Амаль паўгода выкладчык Гродзенскага электратэхнічнага каледжа Сямён Самойла і навучэнцы збіралі ўласны трыцыкл. Яны хочуць яго зарэгістраваць і выкарыстоўваць на фестывалях і байкзлётах. Як ствараўся трыцыкл каманда распавяла Hrodna.life.

Ідэю прапанаваў Сямён Самойла. Яшчэ некалькі гадоў таму ён задумаў гэты праект: ствараў чарцяжы, шукаў матэрыял. У 2018 узяўся за рэалізацыю. Распавёў пра гэта сваім вучням: шэсць маладых хлопцаў зацікавіліся і сталі дапамагаць.

[the_ad id="112 956"]

«Трыцыкл гэта заслуга ўсёй каманды, якая ходзіць на гурток тэхнічнай творчасці „Алімп“. Я кожны год набіраю туды хлопцаў, яны ў мяне рукастыя і галавастыя, — распавядае Сямён Самойла. — У мінулыя гады займаліся матацыкламі, а пасля мне прыйшла ідэя стварыць трыцыкл. Праект складаны, але цікавы. Для пачатку знайшлі сілавы агрэгат ад „Запарожца“, далей задні мост ад „Форда“. Потым пачалі ўсё кампанаваць. Самым складаным было зрабіць відэлец і састыкаваць задні мост з сілавым агрэгатам ад розных аўтамабіляў».

Як зарэгістраваць трыцыкл

«У будучыні гэты апарат спакойна можа ездзіць па гарадскіх дарогах. Для гэта там усё ёсць, — кажа Самойла. — Зараз рыхтуем дакументацыю ў аб’яднаны інстытут машынабудавання. Спецыялісты павінны зрабіць экспертызу, даць заключэнне і прысвоіць VIN-нумар. Пасля гэтага транспартны сродак можна спакойна рэгістраваць у ДАІ».

Трыцыкл на чацвёртай хуткасці можа разагнацца да сапраўды вялікай хуткасці - больш за 100 км/ч.

[the_ad id="82 761"]

Нават кабрыялет з «Запарожца»

Для Сямёна Самойла гэта не першы праект стварэння транспартнага сродку. Раней майстар ствараў міні-трактары, збіраў матацыклы і нават рабіў са студэнтамі кабрыялет з «Запарожца».

[the_ad id="82 763"]

«У мяне ўжо ўзрост не той, каб нешта новае вынаходзіць. За гады працы са студэнтамі шмат чаго цікавага стварылі. У будучыні, калі хлопцы захочуць штосьці зрабіць сваё, то я ім з задавальненнем падкажу і дапамагу. Маладым хлопцам ствараць нешта новае заўсёды цікава. На такіх занятках яны вучацца і думаюць. У жыцці такі бясцэнны вопыт ім дакладна спатрэбіцца», — сказаў Сямён Самойла.

"Рукастыя і галавастыя". У Гродне выкладчык каледжа сабраў з навучэнцамі трыцыкл
Навучэнцы Гродзенскага дзяржаўнага электратэхнічнага каледжа імя Шчаснага з трыцыклам, які рабілі разам са сваім выкладчыкам Сямёнам Самойла.
Дамагчыся ідэальнага выніку — каб трыцыкл усё-ткі паехаў - было няпроста.

«Мы вырашалі тэхнічныя пытанні, апрацоўвалі усё і паляпшалі. Можна сказаць, мадэрнізавалі тое, што ўжо было, — распавядае навучэнец каледжа Андрэй Цярэшка. — У горадзе спакойна можна ездзіць на такім трыцыкле, ён зроблены пад рэтра-стыль. Але, думаю, ён лепш за ўсё падыходзіў бы пад байкзлёты, фестывалі ці нават вяселлі».

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life