З 23 красавіка ў падвалах офіснага будынка на рагу Савецкай і Віленскай у тэставым рэжыме пачаў працаваць рэстаран “Беласток”. Ён будзе спецыялізавацца на беларускай кухні. Афіцыйнае адкрыццё ўстановы запланавана на 1 мая – у гэты дзень горад наведае мэр польскага Беластока.
Каля 10 месяцаў спатрэбілася ўладальнікам установы, каб рэалізаваць задуманае. Раней падвалы доўгія гады пуставалі, ды і сам будынак быў зачынены на рамонт 30 гадоў – з 1985 да 2015 года.
Рацэпты ад продкаў
У рэстаране адзначаюць, што Гродна даўно меў патрэбу ва ўстанове з беларускай кухняй. Рэстаран “Беласток” можа быць цікавы не толькі турыстам, але і самім гродзенцам. Многія стравы пададуцца знаёмымі.
«Сваіх кліентаў мы будзем прыцягваць аўтэнтычнай беларускай кухняй. Усе рэцэпты народныя, узятыя ў нашых продкаў. У нас ёсць некалькі відаў мачанкі, розныя настойкі, якія самі робім на аснове беларускіх спецый і традыцый. Ёсць у меню ялавічына з вішняй паводле рэцэпту Міхаіла Святаполк-Мірскага. Ён сам прыдумаў яго, а мы ўзялі са старых літоўскіх кніг. У нас шмат усяго нацыянальнага: дранікі, рулька, кіслая капуста, боршч, грыбная юшка і іншыя мясныя і не толькі стравы».
Месца абавязвала працягнуць традыцыю
Назву “Беласток” абралі не проста так. У гэтым жа будынку, толькі паверхам вышэй, з 1974 года працаваў вядомы ў горадзе рэстаран “Беласток”. З 1985 года памяшканне пуставала, рэстаран пераехаў у будынак на скрыжаванні Гараднічанскай і Тэльмана. Праз 32 гады, у лютым 2017 года, у памяшканнях былога рэстарана адкрыўся фірмовы магазін і кафэ “Камунарка”.
«Мы ведалі, што ў гэтым будынку быў легендарны для Гродна “Беласток” і ён карыстаўся попытам у гараджан. Выбранае месца абавязвала нас працягнуць традыцыю: мы хочам быць на такім жа высокім узроўні. І спецыяльна пастараліся для гэтага: у памяшканні максімальна падкрэслілі ўсю даўніну. Над інтэр’ерам працавалі сур’ёзныя спецыялісты. Ад старога “Беластока” засталася ў нас не толькі назва, але і сімволіка».
Рэстаран знаходзіцца ў падвальным памяшканні па адрасе Віленская, 2. Разлічаны ён на 48 пасадачных месцаў, у будучыні каля ўстановы плануюць адкрыць летнюю тэрасу.
Даведка
Першы рэстаран “Беласток” дзейнічаў з 1974 года ў гэтым жа будынку на Віленскай. Праект рэстарана выканалі беластоцкія архітэктары, элементы інтэр’еру, сервіроўкі і мэблю прывезлі з Польшчы. Рэстаран доўгі час лічыўся адным з лепшых у горадзе. У 1985 годзе ён пераехаў на Гараднічанскую, 20, дзе прапрацаваў да пачатку 2000-х.




















