Сям’я Лазарус з Лондана ўжо амаль 14 гадоў усталёўвае ў Беларусі мемарыялы на месцы масавага забойства яўрэяў. У нас у іх няма ні сваякоў, ні каранёў. Іх сюды прывёў лёс. Свой 111-ы і 112-ы памятныя знакі Лазарусы адкрылі 30 ліпеня ў Свіслацкім раёне Гродзенскай вобласці.
У 2003 годзе Даяна і Майкл Лазарусы заснавалі Фонд імя Саймана Марка Лазаруса, каб захаваць памяць ахвяраў Халакосту ў Беларусі. Сёння ў гарадах, пасёлках і вёсках па ўсёй краіне стаіць 112 помнікаў. Іх распрацаваў беларускі архітэктар Леанід Левін.
«У пачатку 2000-х я прыехала ў Беларусь з дабрачыннай місіяй, ніяк не звязанай з устаноўкай мемарыяльных знакаў, — распавядае Даяна. — У адзін з дзён хтосьці з мінскай сінагогі патлумачыў мне, што ў Беларусі мноства месцаў, дзе забівалі яўрэяў у час вайны, але яны ніяк не пазначаныя і на гэта ў мясцовых яўрэяў няма сродкаў. Калі я вярнулася дадому, я пачала распытваць людзей, хто б мог дапамагчы ў гэтым праекце, але ўсе адмаўляліся. І тады мой муж Майкл сказаў: а чаму ж мы не можам гэта зрабіць? Так мы і пачалі».
Загінулі, бо былі яўрэямі
Неўзабаве сям’я Лазарус прыехала ў Мінск ізноў ды сустрэлася там з кіраўніком амерыканскага яўрэйскага размеркавальнага камітэта ў Беларусі Марынай Фруман. Жанчына расказала англічанам, якія ім трэба атрымаць дазволы.
«Мы звярнуліся да ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў і абмеркавалі гэтае пытанне, — распавядае Майкл. — Нам сказалі, што ідэя добрая, але спыталіся, што будзе напісана на мемарыялах. Мы адказалі: „Тут загінулі яўрэі“. У адказ нам прапанавалі пісаць на мемарыялах, што загінулі беларускія патрыёты. Але гэтыя людзі былі забітыя не як беларускія патрыёты, а менавіта як яўрэі».
Замежныя мовы не хацелі ўзгадняць
Пасля доўгага абмеркавання чыноўнікі і інцыятары прыйшлі да згоды. На кожным помніку пазначана месца гібелі і колькасць загінуўшых, усе надпісы на трох мовах: беларускай, англійскай і іўрыце.
«Замежныя мовы на помніках спачатку прадстаўнікі ўлады не хацелі ўзгадняць, але праз нейкі час усе нашы ўмовы былі прынятыя. Перад рэалізацыяй праекта ў нас была просьба да мінскай яўрэйскай абшчыны: каб у мемарыяльную камісію ўвайшлі прадстаўнікі ўсіх яўрэйскіх арганізацый Беларусі», — дадаў Майкл.
З вялікай ямы смерці выбраўся адзін яўрэй
Менавіта гэта ўмова — удзел усіх арганізацый — дапамагла многім маленькім мястэчкам атрымаць мемарыял. Напрыклад, у Свіслачы шмат гадоў збіраў інфармацыю пра загінуўшых яўрэяў прадстаўнік праграмы яўрэя-хрысціянскага дыялогу «Шомэр Інтэрнэшнл» Валер Якута. Тое, што ў гэтым месцы ўсталявалі мемарыял, гэта і яго асабістая заслуга.
«На месцы, дзе спачывае больш за 1500 ні ў чым не вінаватых чалавек, доўгі час быў савецкі помнік з зоркай. Але сёння ўсталявалі правільны мемарыял, які паказвае, што тут загінулі менавіта яўрэі. Гэтыя людзі былі асуджаныя на смерць, бо былі не той нацыянальнасці, — распавядае Валер. — Мне ўдалося адшукаць сведак тых падзей. З трох велізарных рвоў, дзе сёння калгаснае поле, удалося выбрацца толькі аднаму чалавеку. Гэта быў мясцовы футбаліст, ён змог дабрацца да знаёмых і хаваўся ўсю вайну».
Цікава, што Валер сёння жыве менавіта ў тым доме, дзе хаваўся гэты яўрэйскі футбаліст.
Мемарыялы будуць усталёўваць і далей
На адкрыццё мемарыялаў у Свіслач і Поразава прыехала шмат гасцей, сярод іх пасол Германіі ў Беларусі Петэр Дэтмар, рабіны з Беларусі і ЗША, прадстаўнікі розных яўрэйскіх арганізацый і іншыя.
Сям’я Лазарус адзначыла, што мемарыялы будуць усталёўвацца ў Беларусі да таго моманту, пакуль усе месцы масавай гібелі яўрэяў не будуць ушанаваныя. Са слоў прадстаўнікоў яўрэйскіх арганізацый, у Беларусі яшчэ каля 500 месцаў, дзе адбываліся масавыя забойствы яўрэяў.
Вядома, што да праекту англічан далучыліся інвестары з ЗША.