Замкавая вуліца зусім хутка з’явіцца ў Зарыцы. Праўда, пакуль толькі ў выглядзе карціны на сцяне сядзібы «Райскі куток». Так гаспадар хоча выказаць сваю любоў да гісторыі і роднага горада. Hrodna.life завітаў у сядзібу і даведаўся, як гродзенская сям’я надае старым хатам новае жыццё з гістарычным смакам.
— Гэтай хаце больш за сто гадоў. Яе пабудавалі яшчэ бацькі папярэдніх гаспадароў. Іх дзеці па прозвішчах Савіцкія і Рэкіці цяпер раз’ехаліся. Хто далей жыве ў Зарыцы, хто ў Гожы, хто ў Грандзічах, — гаспадар сядзібы «Райскі куток» Ігар Гайдук паказвае першую драўляную хату свайго маёнтка.
Магутныя, прасеўшыя па цэнтры, дубовыя і ліпавыя бярвенні вяртаюць у часы шыкоўных дуброваў і пячнога ацяплення. Звонку фасад уцяплілі і аздобілі «камянюкай», як кажа Ігар. Шмат што ўласнік, будаўнік па адукацыі, робіць сваімі рукамі.
— Паглядзіце, тут яшчэ бачна, дзе быў ход, — мужчына схіліўся над абрысамі былых дзвераў у падмурку. — У сутарэннях гадавалі курэй. А ў вайну падчас бамбардзіроўкі тут хаваліся, як у сховішчы.
Гаспадар запрашае ўвайсці. Высокую крытую тэрасу дабудавалі нядаўна з часткі старых бярвенняў хаты. На лаве — дзяруга з бабулінага дома з вёскі Дарошавічы, што каля Квасоўкі. Ляжыць надкусаны яблык з тых, што пападалі тут жа, у садзе. Дзверы — яшчэ з клямкай, а праём — як для гномікаў.
— Глядзі асцярожна, каб не ўваліў у бэльку. Прыязджала пара глядзець хату на вяселле. Дык ён, як увайшоў, ажно іскры пасыпаліся. Да вяселля зажыве, — смяецца суразмоўца.
У хаце паліцца печ. Ігар падкідвае брыкет у агонь з прымаўкай: «Усе адходы ў даходы». Над дзверцай вісіць металічная выява аленя святога Губерта. Ля вакна — яшчэ адзін герб горада. Амаль на ўсю сцяну расцягнуўся плакат з выявай гравюры Цюндта. Асобнае месца адведзенае для старых чорна-белых фотаздымкаў: Фара Вітаўта, Фарны касцёл, Брыгіцкі касцёл, вуліца Ажэшкі, Аляксееўскі мост…
— А вось мой дзед у польскім войску, — знаходзіць на агульным здымку свайго крэўнага. — А ў жонкі дзед быў кіраўніком турмы да вайны. Як памёр, дык на пахаванне прыйшоў увесь горад. Пэўна, паважалі.
У цэнтры фотакалекцыі — гравюра з Пагоняй. Куды ні кінь вока, заўважыш адрабінку гісторыі горада і нашых земляў.
— Таму што я люблю гэтую сваю Гародню. Я беларус і нават ліцвін, — запэўнівае гаспадар.
Месца знайшлося не толькі для гістарычных выяваў. У куце вісіць праваслаўны абраз Божай Маці з рушніком, прывезены ад бабулі.
— А гэта ведаеце хто? — з хітрым прыжмурам пытаецца Ігар. Са сцяны глядзіць дзядзька з пэйсамі і жменяй залатых. — Кажуць, трэба, каб у хаце жыд вісеў. Не выключана, што і ў мяне габрэйскія карані. У нас жа на пачатку ХІХ стагоддзя колькасць габрэяў даходзіла да 83%.
На гарышчы ўласнік знайшоў паперы на хату 1937 года на польскай мове, з «печонткамі»:
— Надрукавана на машынцы, нібы толькі ўчора, так добра захаваўся тэкст. Зямля набывалася за 100 злотых. У іх было сем кароваў, свінні, куры, бярозавы гай.
Сярод папераў захавалася пажоўклае фота сям'і, мабыць, былых гаспадароў, але без надпісаў, хто на ім адлюстраваны.
Яшчэ адзін будынак толькі рыхтуецца прымаць гасцей. Праз панарамныя вокны банкетнай залы нечакана бачная гарадзенская пажарная вежа. Маштабную працу памерам 8 на 4 метры стварае проста на сцяне мастачка Наста Ванюкевіч. Гэта копія старога фотаздымка Замкавай вуліцы. Пакуль пайшоў літр белай акрылавай фарбы і па адным цюбіку каляровых. Наста малюе ўжо некалькі тыдняў, у вольны час:
— Мне падабаецца, я атрымліваю асалоду ад такой працы, — кажа мастачка. Яна плануе скончыць карціну праз некалькі тыдняў.
Разглядаўся варыянт выгляду вуліцы зверху. Аднак усё ж пераважыў гэты:
— Адчуванне, што зайшоў у залу, трапіў на Замкавую вуліцу і пайшоў туды далей, да замкаў.
Ігар разам з жонкай Таццянай набылі сядзібу 10 год таму, праз два гады яна ўжо прымала першых гасцей. У хаце шмат што засталося з мінулых часоў. Пад нагамі рыпіць драўляная падлога, над галавой — таўшчэзныя бэлькі. Новы гаспадар па-іншаму выкарыстаў гарышча: зрабіў камерныя спальні са столлю-дахам.
— Для мяне гэтая сядзіба для душы. Мы ўсё рабілі, як для сябе. Як адчувалі, так і рабілі. Самі сабе і архітэктары, і будаўнікі. Мы ні ў каго не падглядалі. Ведаю, што да нас прыязджалі з іншых месцаў паглядзець, як мы робім, хоць і прадстаўляліся кліентамі.
Ва ўласнасці сям'і яшчэ адна хата, большая. Па ўзгадках, яе, разабраную, прывезлі з Белавежскай пушчы ў 1970-х і склалі ў тым жа выглядзе. На падворку захаваліся старыя гаспадарчыя будынкі: курнік і адрына, дзе стаялі парсюкі ды каровы. На задворку гаспадар пабудаваў своеасаблівы «стоўнхэндж». З жывёлак у гаспадарцы пакуль толькі сабачка Мілка ды крот, ад якога бачныя горкі зямлі.
У планах — перавезці ў сядзібу яшчэ дзве хаты, пачысціць гушчар вакол двара, давесці да розуму гаспадарчыя будынкі і, можа, нават завесці курэй. Аднак гэта будзе крыху пазней. А пакуль «Райскі куток» рыхтуецца прыняць першую ў Беларусі міжнародную ноч традыцыйных танцаў, якая адбудзецца 11 лістапада.
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…