ў Telegram на Рамана распачалі крымінальную справу, расказаў Hrodna.life Раман. Па якім артыкуле, нікому пакуль не сказалі. Дачка Рамана пастаянна жыве ў іншай краіне. У Карэлічах яна была толькі некалькі разоў. Позву 8-гадовай дзяўчынцы Раман ацэньвае як «непрафесійную працу супрацоўнікаў». Скардзіцца на дзеянні супрацоўнікаў у Беларусі ён не бачыць сэнсу. У прэс-службе СК атрымаць каментар Hrodna.life не ўдалося. Пазней там правялі ператрус.

Справа аб БЧБ-палосцы на штанах

25 лютага гродзенка Любоў Сарлай спрабавала абскардзіць штраф у 20 базавых велічынь (580 рублёў) па арт. 23. 34 КаАП. Прычынай затрымання 17 студзеня і штрафу сталі штаны з бел-чырвона-белымі лампасамі. Гродзенскі абласны суд пакінуў без зменаў рашэнне суда Ленінскага раёна.

На судзе яна падала фота з сямейнага архіва, дзе было відаць, што яна насіла штаны і раней. Штаны Любоў апранала і пасля рашэння суда. «Пазіралі коса, але больш не рызыкнулі мяне затрымліваць», — распавяла яна Hrodna.life пра рэакцыю міліцыі. Пазней Любоў Сарлай звольнілі з Белпошты, дзе яна працавала аператарам.

Позва 8-гадовай, штраф за шторы і штаны, барацьба з Marvel. Што здзівіла рэдакцыю Hrodna.life ў 2021 годзе
На здымках Люба ў штанах з БЧБ-лампасамі ў 2017 годзе. Фота: сацсеткі героя

Знялі карціны з БЧБ-элементамі

На выставе Надзі Букі «Личное дело» 23 лютага знялі шэсць карцін з чырвона-белай афарбоўкай. Дзве карціны былі прысвечаныя пратэстам жніўня 2020 года, а чатыры былі напісаныя на зусім іншыя тэмы.

Аб тым, што карціны знялі, Надзя Бука даведалася з прэсы. Паводле яе слоў, некаторыя з шасці карцін не мелі нічога агульнага з пратэстамі, а былі напісаныя на тэму любові і веры. У Kazzara Mall вырашылі не каментаваць сітуацыю Hrodna.life.

Надя Бука. Картины «Fredom» и «Набор для лета 2020». Фото: Hrodna.life
Карціны «Fredom» і «Набор для лета 2020». Фота: Hrodna.life

Штраф за БЧБ-шторы

Вікторыя з Гродна заплаціць штраф у 10 базавых велічыняў (290 рублёў) за тое, што павесіла дома шэрую штору з чырвонай паласой пасярэдзіне. Такое рашэнне 31 сакавіка вынесла суддзя Алена Тоўсцік-Самойла ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна. Міліцыя палічыла, што штора падобная на БЧБ-сцяг, а значыць гэта — адзіночнае пікетаванне. Вікторыю асудзілі паводле арт. 23. 34 КаАП (у рэдакцыі 2003 года).

Разгляд у судзе ішоў тыдзень. Вікторыя спрабавала даказаць, што штора не новая, яе колер — шэры, на сцяг яна не падобная памерамі. Раней Hrodna.life падрабязна распавёў гісторыю гродзенкі.

Позва 8-гадовай, штраф за шторы і штаны, барацьба з Marvel. Што здзівіла рэдакцыю Hrodna.life ў 2021 годзе
За штору гродзенка атрымала штраф у 10 базавых. Фота: гераіні

Штраф за палоску на касцы

Будаўнік Аляксей Карвецкі з аграгарадка Солы Смаргонскага раёна 10 красавіка атрымаў штраф 50 базавых велічынь (1 450 рублёў) за пікет. Суд Астравецкага раёна прызнаў пікетам намаляваную чырвоную палоску на белай касцы. Гэты галаўны ўбор Карвецкі выкарыстаў падчас працы на Астравецкай АЭС. За каску з паласой яго прызналі арганізатарам несанкцыянаванага масавага мерапрыемства.

