Людзі і справы

У Гродне збанкрутавала турфірма з 25-гадовай гісторыяй. Што адбываецца ў турыстычным бізнэсе?

Пандэмія прывяла да банкруцтва гродзенскай фірмы «Экспрэс-тур», якая працавала з 1996 года. Некаторыя іншыя турагенцтвы таксама зачыніліся або адмовіліся ад арэнды офіса. Работнікі турызму распавялі Hrodna.life, што працаваць цяпер складана. Дапамагае ўнутраны турызм, а дзяржаўным фірмам — паездкі за кошт прафсаюзаў.

Турагенцтва «Экспрэс-тур» (ТАА «Экспрэстэкс») у Гродне ліквідавалі ў канцы 2021 года. Справу аб банкруцтве завялі ў эканамічным судзе Гродзенскай ў сакавіку. Інфармацыю пра гэта Hrodna.life знайшоў на сайце Адзінага дзяржаўнага рэестра.

Турыстычнае агенцтва «Экспрэстэкс» працавала з 1996 года. Яно займалася унутраным, уязным і выязным турызмам. Фірма прапаноўвала індывідуальныя і карпаратыўныя туры, гарачыя туры, аздараўленчыя паездкі, экскурсіі і круізы. З 2015 года кампанія працавала пад назвай «Экспрэс-Тур». У апошнія гады агенцтва пераарыентавалася на прывоз у Беларусь бязвізавых турыстаў.

Замежныя госці пакідалі станоўчыя водгукі аб фірме:

«Отличный сервис, быстрые точные ответы даже вне рабочего времени! (Связывался по ватсапу). Быстро предоставили нужные документы, отличная работа!»

«Прекрасный сервис, все в кратчайшие сроки. Обращаюсь уже не в первый раз и остаюсь очень доволен. Спасибо вам огромное!»

Прычына закрыцця — пандэмія

Арыентацыя на бязвіз і стала прычынай праблем. «Экспрэс-тур» арыентавалася на ўязны турызм і займалася толькі ім. Калі мяжа з-за каранавіруса закрылася і кліентаў не стала, давялося закрыцца, распавёў Hrodna.life выконваючы абавязкі дырэктара Ілля Суханосік. Фірма не знайшла спосабу пераарыентавацца на іншы від турызму. У фірме працавалі пяць чалавек: хтосьці пайшоў на пенсію, хтосьці - на іншую працу, хтосьці - у іншую сферу. Ілля дапускае, што ў будучыні вернецца ў турызм, але калі, цяпер сказаць складана.

Адна з крыніц Hrodna.life у турызме лічыць, што працаваць апошнія два гады сапраўды стала складаней, але можна. Супастаўляць заробкі да 2020 года і пасля нельга. «Экспрэстэкс» жа, на іх думку, працавалі не так эфектыўна, трымалі няшмат супрацоўнікаў, работнікі займаліся не толькі турызмам. Яны не адаптаваліся да зменаў, лічыць крыніца.

Чытайце таксама: Ужо пачалася? Як у Гродне сустракаюць «амікронную» хвалю каранавіруса

Стары горад у Гродне. Ілюстрацыйнае фота Hrodna.life

Тэндэнцыя — індывідуальны турызм

«З верасня па снежань [2021] была праца, і мы трымаемся на плаву. Шматлікія кліенты паехалі за кошт прафсаюзаў. А што тычыцца пачатку года, ён, напэўна, ва ўсіх арганізацыях цяжкі. Мёртвы сезон. Да сакавіка, пакуль школьныя канікулы не пачнуцца, у нас адноснае зацішша», — распавёў Аляксандр Старыцын, дырэктар Бюро міжнароднага моладзевага турызму «Спутник», якое працуе з 1958 года.

Апошнія некалькі гадоў бюро займалася ўнутраным турызмам. За 2021 год удалося выйсці на паказчыкі 2017 года. Колькасць турыстаў у параўнанні з 2020 «пандэмійным» годам узрасла ў чатыры разы. «Спутник» працаваў з турамі ад прадпрыемстваў і ўстаноў, якія дапамагае аплачваць прафсаюз. Паездкі за кошт прафсаюзаў - вялікая дапамога для турфірмы, але Аляксандр не выключае, што добра скончыць год можна было б і без іх. Турызм перакваліфікаваўся на індывідуальны, лічыць дырэктар. Людзі ездзяць па адным-чатыры чалавекі, на сваім транспарце і звяртаюцца да іх ужо за экскурсіямі.

