Бардзюры, вялікія перапады вышыні, адсутнасць веладарожак шмат у чым не дазваляюць Гродна стаць веласіпедным горадам. Ініцыятыву вырашыць праблем з інфраструктурай праяўляюць грамадскія актывісты, улады ж разлінейваюць тратуар, пракладваючы «веладарожкі». Калі гродзенцы да такіх нязручнасцяў прыстасоўваюцца, то як іх успрымуць бязвізавыя турысты з Еўропы, дзе веласіпедная культура больш развітая? Гісторык і экскурсавод Таццяна Касатая распавяла пра тое, як зрабіць Гродна зручным для бязвізавых велатурыстаў. Сустрэча адбылася 25 лютага на форуме «Гродна — цэнтр веласіпеднай культуры», піша Гродзенскі Зялёны партал.
Велатурысты нацэлены на экалагічны турызм
У Таццяны быў вопыт удзелу ў велаэкскурсіях і ў якасці гіда, і ў якасці турыста. Яна лічыць, што Гродна мае вялікі турыстычны патэнцыял для пешага і веласіпеднага турызму. Ужо створаны веламаршруты ў межах Гродна і за горадам. Напрыклад, у Пышкі - веламаршрут «Мелавыя горы», на Аўгустоўскім канале, і на фартах Гродзенскай крэпасці.
У паспяховым турызме, лічыць Таццяна, ёсць некалькі прынцыпаў.
Першы — прынцып інфарматыўнасці. Гэта наяўнасць гарадскіх карт, шыльдаў, указальнікаў. Яны ў нас з’яўляюцца, але ёсць важныя моманты: надпісы павінны быць на рускай, беларускай і абавязкова англійскай мовах. А ўказальнікі павінны ўтрымліваць колькасць метраў да аб’екта, на які яны паказваюць.
Да прынцыпу інфарматыўнасці адносяцца і моўныя бар’еры. Не ва ўсіх месцах змогуць абслужыць англамоўнага турыста. Дарэчы, інфармацыйны цэнтр знаходзіцца ў не зусім зручным месцы — каля чыгуначнага вакзала. Варта іх размясціць і ў іншых важных месцах — напрыклад, на аўтавакзале і на Савецкай плошчы.
Другі прынцып — зручнасць і сэрвіс. Сюды ўваходзіць безбар’ернае асяроддзе, наяўнасць велапарковак каля кафэ і прыбіральняў каля славутасцяў - асабліва гэта можа быць важна для турыстаў з дзецьмі. Прынцып зручнасці ўключае і наяўнасць хостэлаў і гасцініц. Пакуль у Гродне адзін хостэл, які прапаноўвае 32 месцы. Улады выказалі ідэю будаўніцтва дзяржаўнага хостэла на вуліцы Горкага.
— Велатурысты звычайна нацэлены на экатурызм і адпачынак без вынаходстваў, — кажа Таццяна.Таццяна прапанавала змадэляваць сітуацыю: замежны англамоўны велатурысты прыязджае ў Гродна. У ролі турыста выступіла сябра арганізацыі «ВелаГродна» Наста. Паводле легенды, яна прыехала на пару дзён, пабачыць горад і наваколлі. Перасоўвалася на цягніку са сваім роварам у кампаніі трох-чатырох аднадумцаў.
Гродзенцы задавалі пытанні аб тым, куды яна звернецца ў выпадку паломкі ровара, дзе знойдзе англамоўнага гіда, дзе вырашыць пасяліцца.
У ходзе гутаркі станавіліся відавочнымі некаторыя праблемы: адсутнасць у Гродне англамоўных шыльдаў на веламайстэрнях (затое па дызайне можна апазнаць веламагазіны). Адсутнасць велапарковак каля некаторых гасцініц і хостэла. Праблему можна вырашыць, звярнуўшыся да кіраўніцтва. Ваш ровар паставяць, напрыклад, у падвал.
Шматлікія праблемы дапамогуць вырашыць у арганізацыі «ВелаГродна», калі ім напісаць ліст (адрас ёсць на сайце).
