Сям’я Бычкоўскіх пячэ тарты для гродзенцаў ужо 18 гадоў. Аляксандр Бычкоўскі - былы афіцэр-дэсантнік. Яго жонка Ганна — тэхнолаг харчовай вытворчасці. Пасля расфарміравання вайсковай часткі і выхада Аляксандра на пенсію яны засталіся ў Парэччы і пачалі сямейны кандытарскі бізнес. Летась Бычкоўскія вырашылі пабудаваць у Гродне кавярню хатняга тыпу з уласнай выпечкай. Але жыхары суседняга дома пратэстуюць супраць яе размяшчэння.
«У 92-м я звольніўся з арміі, бо ў Парэччы расфарміроўвалі вайсковую частку, дзе мы служылі, — кажа Аляксандр. — Ад таго часу чым толькі не спрабаваў займацца з большым ці меншым поспехам. І машынамі, і піламатэрыяламі. Гады тры тыкаўся як сляпое кацяня, думаў, за што зачапіцца». Канец пошукам урэшце паклала просьба жонкі: «Ствары мне працоўнае месца! Вось тут, у Парэччы!»
У тым, што Ганна — кандытар ад бога, сумневаў у Аляксандра не было ніколі. Ідэя зрабіць стаўку на яе прафесіяналізм падалася слушнай. Тым больш, што сям’я ўжо жыла ў Парэччы трэці год і пасля пераездаў і казармаў нарэшце пабудавала тут уласны дом.
Далей — атрымалі ўчастак і пачалі будавацца за ўласныя сродкі. «Калі вывелі будынак пад дах, папрасілі крэдыт у Фондзе падтрымкі прадпрымальнікаў», — расказвае Бычкоўскі. За крэдыт купілі плітку і сантэхніку для вытворчасці. А потым быў абвал. Таму аддаць пазыку атрымалася даволі проста — прадаў свой старэнькі Форд і разлічыўся цалкам. Праз тое далі яшчэ адзін крэдыт — на пакупку тэхналагічнага абсталявання для кандытарскага цэха. І працэс пайшоў.
«Пачыналі з булачак і простай выпечкі. Але на гэтым „адбіць“ крэдыт не ўдавалася. Працэнты былі высокія. Сталі думаць над пашырэннем прапановы і больш складанымі вырабамі. У горад першы раз выйшлі са слаёнымі пірожнымі. Потым пайшлі тарты — слаёны, кіеўскі, падарункавы ды іншыя».
Такія ж тарты прапаноўвалі і вялікія прадпрыемствы горада, таму цяжкасці канкурэнцыі Бычкоўскія пазналі ў поўнай меры. «Як пачыналі працаваць, нашы тарты нават не хацелі ставіць на вітрыну. Было балюча, але я заўжды казала — будзе добрая якасць, то людзі разбяруцца, зразумеюць і будуць браць», — кажа Ганна Бычкоўская.
На яе думку, іншых таямніц поспеху, апроч якасці - не існуе. Бо ўсё астатняе, па словах гаспадыні - самае звычайнае. Прадукты для выпечкі Бычкоўскія закупаюць у мясцовых вытворцаў, а рэцэпты бяруць з тыповага даведніка. Сакрэт фірмовага парэчанскага смаку — у натуральных складніках і вялікай частцы ручной працы на вырабе тартоў.
«Муку трэба прасеяць, малако працадзіць, яйкі памыць у чатырох водах, разбіць і ўзбіць. Слаёнае цеста трэба раскатваць рукамі да таўшчыні папяроснай паперы. Спрабавалі выкарыстоўваць раскатачную машыну, але атрымалася „не тое“. Ідзём вельмі працаёмкім шляхам. Мэты зрабіць як прасцей мы сабе не ставім».
Слаёны торт у гаспадыні самы любімы. «Ён не асабліва прывабны на першы погляд, такі просты „трудзяжка“. Як конік, што арэ, а не гарцуе дзеля прыгажосці. З гэтым тартом добра сабрацца блізкім кругам, каб пасядзець за гарбаткай проста на кухні».
Аляксандр больш любіць «Падарункавы» торт з масляным крэмам. Гэта памяць пра часы «савецкай» маладосці, калі такая смакотка была верхам мараў.
