Загрузка гродзенскіх гасцініц у навагоднія святы можа скласці пад 100%. Пра гэта 24 студзеня паведаміў прадстаўнік Міністэрства спорту і турызму Віталь Грыцэвіч. Мы патэлефанавалі ў некаторыя гасцініцы і праверылі: сапраўды, з 31 снежня на 1 студзеня ў гатэлях Гродна амаль не засталося свабодных месцаў. У хостэлаў справы горай. У бюджэтных гасцініцах вялікая частка нумароў усё яшчэ пустуе.
Гасцініцы займаюць у асноўным арганізаваныя групы турыстаў. 25 снежня ўсе гасцініцы ў Гродне, акрамя «Турыста», заявілі пра запоўненасці ў навагоднюю ноч. Свабоднымі застаюцца толькі нумары люкс. Браніруюць гасцініцы ў асноўным турысты з Літвы, Польшчы і Расіі. Адзіная гасцініца ў Гродне, якая не можа пахваліцца добрай запаўняльнасцю ў навагоднюю, ноч гэта «Турыст». Там пакуль забраніравана каля 30% нумароў.
Хостэлы не папулярныя, таму што камфорт на першым месцы
Браніраваць хостэлы на навагоднюю ноч людзі пакуль не спяшаюцца. Чаму так адбываецца і навошта турысты едуць у Гродна на навагоднія святы Hrodna.life даведаўся ў кіраўніка турыстычнай фірмы «Студыя адпачынку» Канстанціна Карачанцава.
— Чаму турысты выбіраюць гасцініцы, а не хостэлы?
— Зараз у Гродне больш развіты групавы турызм, а не індывідуальны. Гэта групы замежнікаў у сярэднім па 40−45 чалавек. Такія групы патрабуюць, каб у кожным нумары быў санвузел. Таму мы не можам такія групы рассяляць па хостэлах.
Што тычыцца індывідуальных турыстаў, то ў іх патрабаванні камфортнасці таксама на першым месцы. Яны альбо жывуць у гасцініцах, альбо здымаюць апартаменты. Хостэлы разлічаны на больш бюджэтных турыстаў, якія прывыклі падарожнічаць улегцы. Як мы бачым, пакуль гэтыя турысты не даехалі да Беларусі.
Цяпер яшчэ не такая вялікая розніца ў цэнах хостэлаў, бюджэтных гасцініц і апартаментаў. Калі б розніца была як на захадзе — у тры разы, тады б запаўняльнасць у хостэлах была больш.
— Ці шмат турыстаў едзе ў Гродна на Новы год?
— У параўнанні з мінулым годам плынь турыстаў на навагоднія святы не змянілася. Мы ў першую чаргу прапануем вячэры са святочнай праграмай у рэстаранах горада, а таксама экскурсіі. На святы 95% нашых рэстаранаў больш занятыя мясцовымі жыхарамі, так што пакуль Новы год для турыстаў у нас не развіты.
Індывідуалаў робіцца больш
Беластоцкі прадпрымальнік Раман Банцар, які дапамагае польскім турыстам арганізоўваць індывідуальныя туры ў Беларусь, заўважае, што цікавасць да Новага году ў Гродне сярод яго кліентаў паволі расце. У гэтым годзе зацікаўленых правесці свята ў Беларусі больш, чым годам раней.
«Пытаюць пра клубы і кафэ. А вось пра афіцыйны канцэрт пад елкай не пытаўся ніхто. Але калі пойдуць, то напэўна здзівяцца. У мінулым годзе мае кліенты-палякі вельмі здзівіліся: ноччу пад елкай было ўсяго 20−30 чалавек — і ўсё замежнікі», — кажа Раман. Турысты дзівіліся, бо прывыклі,
што ў Польшчы ў навагоднюю ноч на цэнтральныя плошчы гарадоў выходзіць мноства людзей.