Пакуль бландынка з карымі вачыма, пульхнымі вуснамі і дарагім манікюрам не загаворыць, у вас наўрад ці ўзнікнуць сумненні, што перад вамі дзяўчына. Hrodna.life пагутарыў з трансгендарным хлопцам і даведаўся шмат цікавага пра жыццё людзей з ЛГБТ-супольнасці.
«Натуралы» не цікавяць
Дзякуючы яркай «дзявочай» знешнасці на Кірыла (імя зменена па просьбе героя) звяртаюць увагу хлопцы. Часта хочуць пазнаёміцца. «Яны думаюць, што я дзяўчынка, падыходзяць знаёміцца — я гавару, што не, прабачце і ў іх надыходзіць ступар».
Вызначыць гомасексуалаў не складана
Кірыл распавядае, што гей гея пазнае здалёк. Падчас нашай размовы ён раз-пораз рэзка перапыняе дыялог словамі: «Вось, глядзі, ідзе! Гэта дакладна гей». І тлумачыць, чаму: «Ён тройчы паглядзеў у люстэрка перад выхадам з машыны. У яго хайлайтар блішчыць ярчэй, чым у мяне. Выглядае ён як хлопец з вокладкі, ды і паходка кажа пра многае. Нават калі на першы погляд гэта будзе брутальны мужчына, для людзей у тэме вызначыць арыентацыю не складана».
Самому Кірылу ніколі не падабаліся дзяўчыны. Яны ў яго жыцці заўсёды займалі месца сябровак. «Калі прыкладна ў 11 гадоў ва ўсіх хлопцаў пачаліся размовы пра першае каханне, я зразумеў, што мне зусім не падабаецца ні мая сяброўка, ні мая суседка, ні яшчэ нейкая дзяўчынка. А вось адзін дзевяцікласнік — так».
Што скажуць бацькі
Такое адкрыццё пра сябе не стала для Кірыла шокам. «Не было думак „О Божа, як да такога можна дайсці“, не было адмаўлення, што гэта нешта звышнатуральнае і што такога быць не павінна. Хвалявала толькі адно: што скажуць мае бацькі, калі даведаюцца».
«Дурных думак», кшталту накласці на сябе рукі або зрабіць нешта падобнае, у Кірыла таксама не ўзнікала. Для гэтага, тлумачыць хлопец, ён занадта любіць сябе.
Кірыл разумее, што наўрад ці нейкія бацькі хочуць, каб іх дзіця было геем або лесбіянкай, але адзначае, што любому чалавеку важна, каб яго зразумелі, прынялі і любілі такім як ёсць.
«У мяне ёсць сяброўка-лесбіянка, у якой на гэтым фоне вялікія праблемы з бацькамі. Так быць не павінна, яна ў гэтым не вінаватая, яна такая, якая есть — гэта трэба разумець».
Гомасэксуаламі нараджаюцца, а не становяцца
Кірыл упэўнены, што ні адно дзіця не стане геем або лесбіянкай ад таго, што ў дзяцінстве будзе іх бачыць. «Арыентацыя закладзена на генным узроўні. Гэта як калі ты не любіш салодкае: ты ж не пачнеш яго любіць толькі ад таго, што кожны дзень бачыш? Цябе ніхто не прымусіць рабіць тое, што табе не падабаецца. Тое ж самае, калі ў чыёйсці дачкі будуць сяброўкі-лесбіянкі, якія будуць пры ёй цалавацца. Калі дзяўчыне брыдка ад адной толькі думкі пацалавацца з дзяўчынай, то ніякая колькасць сябровак-лесбіянак не зробіць яе такой».
Я не крычу: «Глядзіце, я гей!»
Кірыл лічыць нашае грамадства неталерантным, але ў той жа час адзначае, што якіх-небудзь агрэсіўных дзеянняў у яго бок ніколі не было. «У нас людзі жорсткія як правіла, толькі на словах». Пры гэтым сам ён імкнецца пазбягаць магчымых канфліктных сітуацый. Не ездзіць у грамадскім транспарце, часцей за ўсё ходзіць з кампаніяй. «Я не крычу:» Глядзіце, я гей!". Не кажу, што хачу змяніць пол, што гэта крута і што так трэба рабіць усім". Паводле яго слоў, ён сам не разумее тых прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці, якія поводзяць сябе з выклікам і прыцягваюць залішнюю ўвагу.
Таксама ён лічыць, што сапраўдных гамафобаў у нас значна менш, чым можа здацца. «На многіх проста цісне таварыства. Тым больш, сам прэзідэнт нярэдка адкрыта выказвае сваю гамафобную пазіцыю. У большасці выпадкаў людзі ў кампаніі падтрымліваюць такую рыторыку і пазіцыю толькі па той прычыне, што так трэба. Напрыклад, чалавек сам па сабе можа абсалютна нейтральна ставіцца да ЛГБТ-людзей, але ў яго кампаніі гэта не прынята і ён вымушаны прытрымлівацца агульнага меркавання. Чалавек можа проста банальна баяцца страціць сяброў. Па маіх назіраннях, такіх большасць».