Некаторыя турфірмы, як вядома дырэктару, сапраўды закрыліся — у асноўным, тыя, якія арыентаваліся на бязвізавы ўезд. Аляксандр прыгадаў мінімум тры агенцтва, якія закрыліся. Некаторыя адмовіліся ад офіса і сышлі на «аддаленку». Дапамогу ад уладаў турфірмы атрымлівалі толькі тры месяцы ў 2020 годзе. Але і гэта не вельмі дапамагала: напрыклад, атрымлівалі зніжку па арэндзе на 50%, а пры гэтым камунальныя паслугі даражэлі, даводзілася ўсталёўваць прыборы ўліку цяпла — атрымліваліся тыя ж сумы. «Сапраўды складана выжываць», — рэзюмаваў Аляксандр.

Складанасці ёсць і ў экскурсаводаў

— Большасць фірмаў працавалі на уязны і выязны турызм. Адпаведна, калі пачаліся праблемы ў плане пандэміі, а ў наступстве сацыяльна-палітычнага крызісу, то многія турфірмы прыпынілі дзейнасць або закрыліся, — распавёў Hrodna.life экскурсавод з Гродна Міхаіл Нарынкевіч. Якія менавіта турфірмы закрыліся, Міхаіл не назваў, мяркуючы, што яны не хочуць, каб пра гэта ведалі. — У мяне маецца асноўная праца, таму фінансы для падтрымання штаноў у мяне ёсць.

Іншая крыніца Hrodna.life у турызме распавёла, што ў 2022 годзе павялічылі падаткі для ІП, у якасці якіх былі зарэгістраваныя многія экскурсаводы. Раней яны плацілі 5% з даходу, а будуць плаціць 16%. Да таго ж, з кастрычніка 2021 года гіды могуць прымаць безнаяўную аплату, а наяўныя — толькі праз касавы апарат. Гэта стварае для іх дадатковыя складанасці.

Імерсіўная экскурсія ў Гродне 5 лістапада 2020 года. Фота: Алена Кавальчук

Улады разлічваюць толькі на ўнутраны турызм

Экспарт турыстычных паслуг у Гродзенскай вобласці за 2021 год склаў $ 7,1 млн — 162% да ўзроўню 2020 года. Па бязвізе ў 2021 годзе ў рэгіён заехала толькі 48 турыстаў, распавяла БЕЛТА намесніца начальніка ўпраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Таццяна Лідзяева. 70% - гэта расіяне. Зараз збіраюцца прыцягваць турыстаў з Узбекістана, Арменіі, Казахстана, Грузіі, а таксама рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі.

Паводле яе слоў, чыноўнікі бачаць цікавасць беларусаў да Гродзенскай вобласці. У 2021 годзе ў Гродзенскай вобласці было створана 12 новых турыстычных маршрутаў. Правялі дзевяць рэкламных тураў для СМІ, экскурсаводаў, турыстычных аператараў.

У планах на наступны год — павялічыць патэнцыял унутранага турызму, паведаміў намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Пранюк. «Акрамя таго, мы стварылі ў кожным раённым цэнтры турыстычны цэнтр, які сёння дазваляе нашым грамадзянам знаходзіць аптымальныя варыянты правядзення сваіх выхадных, распрацаваны новыя маршруты, якія сёння ўключаюць як спартыўныя ўстановы, так і тэатральна-відовішчныя і нашы культавыя будынкі. Таму, думаю, што наступны турыстычны сезон мы будзем разлічваць толькі на ўнутранага турыста», — расказаў ён «Гродно Плюс». Гэтаму спрыяе адкрыццё шэрагу экспазіцый: у Старым замку ў Гродне, у Гальшанскім, Крэўскім замках, лічыць Таццяна Лідзяева.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024