Ад чэрвеня мінулага года ў Гродне працуе першая і доўгі час адзіная ў Беларусі крама, дзе пакупнікоў абслугоўваюць на трох мовах — беларускай, рускай і англійскай. Беларуская мова выкарыстана таксама ў аздабленні гандлёвых плошчаў і на цэтліках тавараў. Ці не перашкаджае гэта бізнесу ды спажыўцам і ці лёгка перайсці на родную мову ў бізнесе, Hrodna.life высвятляў разам з «моўным інспектарам» Ігарам Случакам.
Спонсар рубрыкі «Горад» — «Пліт-мар» ТАА (аб'яднанне «Група кампаній Белпліта»).
Рабіце мэблю самі і эканомце! Распілоўванне мэблевых матэрыялаў па вашых чарцяжах і велізарны склад матэрыялаў і фурнітуры ад першага імпарцёра і асноўнага пастаўшчыка мэблевых матэрыялаў і фурнітуры ў Гродзенскай вобласці.
Гродзенскі «Евроопт» уразіў і ўзрадаваў «інспектара». Паводле Случака, гэты досвед паказвае магчымасць спалучыць беларускасць і камерцыйную паспяховасць.
Гродзенцы, са словаў супрацоўнікаў, у асноўным пазітыўна ставяцца да беларускамоўнага абслугоўвання. Калі ж узнікаюць цяжкасці з разуменнем, то прадаўцы крамы пераходзяць на рускую.
Моўнае акружэнне ў гандлёвай зале ацанілі і замежнікі. Праз тое, што побач ёсць вялікая стаянка, зручная для аўтобусаў, краму часта наведваюцца групы турыстаў. За нацыянальны каларыт і «сувенірныя» пакункі з надпісамі на розных мовах яны галасуюць рублём.
Адміністратар Дзмітрый Аляксееў распавёў, што каб перайсці на беларускую, ён чытаў «Чорны замак Альшанскі» Уладзіміра Краткевіча, а касірка Алена Бажко — што лёгка перайшла на мову, якой карысталася з дзяцінства.
Пакупнікі, што згадзіліся даць каментар на камеру, выказвалі толькі пазітыўныя меркаванні наконт ужывання мовы. Калі адмаўляліся ад каментароў, то казалі штосці кшталту «я спяшаюся» — мужчыны, ці «ой, я без макіяжу» — жанчыны. Незадаволенасці абслугоўваннем на беларускай мове ніхто не выказаў. Праўда, аднойчы мы пачулі, што «хай бы лепш па-польску размаўлялі». Выбарка рэспандэнтаў была выпадковая.
Ігар Случак займаецца прасоўваннем беларускай мовы ў сферы спажывання ад 2009 года. Дзякуючы яго ініцыятыве «Справаводства па-беларуску», неабходнасць адказваць на пісьмовыя звароты на мове запыту стала заканадаўчай нормай. Зараз Ігар аказвае юрыдычную дапамогу вытворцам, што хочуць ствараць і прасоўваць беларускамоўныя брэнды. Таксама ён тлумачыць спажыўцам, як адстойваць свае моўныя правы.