Якаў і Дзіна называюць сябе грамадзянамі свету. Разам яны падарожнічаюць каля трох гадоў. Родам з Расіі, але ў апошні час жывуць у Індыі. У Гродна яны прыехалі на роварах з Мінска, куды прыляцелі на самалёце. Пара распавяла Hrodna.life, як падарожнічае падчас пандэміі.

Турысты плануюць праехаць амаль усю Беларусь на роварах. Сваё падарожжа яны здымаюць для блога на YouTube.

Чаму Беларусь?

Якаў і Дзіна фрылансеры — працуюць дыстанцыйна, што дазваляе ім пастаянна падарожнічаць. У гэтым годзе выбралі Беларусь.

«Гэтую краіну мы абралі, таму што тут не было каранціну і можна было спакойна ўехаць, — распавядае Дзіна. — У Індыі яшчэ нядаўна былі сур’ёзныя абмежаванні і там усе стаміліся ад псіхозу. Мы ўжо даўно хацелі паглядзець Беларусь. У Мінску купілі ровары, палаткі і паставілі сабе мэту аб’ехаць усю краіну. Пакуль даехалі да Гродна. Больш за ўсё хочацца паглядзець заходнюю частку, яна бліжэй да Еўропы і прыкметна адрозніваецца ад усходняй, якая падобная да Расіі».

Затрымаліся на тыдзень у аграсядзібе

Ехалі турысты з Мінска ў Гродна прасёлкамі. На начлег спыняліся ў намёце ля населеных пунктаў.

«Калі былі ў Івянцы, вырашылі спыніцца побач, у пасёлку Падневічы. Там была аграсядзіба і гаспадары нас добра прынялі і пакармілі, нягледзячы на ​​тое, што ў іх броні не было. На раніцу гаспадары прапанавалі застацца ў іх на некалькі дзён, як валанцёрам. У выніку мы на тыдзень затрымаліся. Дапамагалі па гародзе, будавалі дом. Вельмі зблізіліся з імі, нас нават адпускаць не жадалі».

Добрыя ксяндзы

Па шляху ў Гродна вандроўнікі заязджалі ў розныя гарады і пасёлкі. Там больш за ўсё ім запомніліся сустрэчы з ксяндзамі.

«У Іўі мы пазнаёміліся з ксяндзом Янам, ён родам з Гродна. Святар правёў нам экскурсію па закрытым храме, паказаў рарытэтную вопратку ксяндзоў і арган. Вельмі адкрыты чалавек. Ён нас накарміў, напаіў і зняў нам гасцініцу на начлег.

У Васілішках мы пазнаёміліся з яшчэ адным ксяндзом. Спыталі ў яго, дзе можна знайсці начлег. Ён сказаў, што можна ставіць палатку на яго ўчастку ці каля касцёла. Такімі ўчынкамі беларусы адкрываюцца для нас з іншага боку. Вельмі прыемныя людзі і заўсёды гатовыя дапамагчы".

«Мэта - аб'ехаць усю краіну". Турысты прыляцелі з Індыі, селі на ровары і паехалі па Беларусі
Якаў і Дзіна ў цэнтры Гродна

Цырульня ў цэнтры Гродна

У Гродне вандроўцы спыніліся на тры дні ў хостэле «Сарматыя». Па горадзе вырашылі шпацыраваць пешшу, каб адпачыць ад ровараў.

Якаў і Дзіна заўважылі, што Гродна адрозніваецца ад тых гарадоў, якія яны бачылі ў Беларусі раней. «Утульны гарадок, але ёсць асобная пляма — традыцыйны Ленін у цэнтры горада, вечны агонь і выканкамы. Усё ў традыцыях саўдэпу», — кажуць вандроўцы.

«У самым цэнтры мы зайшлі ў старэнькую мужчынскую цырульню ["Антэй» на Савецкай — рэд.]. Я папрасіла віскі мне згаліць. Атрымалася дамовіцца з жанчынамі, у іх тады людзей не было. Папрасілі іх уявіць, што я хлопчык. Разгаварыліся: мы пра сябе, а яны нам пра цырульню, якой 90 гадоў. Выдатна абслужылі", — распавяла Дзіна.

«Мэта - аб'ехаць усю краіну". Турысты прыляцелі з Індыі, селі на ровары і паехалі па Беларусі
Якаў і Дзіна ў гродзенскім хостэле «Сарматыя»

Пра падарожжа будзе відэа

Пасля Гродна турысты плануюць наведаць Белавежскую пушчу і Брэст. А пасля паездкі па гарадах Беларусі ў планах адправіцца ў Польшчу. Калі адкрыюць мяжу.

«Каб падарожнічаць, нам не трэба шмат грошай. У нас ёсць палаткі для начлегу, а ежу заўсёды можна купіць і прыгатаваць. Мы — веганы. Пра наша падарожжа па Беларусі будзе відэа на YouTube».