Класічныя тарты застаюцца сярод прапановаў цэха Бычкоўскіх усе 18 гадоў працы. Спажыўцы прывыклі да «парэчанскага» смаку. Яго пазнаюць і да яго хочуць вяртацца. Таму добрыя тарты паводле старых рэцэптаў не сыдуць з рынку. «Кіеўскі, слаёны і мядовы — гэта назаўжды», — упэўнена Ганна Бычкоўская.
Зараз тарты ад Бычкоўскіх прадаюцца ў многіх крамах горада. Фірмовай кропкі ў іх няма. «Думалі, што пакупнікам будзе зручней набываць тарты ў крокавай даступнасці ад дома. Але зараз многія крамы выцясняюцца сеткавымі супермаркетамі і мы страчваем рынкі. Разумеем, што сваё месца зараз вельмі патрэбна», — кажа Ганна.
У пошуках свайго фармату паспрабавалі і арэнду ларка, і продаж тортаў «на разрэз» у іншых кавярнях. Ацаніўшы перавагі і недахопы розных варыянтаў, вырашылі - трэба рабіць нешта ўнікальнае, чаго ў горадзе яшчэ няма. І выбралі кавярню з поўным цыклам уласнай вытворчасці.
«Яблык у цесце, штрудзель, лісабонскае пірожнае — мы ўжо адпрацавалі тэхналогію іх вырабу. Атрымліваецца вельмі смачна, але спажываць такую выпечку трэба свежай, — кажа Ганна. — Раней па гэтай жа прычыне мы адмовіліся пастаўляць у горад круасаны. Пакуль яны даходзілі ад парэчанскага цэха да гродзенскага прылаўка, рабіліся зусім не такімі, як проста з печы».
Меркаваную кавярню Ганна бачыць як наяве. Прынамсі, экскурсію па плану-схеме праводзіць па-сапраўднаму. «Вось абедзенная зала, а тут цэх. З гэтага боку — разгрузка, ўзважванне і склады. Тут будуць гатаваць гарачыя буцерброды і салаты, далей — блінчыкі з рознымі начыннямі».
Тарты ў кавярню мяркуюць вазіць з Парэчча, а пірожныя пячы на месцы. Іх будзе каля дзясятка. У планах — праводзіць у кавярні дэгустацыі смакотак.
Летась, калі Бычкоўскія пачыналі займацца планаваннем уласнай кавярні, меркавалі, што яна з’явіцца праз два гады. На праектныя работы сышло каля паўгода і больш за 50 тысяч рублёў. Зараз, праз нязгоду жыхароў суседняга дома, праца на ўчастку прыпынена. Мясцовыя апасаюцца, што іх пазбавяць дваровай тэрыторыі і спакою.
[irp posts="52 813″ name=" Дзе дэпутат Бераснева?" Жыхары Ажэшкі зноў выйшлі супраць кафэ ў іх двары"]
«Ніхто не збіраецца забіраць ў людзей двор. Праектаванне ідзе строга на выдзеленай горадам тэрыторыі - кажа гаспадыня будучай кавярні. — Шчыра кажучы, не вельмі разумею гэтыя апасенні. Месца разлічана ў асноўным на бацькоў з дзецьмі, а не для шумных кампаній. Мы адразу прадумалі, каб не было прыступак на ўваходзе і можна было б заехаць у памяшканне з дзіцячым вазком».
Таксама ў планах гаспадароў добраўпарадкаванне тэрыторыі. Кавярня, па іх словах, будзе мець летнюю тэрасу з навесам-маркізай. «Хочам паставіць некалькі столікаў. Для ахвотных папіць каву ў адзіноце размесцім падвясныя фатэлі-коканы. Для дзяцей зробім невялікую забаўляльную пляцоўку».
[irp posts="52 963″ name=""Не гіганцкі ангар сеткавага абслугоўвання". Чаму трэба будаваць кавярню ў двары дома, тлумачыць архітэктар Аляксандр Штэн"]
Да бліжэйшага дома па вуліцы Ажэшкі, 42 ад мяжы адведзенай кавярні тэрыторыі застаецца 30 метраў. Тэрыторыя, на каторай можа з’явіцца кавярня, вызначана генпланам горада пад грамадскую забудову. Што да формы і колеравай гамы кавярні, то яны выбіраліся праектыроўшчыкамі, каб упісаць будынак архітэктурнага аблічча наваколля. На гэтым участку любы новабуд мае дапасавацца да выгляду суседняга бізнесцэнтра.
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…