Людзі і справы

У цішыні, але не ў крыўдзе. Як гродзенка выхоўвае глухога ад нараджэння сабаку

Маленькага спаніеля Каця Шобат атрымала ў падарунак ад сябра. Праз пару дзён стала зразумела — шчанюк нічога не чуе. У поўнай цішыні сабачай глухаты павісла пытанне — як быць далей? Адказ на яго мог даць толькі голас сэрца.

«Гэта меў быць сюрпрыз»

«Па дакументах сабаку завуць Сага, а ў жыцці мы называем яе Сашка, — распавядае Каця пад час шпацыру. — Яе мне падарыў сябар».

Шчанюк меў добрую радаслоўную і выглядаў выдатна. Раней у Каці таксама былі сабакі, але заводзіць новага гадаванца яна не наважвалася. Жыццё ў сабак не такое доўгае, перажыць растанне з апошнім сабакам было цяжка. «Гэты падарунак меў быць сюрпрызам», — узгадвае дзяўчына.

Праз колькі дзён Каця заўважыва, што шчанюк не адгукаецца на імя, а на вуліцы ўвесь час «ходзіць за нагамі». Але на пачатку спісала гэта на малы ўзрост і недасведчанасць. Дакладна стала ясна, што сабака не чуе, калі паляўнічыя прапанавалі праверыць рэакцыю на стрэл. Рускія спаніэлі - паляўнічыя сабакі. Для іх выхавання і дрэсуры такія рэчы важна ведаць. Сага-Сашка на стрэл не рэагавала ніяк — ні зблізу, ні здалёк. Не пачуў сабака нават ультрагукавага свістка. Ад гэтага моманту сумневаў больш не было — жыццё сабакі пройдзе ў поўнай цішыні.

«Стрэс, шок і паніка»

«Гэта былі стрэс, шок і паніка», — узгадвае той час Каця. Пытанне аб тым, каб пазбавіцца аб шчанюка, не ўзнікала і не разглядалася. Але трэба было думаць, як выхоўваць сабаку і трымаць сябе з ім, каб не ператварыць жыццё ў суцэльнае трыванне: «Як зрабіць, каб ёй было максімальна камфортна, каб яна не стала дзікай ці агрэсіўнай, каб не замкнулася ў адзіноце, змагла адаптавацца да людзей…»

Каця шукала парады ў сеціве, раілася з сябрамі і спецыялістамі. Галоўная выснова: трэба як мага больш выводзіць сабаку «ў свет», напрацоўваць досвед кантактаў з людзьмі і навакольным асяроддзем. Ад той пары і павялося, што амаль увесь час Каця і Сашка разам і на людзях.

Гладзіць можна!

«Сашка стала сабакам, каторага ўсім можна гладзіць», — усміхаецца Каця. Асаблівую радасць гэта выклікае, канечне, у дзяцей: ім заўсёды цікава памацаць вушкі, патрымаць за лапу ці нават дакрануцца да носа. Для Сашкі гэта таксама карысна: у глухога сабакі нашмат менш магчымасцяў камунікацыі са светам, таму ён увесь час шукае візуальнага або такцільнага кантакту. Дабрадушнасць сабакі таксама ў пэўным сэнсе наступства фізічнай глухаты. «У яе менш знешніх раздражняльнікаў, таму яна не агрэсіўная», — разважае Каця і смяецца, што за гэты час стала «сабачым псіхолагам».

«Мінус у тым, што нельга крыкнуць «Фу!»

Як выбудоўваць камунікацыю з сабакам, каторы не чуе, падказалі кінолагі. Пэўнай «мовы» з агульна-сабача-зразумелымі жэстамі не існуе. Каця разам з Сашкай стваралі свае словы-жэсты самастойна. Спецыялісты падказалі, што гэтыя словы трэба ўмець «злавіць» — быць уважлівай да таго, як сабака рэагуе на пэўныя жэсты, і замацоўваць патрэбныя рэакцыі праз паўтарэнне. Зараз у «лексіконе» Сашкі ёсць дастатковы шэраг камандаў, што дазваляюць выбудоўваць паўнавартасныя стасункі.

Мінус у тым, што нельга ў любы момант крыкнуць «Фу!», калі прыходзіцца даводзіць сабаку, што нельга цягнуць у рот падабранае з зямлі. Каб паведаміць нешта, трэба ўвайсці ў поле зроку Сашкі, прысесці, жэстыкуляваць, ці злавіць позірк. А сабака, калі не вельмі хоча слухацца, можа пачаць хітрыць і адварочваецца. Гэтыя свавольствы, паводле Каці, больш падобныя да пачуцця гумару сабакі. Бо яе інтуіцыя і здольнасць да сунастройкі выклікаюць у дзяўчыны толькі захапленне.

«Нават не здагадвалася раней, што глухі сабака можа стаць такім адчувальным сябрам. Яна ловіць усе адценні майго настрою. А яе інтуіцыя, бясспрэчна, у разы мацнейшая за маю. Сашка вельмі далікатная і ўважлівая да ўсіх, асабліва да дзяцей. Ніколі не падбяжыць знянацку, не пачне кідацца».

«Увесь час з ёй размаўляю…»

Каця распавядае, што ніколі не разглядала свайго сабаку як непаўнавартаснага: «Яна проста асаблівая». Свае намаганні дзяўчына скіроўвала на стварэнне для асаблівай сяброўкі адпаведнага асяроддзя. «Аўтамабілі і агрэсіўныя сабакі - гэта тое, што можа быць небяспечным для яе, — адзначае Каця. — Я проста бяру гэта пад увагу».

Сашка, між тым, асаблівых небяспек не бачыць — яна любіць катацца ў машыне і паўнапраўна перагаўкваецца з суседскімі сабакамі на выгуле. Калі хто не ведае пра асаблівасці Сашкі, то здагадацца амаль немагчыма. Каця ведае пра гэта дакладна, але на стаўленне да сабакі гэта не ўплывае: «Я ўвесь час з ёй размаўляю, — усміхаецца дзяўчына. — Ёсць надзея, што яна мяне чуе і разумее».

Падзяліцца

Апошнія запісы

Не паскардзішся — не паедзеш. Як у Гродне можна вырашыць транспартныя праблемы

У Гродне 87 маршрутаў грамадскага транспарту, а людзям даводзіцца ездзіць на таксі. Транспартныя болі гродзенцаў,…

23 снежня 2024

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024