Штраф за званочак

Гаспадыню крамы «Адметнасць» Вольгу Верамеенка судзілі ў будынку РАУС 18 чэрвеня за «пікетаванне». Рэчавымі доказамі палічылі футболкі з выявай «Пагоні», банер і… званочак. Раней Вольга правяла трое сутак у ізалятары, пакуль яе не адпусцілі да суда. Пасля гэтага ў яе здарыўся гіпертанічны крыз — Вольгу накіравалі ў бальніцу.

Ідэолаг і Вольга Верамеенка ў краме "Адметнасць". Фота: Hrodna.life
Ідэолаг і Вольга Верамеенка у краме «Адметнасць». Фота: Hrodna.life

Патрымала сцяг па просьбе міліцыі - атрымала суткі

Жыхарку Наваградка Ірыну Трафімік асудзілі, бо яна ўзяла ў рукі бел-чырвона-белы сьцяг, калі яе папрасіў міліцыянт. Прысуд вынес суд Дзятлаўскага раёну 8 ліпеня, паведамляе «Свабода».

Суд Дзятлаўскага раёну Горадзенскай вобласьці прызнаў Ірыну Трафімік вінаватай у незаконным пікетаваньні зь лёзунгамі 19 чэрвеня, калі яна адпачывала ў лесе ля ракі Моўчадзь, паблізу вёскі Баравікі Дзятлаўскага раёну.

Паводле пратаколу, жанчына «публічна дэманстравала сьцяг бел-чырвона-белай афарбоўкі, які быў у яе руках, пры гэтым выгуквала лёзунг „Жыве Беларусь!“».

Ірына віны не прызнала. Яна расказала, што прыехала пакупацца. Неўзабаве на месца адпачынку прыехаў міліцыянт, бо на адным з намётаў каля ракі нехта ўстанавіў бел-чырвона-белы сьцяг. Выявілася, што сьцяг належыць жыхару Наваградка Віктару Мацкевічу. Яго затрымалі за гэта і асудзілі на 30 дзён арышту.

Побач з намётамі нехта паставіў яшчэ адзін бел-чырвона-белы сьцяг. Каму ён належаў, ня высьветлілі. Міліцыянт папрасіў Ірыну Трафімік, якая стаяла побач, аднесьці сьцяг у машыну міліцыі. Тая так і зрабіла. Калі яна брала сьцяг у рукі, сказала: «Жыве Беларусь». У той момант да яе прэтэнзій у міліцыі не было.

Ірыну затрымалі празь некалькі дзён на судзе ў Мацкевіча, калі яна абуралася тым, якія паказаньні даюць сьведкі-міліцыянты ў судзе. Праз гэта ў яе ўзьнік канфлікт з намесьнікам начальніка Дзятлаўскага РАУС Уладзімерам Сьвятохам. Тады Трафімік даведалася, што яе вінавацяць у «незаконным пікетаваньні».

Ірына Трафімік — маці дваіх непаўналетніх дзяцей. Раней яе звольнілі з працы на «Водаканале» пасьля ранейшага суду за «удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве».

Суд за любоў да чырвона-зялёнага сцяга

7 снежня суддзя суда Астравецкага раёна Дзмітрый Багдановіч абвясціў прысуд у дачыненні да грамадзяніна Расійскай Федэрацыі Дзмітрыя Гуртава. Ён абвінавачваўся ў тым, што ў адзін з чэрвеньскіх вечароў 2021 года, вяртаючыся з месца адпачынку, зняў разам са дрэўкам сцяг Рэспублікі Беларусь, які мацаваўся на сцяне ўпраўлення працы і сацыяльнай абароны Астравецкага райвыканкама і аднёс дадому.