Каталікі перажываюць за «традыцыйныя каштоўнасці» — збіраюць подпісы супраць «прапаганды аднаполых адносін»
Кірыл ужо прызвычаіўся, што многія маладыя людзі спачатку з неразуменнем ставяцца да яго. «Хлопцы маіх сябровак спярша, як правіла, ставяцца з пэўнай доляй негатыву. З часам і пры далейшым знаёмстве гэта праходзіць. Шмат з кім мы цяпер абсалютна нармальна камунікуем на розныя тэмы. Яны ўжо самі тлумачаць іншым сваім сябрам і знаёмым, што з такімі, як я, можна стасавацца і што ў гэтым няма нічога страшнага».
А чаму б нам не…
Паводле ацэнак Кірыла, у Гродне жыве ад 15 да 30 тысяч прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці. Гэта людзі рознага ўзросту і сацыяльнага статусу.
«Большасць з іх хаваюць сваю сэксуальную арыентацыю. Нават у сакрэтных суполках у сацсетках далёка не кожны гатовы камунікаваць і рэгістравацца», — кажа Кірыл.
Прычына такіх паводзінаў - гамафобныя настроі ў грамадстве, адмаўленне існавання такіх людзей і асуджэнне іх. «Ад гэтага ўсім толькі горш», — кажа хлопец.
Гродна пад «вясёлкавымі» сцягамі: ЛГБТ-гродзенцы пра сваё жыццё, адносіны грамадства і скандал у СК
Кірыл кажа, што бывалі выпадкі, калі маладыя людзі падыходзілі пазнаёміцца з ім як з дзяўчынай, але даведаўшыся, што ён усё ж такі хлопец, не адмаўляліся ад сваіх намераў.
«Тут трэба падумаць»
«Я адказаў хлопцу, што ён наўрад ці будзе рады такому знаёмству. Ён усё зразумеў і праз пару секунд адказаў: „Тут трэба падумаць“. Праз нейкі час ён вярнуўся і сказаў, што ўсё ж такі хоча пазнаёміцца».
«Яшчэ ёсць вельмі шмат „бічоў“ старэйшых за 50, якія рэгулярна пішуць у інстаграм з прапановамі тыпу» А чаму б нам не пая**цца [заняцца сэксам]".
Па словах Кірыла, ён не разумее тых людзей, якія пішуць яму з прапановамі тыпу: «Мая жонка любіць на гэта глядзець, давай сустрэнемся. Ты адказваеш, што табе гэта не цікава, а ён працягвае прапаноўваць варыянты. «Давай зоймемся сэксам утрох, а калі не, то можам удваіх, без жонкі».
Трэці лішні
Кірыл называе гэтых людзей вычварэнцамі і кажа, што такія адносіны не ўкладваюцца ў яго разуменні. «Каханне можа быць толькі паміж двума людзьмі. Не важна, гэта мужчына і жанчына, двое мужчын ці дзве дзяўчыны. Трэці тут лішні, гэта не нармальна».
Колькі гэта каштуе?
«Змена полу — складаны і працяглы працэс. Пасля аперацыі прыйдзецца напрацягу ўсяго жыцця прымаць гарманальныя прэпараты.
Эфекты робяцца заўважнымі прыкладна праз месяц пасля пачатку прыёму. Спачатку з’яўляецца талія і мяняюцца сцёгны. На чацвёрты месяц пачынаюць расці грудзі. Лекары кажуць, што ў праапераванага «грудзі будуць удвая меншыя, чым у мамы».
Аперацыя па змене полу, па словах Кірыла, каштуе адносна нядорага, ад 5 да 10 тысяч долараў. «Усё залежыць ад таго, як выглядае чалавек. Калі трэба шмат пластычных аперацый, то будзе каля 10 тысяч. Калі менш, то пяць. Зрабіць аперацыю можна і ў Беларусі, але Кірыл плануе паехаць для гэтага ў Тайланд. «У нас больш практыкуюць «пераробку» з дзяўчынкі ў хлопчыка, чым наадварот».
Даведка
Трансгендар — чалавек, які адчувае сябе прадстаўніком процілеглага полу. Паводле некаторых даследаванняў, доля такіх людзей у свеце не перавышае 0.2%.
У Беларусі, перш чым змяніць пол, неабходна атрымаць заключэнне ад медычнай камісіі аб адсутнасці псіхічных захворванняў. З такімі запытамі штогод звяртаюцца 30−40 чалавек. Дазвол атрымліваюць не ўсе. Калі пасля абследаванняў высветлена немагчымасць знаходжання чалавека ў цяперашнім целе, ён атрымлівае дазвол на поўную змену дакументаў, гарманальную тэрапію і хірургічную змену полу на бясплатнай аснове. Да аперацыі і гармонатэрапіі дапускаюцца толькі паўналетнія.