Праблему недахопу англамоўных экскурсаводаў можна вырашыць стварэннем аўдыягіда. Гэты варыянт нават лепш: прасцей успрымаць інфармацыю падчас язды.
Пасля велаэкскурсіі па гістарычным цэнтры турысты зрабілі б выснову, што ён не прыстасаваны да веларуху. Ад бардзюраў, вузкіх тратуараў хутка стамляешся. Але гістарычны цэнтр ужо не атрымаецца перабудаваць пад веласіпедыстаў. Некаторыя гісторыкі, у тым ліку Таццяна Касатая, мараць пра пешаходны гістарычны цэнтр, які будзе адкрыты для пешаходаў, ролераў, веласіпедыстаў, грамадскага транспарту і таксі.
Пакуль гэта нерэальна ажыццявіць, таму што давядзецца будаваць вялікую транспартную развязку. Да таго ж перашкаджае ментальнасць нашых вадзіцеляў: яны не згодныя адмовіцца ад машыны, і супраць нават таго, каб пакінуць яе на больш далёкай стаянцы і прайсціся пешшу ў цэнтр.
Ёсць і складанасці з перамяшчэннем на грамадскім транспарце з роварам. Аўтобусны транспарт да гэтага не прыстасаваны наогул.
Пасля змены правілаў чыгункі вазіць ровары на паездках, дызелях і электрычках таксама стала складаней і даражэй.
Інфраструктура не з’явіцца, пакуль не будзе попыту
Гродзенцы казалі пра тое, што планавае развіццё велатурызму ў нашым горадзе адсутнічае. Праблемы вырашаюцца кропкава. Рашэнні пакідаюць пытанні. Ствараюцца веламаршруты, а з якой мэтай і для каго? Хто будзе сачыць за іх станам, прыбіраць з іх дрэвы, што ўпалі, сачыць за асфальтавым пакрыццём?
Таццяна Піскун з турфірмы СТАА «Фірма Таксапарк» лічыць, што інфраструктура не з’явіцца, пакуль не будзе попыту. Яна кажа, што з’яўляецца ўсё большая колькасць заявак ад бязвізавых турыстаў, якія прыбываюць на сваіх роварах або прыязджаюць на грамадскім транспарце з роварам.
Гродзенцы прыйшлі да высновы, што Гродна не хапае тэматычных экскурсій. Напрыклад, у сталіцы праводзяць экскурсіі «Рок-н-рольны Мінск», «Савецкі Мінск». У Гродне «Кола раварыстаў-вандроўнікаў» стварылі веломаршрут па мясцінах паўстання Каліноўскага, але гэты маршрут не атрымаў шырокага распаўсюду. А мог бы прыцягнуць турыстаў. Папулярныя былі б і гарадскія квэсты.
Сумуючы, гродзенцы выбралі некалькі прыярытэтных напрамкаў па паляпшэнні велакультуры ў горадзе:
Прыдумаць механізм падліку бязвізавых велатурыстаў. Пакуль іх складана аддзяліць ад іншай масы. Паказваючы ўладам, што замежных турыстаў на роварах шмат, можна дамагчыся пазітыўных зменаў.
Стварэнне англамоўнага аўдыягіда па славутасцях Гродна. Гэта заменіць англамоўнага экскурсавода і абыйдзецца танней турысту.
Унясенне інтэрактыўнасці ў маршруты і турыстычных прапановы.
З’яўленне турыстычных паслуг для веласіпедыстаў. Пакуль экатурызмам больш за іншых займаецца толькі «Нямнова-Тур».
Вырашыць праблемы перавозкі ровараў на грамадскім транспарце. Магчыма, гэтае пытанне ўдасца вырашыць з дапамогай «прыватнікаў».
Супрацоўніцтва паміж турыстычнымі фірмамі і грамадскімі арганізацыямі (напрыклад, «ВелаГродна») ў распрацоўцы веламаршрутаў і іх распаўсюд.