Антон Аптэкар прыязджаў у Гродна з Масквы на калядныя выхадныя. Сябар Аляксандр паказаў яму горад. Антона ўразілі не толькі велічныя храмы, але і драўляны Новы Свет.

Антон паводле адукацыі юрыст, але даўно цікавіцца гісторыяй і шмат падарожнічае. У Гродне ён быў упершыню.

«Мой гродзенскі сябар Аляксандр даўно мяне запрашаў у Беларусь, — распавядае Антон. — Як і ў кожным расійскім горадзе, я ўбачыў у Гродне цікавую каменную архітэктуру. Але больш за ўсё мяне ўразілі драўляныя пабудовы ў Новым Свеце. І ў Беларусі, і ў Расіі такіх будынкаў становіцца ўсё менш. Вам пашанцавала, у вас яшчэ захаваліся цэлыя кварталы, гэта цікава турыстам. Вы павінны шанаваць такія дамы, гэта важная частка культуры народа. Такую архітэктуру трэба ратаваць ад зносу і перабудовы».

https://www.instagram.com/p/B7A2sdGo6M9/

Ад свайго гродзенскага сябра Антон даведаўся пра знос драўляных дамоў у Гродне. Масквіч адзначыў, што такое адбываецца і па ўсёй Расіі, але часам атрымоўваецца выратаваць старыя пабудовы з дапамогай медыя і вядомых блогераў.

«Трэба ратаваць такія пабудовы з дапамогай грамадскай кампаніі: збору подпісаў і правядзення пікетаў. А яшчэ трэба больш даносіць да гараджан інфармацыю пра ўнікальнасць гэтых дамоў, бо менш адукаваныя людзі не разумеюць, навошта захоўваць іх. Называюць драўляную архітэктуру халупамі і адрынамі.

«Вам патрэбен свой Варламаў». Турыст з Масквы даў параду, як ратаваць Новы Свет у Гродне

Чыноўнікам і забудоўшчыкам выгадней пабудаваць якую-небудзь шматпавярхоўку або сучасны будынак, чым пакідаць стогадовы дом. У нас у многіх гарадах Расіі нешта падобнае адбываецца.

Але ў нас ёсць добрыя прыклады, калі драўляныя дамы ратуе блогер Ілля Варламаў. У яго магутны медыярэсурс, калі ён бачыць каштоўную пабудову, то пачынае збор сродкаў, яго аўдыторыя дапамагае. Некалькі рэалізаваных праектаў у яго ёсць у розных гарадах Расіі.

Вам у Гродне не хапае такога Варламава — чалавека, які прасоўваў бы ўнікальнасць гэтых драўляных дамоў".

Прыклады ад Варламава

Ілля Варламаў стварыў фонд «Внимание», які збірае сродкі, кансультуе і дапамагае выратаваць ад разбурэння аб’екты культурнай спадчыны ў Расіі. Фонд дапамагае стварыць ініцыятыўную групу вакол праблемнага будынка і пачаць збор грошай.

Купецкі дом у Бузулуку

Дарэвалюцыйны традыцыйны дом у Бузулеку са злучэннем мадэрновага і рускага дэкору. На аднаўленне дэкору фасада сабралі 120 000 RUB (4080 BYN). Ад пачаў збору да канца работ прайшло два месяцы.

Пошта канца 19 стагоддзя ў вёсцы Багатае

Будынак у стылі эклектыкі з элементамі рускага стылю. У апошнія гады пуставаў. На аднаўленне сабралі 120 832 RUB (4100 BYN). З будынка знялі старую фарбу, адрамантавалі прызбу, аднавілі разьбяныя кранштэйны і пафарбавалі фасад. У будучыні ўнутры плануецца адкрыць раённы краязнаўчы музей.

Дом мяшчаніна Мядзведзева ў Бузулуку

Меркавана дом пабудаваны ў 1910-я. Пасля рэвалюцыі дом адабралі. Зараз тут жывуць дзве сям'і, якія імкнуцца падтрымліваць яго ў нармальным стане. Праз фонд збіралі грошы на аднаўленне элементаў дэкору, дзверы і выраб новых драўляных вокнаў. Сабралі 265 485 RUB (9000 BYN).

Архітэктары рыхтавалі праект калероўкі дома, з пачаткам будаўнічага сезону пачаліся работы па ачыстцы і афарбоўцы фасада сіламі мясцовых жыхароў і валанцёраў. Старыя арыгінальныя дзверы не падлягалі рэстаўрацыі: дошкі рассохліся, перакасіліся, з’явіліся шчыліны. Іх замянілі дакладнай копіяй. Большая частка разьбянога дэкору была страчана — яго аднавілі.

Ці можна прымяніць гэты вопыт у Беларусі?

Старшыня савета Беларускага дабраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч кажа, што ініцыятыва Варламава добрая, але падобнае ў Беларусі зрабіць вельмі праблематычна.

«У Расіі іншая сітуацыя. Там кожны год з дзяржаўнага бюджэта закладаюцца вялікія грошы пад гранты для грамадскіх ініцыятыў за кошт якіх і можна ратаваць старыя будынкі. Фонд Варламава фактычна не збіраў грошы, ён пракруціў свой праект, дзякуючы гэтым грантам, якія бываюць вельмі вялікімі. Плюс у Расіі ёсць алігархі, якія адсцёгваюць пэўныя сумы на добрую справу.

З пункту гледжання прававых нормаў нешта падобнае і ў нас можна зрабіць. А з пункту выканання гэта вельмі складана. Трэба займацца маёмасцю, а без вырашэння гэтага пытання ніводзін праект не зможа рэалізавацца. Таксама пры выкананні трэба дабівацца перагляду праекта дэтальнай планіроўкі будынка і праекта зоны аховы, каб туды ўпіхнуць новую архітэктурную канцэпцыю з новымі функцыямі. Прапісаць, хто будзе інвестарам і г. д. У нас можна паспрабаваць нешта падобнае зрабіць, але, на маю думку, будуць затрачаны вялікія сілы, а вынік будзе нулявы.

Я вельмі расчараваны ў зборы сродкаў унутры нашай краіны — з грамадзян і фірмаў. Я ведаю гэта выдатна, бо сам удзельнічаў у падобным, калі ў 2009 годзе збіралі грошы на Навагрудскі замак. Трэба было каля 9,5 млн долараў сабраць з дапамогай народнага краўдфандынгу. У выніку ахвяраваннямі і дзвюма латарэямі мы сабралі ўсяго каля 100 тыс. долараў. Уся астатняя сумма была ад уладаў.

Тое самае было па замене наверша вежы Нясвіжскага замка. Хадзілі па кабінетах па фірмах і збіралі грошы. Тады сабралі ахвярваннямі толькі 20%, усё астатняе з рэспубліканскага бюджэту.

Збіраць грошы на старыя будынкі ў Беларусі вельмі складана".

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life