У судзе свае дзеянні Дзмітрый Багдановіч патлумачыў тым, што любіць гэты сімвал Рэспублікі Беларусь, а таму вырашыў упрыгожыць ім памяшканне па месцы жыхарства. Не ведаючы пра распачатую крымінальную справу, ён сам патэлефанаваў у міліцыю і паведаміў, што сцяг у яго дома. Паводле арт.370 КК яму прызначана пакаранне ў выглядзе двух месяцаў арышту. Паколькі падсудны ўтрымліваецца пад вартай з 22 кастрычніка, то як раз да ўступлення прысуду ў законную сілу ён пакаранне адбудзе.

БЧБ-сцяг і зоркая пенсіянерка

28-гадовага айцішніка Арцёма Карсека 27 траўня аштрафавалі на 50 базавых велічынь (1400 рублёў) за пікетаванне. Прычынай стаў БЧБ-сцяг у акне кватэры, які ўбачыла пенсіянерка, якая жыве ў прыватным сектары па суседстве, і паведаміла пра гэта ў міліцыю. Зоркая пенсіянерка ўбачыла сцяг на 12-м паверсе. Справу разглядаў суддзя Віталь Шпак у судзе Кастрычніцкага раёна Гродна.

Позва 8-гадовай, штраф за шторы і штаны, барацьба з Marvel. Што здзівіла рэдакцыю Hrodna.life ў 2021 годзе
Справа — Арцём Карсека. Фота: Алена Кавальчук

Пікетуючы гном

Юрый Яраш з Гродна атрымаў позву ў суд з-за гнома на падаконніку. У руцэ ў гнома быў сцяжок з «Пагоняй». Цацку ў акне расцанілі як адзіночны пікет, праведзены без дазволу гарвыканкама. Сведкай па справе была былая аднакласніца жонкі гродзенца — актывістка «Інфаспецназ» Вольга Бондарава. Справу спынілі ў сувязі са скончаным тэрмінам прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці.

Позва 8-гадовай, штраф за шторы і штаны, барацьба з Marvel. Што здзівіла рэдакцыю Hrodna.life ў 2021 годзе
Таццяна і Юрый Яраш разам з навагоднім гномам. Цацку на падаконніку расцанілі як адзіночны пікет

Барацьба з Marvel

Гродзенская актывістка Вольга Бондарава, якая ваявала з БЧБ-стужкамі і была пацярпелай па крымінальных справах, пачала барацьбу з Marvel.

Яна праз зварот у Мінкульт хацела зняць з пракату фільм «Вечные» (ЗША, Вялікабрытанія) рэжысёра Х. Чжао «у сувязі з адкрытай прапагандай гомасэксуалізму і нетрадыцыйных палавых адносін» і «пакараць вінаватых у допуску да паказу дадзенай нізкагатункавай ЛГБТ-прапаганды».

Рэспубліканская экспертная камісія па прадухіленні прапаганды парнаграфіі, гвалту і жорсткасці адгледзела фільм і не знайшла там прапаганды гомасэксуальнасці. Фільм з пракату не знялі. Раней Вольга Бондарава праз звароты адмяніла некалькі канцэртаў і мерапрыемстваў з удзелам персон, якія выступалі супраць гвалту ў Беларусі.

Санкцыі, якія робяць мацней, але іх трэба адмяніць

Падчас збору подпісаў пад лістом да Міжнароднай арганізацыі працы супраць санкцый Еўрасаюза на гродзенскіх прадпрыемствах праводзілі «гутаркі», звалі ў кабінет па аднаму, пагражалі непадаўжэннем кантракту і «спасылкай» ў калгасы. Пазней гродзенцы запісвалі відэа супраць санкцый. Пры гэтым палітыкі і дзяржаўныя тэлеканалы пераконваюць, што санкцыі зробяць Беларусь мацнейшымі.

Чытайце таксама: За колу, малітву і косплей. Дзіўныя затрыманні 2020 года ў Гродне і вобласці