Жуча, Муха і Ніка насіліся па лужку, дзе іх гаспадары абмяркоўвалі магчымасці ўпарадкаваць пляцоўку для выгулу сабак на Дзевятоўцы. Зараз на пустыры каля запраўкі нічога няма. А хочацца, каб з’явіліся агароджа, асвятленне і хаця б мінімальнае абсталяванне для дрэсіроўкі гадаванцаў.

«Сёння мы размецілі пляцоўку, скасілі траву — выказалі свае пажаданні дзеяннямі, — кажа Яўген Філімонаў. — Спадзяёмся, што горад пойдзе насустрач». Сустрэча неабыякавых сабачнікаў прайшла ўвечары 25 верасня.

Колькі можна прасіць?

«Пра гэта даўно ідуць размовы. Пару гадоў таму жыхары раёна звярталіся ў адміністрацыю, прасілі выдзеліць пад пляцоўку месца паміж дамамі. Але там не дазволілі. Зараз выдзелілі плошчу за запраўкай. Але далей гэтага справы зноў не ідуць — дабраўпарадкаваць і абсталяваць пляцоўку ні ў кога рукі не даходзяць. Вырашылі самі пачаць, паспрабаваць зрабіць хоць мінімум, што можам. Бо колькі ўжо можна прасіць? Адно абяцаннямі ўсё і заканчваецца», — расказвае Юрый Голікаў.

Пра абсталяванне будучай пляцоўкі з веданнем справы распавядае Ангеліна. Хаця дзяўчынцы толькі 14 гадоў, дарослыя прыслухоўваюцца да яе меркавання і называюць між сабой «наш кінолаг».

Ці з'явіцца пляцоўка для сабак на Дзевятоўцы? Жыхары раёна гатовы ёй заняцца

«Пляцоўку трэба падзяліць на дзве часткі. На адным баку ўсталяваць снарады — лесвіцу, шчыты, лабірынт-змейку, каб можна было дрэсіраваць сабак. На другой можна пакінуць больш вольнага месца, каб сабакі маглі пабегаць без павадкоў і наморднікаў. Калі адначасова прыдуць дзве вялікія сабакі, то іх можна будзе выгульваць у розных частках пляцоўкі».

Не забыліся і на лавачку для гаспадароў. «Юрый во — з палачкай ходзіць. І пенсіянер у суседнім доме, каторы з лабрадорам, таксама. Пакуль сюды дойдуць, стомяцца. Трэба, каб было дзе прысесці», — падказвае мужчына, што толькі што скончыў размячаць будучую пляцоўку.

Пра асвятленне таксама думаюць. Зімой ці восенню цямнее рана, то і задумваюцца дарослыя, каб бяспечна было адпускаць дзяцей і падлеткаў на выгул з сабакамі. Побач — хоць невялікі, але лес. Ускраіна горада ўсё ж такі.

Нават мячык кінуць няма дзе

Ангеліна расказвае, што падлеткаў з сабакамі на раёне шмат. Летам кампаніяй чалавек па дзесяць збіраліся — разам весялей гуляць. Праўда, людзі такіх кампаній апасаюцца і адусюль ганяюць.

Разам патрэніравацца проста няма куды пайсці. У дварах — дзіцячыя пляцоўкі, дзе выгул забаронены. На вуліцы — трэба гуляць толькі з павадкамі і трымаць сабаку ў намордніку. Нават кінуць мячык, каб сабака прынёс — не атрымаецца.

Ці з'явіцца пляцоўка для сабак на Дзевятоўцы? Жыхары раёна гатовы ёй заняцца

«Усе кантралююць тыя павадкі і наморднікі. Забараняць — яно проста, а як правільна сабак выгульваць, ніхто сказаць не можа. Уладальнікаў абавязалі збор плаціць, то мы і плацім штомесяц. Толькі ў нашым доме шэсць сабак зарэгістравана. А куды ідуць тыя сродкі - не відаць», — кажа Юрый.

Замежны прыклад

Людзі зараз шмат ведаюць, многія ездзяць за мяжу і бачаць, як у іншых краінах ставяцца да ўладальнікаў сабак і іх гадаванцаў. Нават на цэнтральных вуліцах гарадоў ёсць урны і савочкі з пакецікамі, каб прыбраць за сабакам, ці міскі з вадой у спякотныя дні. Гэта ж не толькі клопат пра жывёлаў, гэта павага да людзей, — разважаюць дарослыя.

Ці з'явіцца пляцоўка для сабак на Дзевятоўцы? Жыхары раёна гатовы ёй заняцца
Здымак паілкі для сабак на адной з вуліц Варшавы даслалі чытачы Hrodna.life
Дзяўчаты тым часам расказваюць пра сваіх гадаванцаў. Аказваецца, усе іх сабакі яшчэ нядаўна былі беспрытульныя.

— Жучу подабралі нядаўна, гэтым летам. Яна прыбілася да вартаўніка на адным прадпрыемстве. Дома ў яе ніколі не было. Ніку забралі ў алкашоў. Яе білі і не кармілі. Наста падабрала, — кажа Ангеліна.

— Як дадому забралі, Жуча баялася выходзіць на вуліцу. Ляжа і не варушыцца. Потым патроху асвоілася. Зараз усе кажуць, што больш адданага сабакі на свеце няма. Як у краму іду, то можна не прывязваць. Сядзіць дзе пакіну і чакае, — распавядае Наста.

— А таго чорнага разам з яшчэ пяццю шчанюкамі зімой у наш пад’езд падкінулі. Суседская дзяўчынка з мамаю іх прыстройвалі па знаёмых, а гэтага сабе пакінулі, — далучаецца да размовы Анжаліка.

Сабакі тым часам паказваюць адзін перад адным свае таленты. «Ляжаць», «сядзець» ці «месца» — выконваюць на раз. У кампаніі, тлумачаць «сабачнікі», вучыцца лягчэй. Сабакі вельмі схільныя да пераймання. Калі па камандзе адзін сеў, то і другі разумее, што так трэба рабіць. Пляцоўка яшчэ і тым добрая, што дапамагае ў выхаванні.

«Сёння мы сабраліся, каб на месцы да праблемы прымерыцца, — тлумачыць Яўген Філімонаў, — зрабілі першы крок, абазначылі праблему. Далей пойдзем да адміністрацыі, каб атрымаць на дзеянні зваротную сувязь. Так лепш відаць, хто гатовы далучыцца і дапамагчы, а дзе ёсць супраціў».

Ці з'явіцца пляцоўка для сабак на Дзевятоўцы? Жыхары раёна гатовы ёй заняцца

Многія з жыхароў раёна гатовы паўдзельнічаць у будаўніцтве пляцоўкі. Людзі зацікаўленыя, ды і чакаць невядома чаго стаміліся.

«І працаваць прыйдуць, і інструменты прынясуць. Народны праект зладзім».

Ці з'явіцца пляцоўка для сабак на Дзевятоўцы? Жыхары раёна гатовы ёй заняцца