Секцыя баявога карэйска каратаэ — тансудо — існуе ў Гродне ўжо больш за 20 гадоў. Але пра месца, дзе рыхтавалі чэмпіёнаў Еўропы і свету, ніхто ў горадзе амаль не ведае. Hrodna.life зазірнуў на адну з трэніровак каратыстаў, якая праходзіла ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі.

Тансудо ў Гродне з’явілася ў 1994 годзе. Яго прывёз з Санкт-Пецярбурга на захад Беларусі трэнер Аляксандр Малтабараў. Доўгія гады дасведчаны спецыяліст рыхтаваў у Гродне сапраўдных чэмпіёнаў. У 2014 годзе Малтабараў сышоў на пенсію і перадаў справу свайму вучню Анатолю Сідараву.

«Тансудо гэта традыцыйнае карэйскае баявое мастацтва, якое бліжэй да паўночна-кітайскіх стыляў: добры ўдар і тэхніка, моцныя блокі і ўстойлівыя стойкі. Трэніруемся ў першую чаргу для сябе. Часы мяняюцца, бо яшчэ 20 гадоў таму ў Гродне можна было ў цёмных завулках нарвацца на «мясцовых» і атрымаць. І да гэтага былі многія гатовы — трэніраваліся, гэта было звычайнай справай.

Цяпер нават за звычайны штуршок падлеткаў могуць ставіць на ўлік у міліцыі. Я гэта да таго, што зараз свае навыкі спартсмены могуць прымяняць толькі на спаборніцтвах. Але гэты від адзінаборстваў быў створаны перадусім для самабароны", — распавядае трэнер Анатоль.

5

Прадстаўнікі тансудо ў Гродне імкнуцца ўдзельнічаць у спаборніцтвах з іншымі каратыстамi, якія як мінімум блізкія да іх па духу. Зараз [на кастрычнік 2016] у Анатоля больш за 60 чалавек. У лепшыя часы ў Гродне было больш за 400 спартсменаў, якія займаліся карэйскiм мастацтвам, але многія сышлі ў тэквандо — алімпійскі від спорту.

«Усё, што ператвараецца ў алімпійскі від спорту, у прыкладным плане губляе сваю прывабнасць. Ставяцца зусім іншыя задачы — не застацца жывым, а набраць ачкі. І спартсменаў на трэніроўках нацягваюць на набор ачкоў. І крыўдна, калі майстар спорту па каратэ можа атрымаць ад трохразрадніка па боксе, гэта для мяне не тыпова.

На сваіх трэніроўках я стараюся прытрымлівацца парадаў карэйскага майстра Лi Ван Кука і нашага заснавальніка Аляксандра Малтабарава. Наш дэвіз: «Традыцыя і сучаснасць». Мы ўдзельнічаем у спаборніцтвах з каратыстамi іншых напрамкаў і працуем таксама на атрыманне балаў, але ўсё ж упор робім менавіта на самаабарону".

4

Некалькі гадоў запар секцыя тансудо займалася ў адной з залаў на вуліцы Параховой. Асноўная частка спартсменаў была з бліжэйшых школ. Калі раней Анатолю даводзілася хадзіць па школах у пошуках спартсменаў, то апошнім часам ён гэтага не робіць: амаль усе прыходзяць самі. Хтосьці кагосьці ведае, вось і запрашае.

«Дзеці запрашаюць сяброў, а каму спадабаецца, той застаецца. Каля 25% - дзяўчаты. Хто б што не казаў, для іх нашы трэніроўкі гэта выдатны фітнес. Таксама мне шкада людзей, якія паспрабуюць пакрыўдзіць нашых дзяўчат, бо ў некаторых проста страшны ўдар нагой.

[irp posts="728″ name="Шэсць парад для дзяўчат ад фітнес-інструктара Таццяны Цімошынай"]

Многія займаюцца з ранняга ўзросту і да 17−19 гадоў, а пасля сыходзяць у дарослае жыццё. Праз гады шмат хто вяртаецца, бо ў нас прыцягальная атмасфера — мы адна сям’я. Што датычыцца нашых хлопцаў, то многія пасля спартыўнай кар’еры сыходзяць працаваць сілавыя структуры, становяцца добрымі мужчынамі. Ніхто па дрэннай сцежцы не ідзе".

1

Тансудо — традыцыйнае карэйскае баявое мастацтва [«шлях таньскай (кітайскай) рукі»], засяроджанае на дысцыпліне і практыцы формаў і паслядоўнасцяў самаабароны. Хванг Кі, заснавальнік тансудо, пацвярджаў, што стварыў яго калі жыў у Маньчжурыі ў 30-х гадах XX стагоддзя, грунтуючыся на старых тэкстах аб субак (старэйшае карэйскае ваеннае мастацтва). Японскае каратэ і кітайскія ўнутраныя падыходы, магчыма, уплывалі на тансудо. У многіх аспектах тансудо падобна да каратэ і тэквандо, аднак практычна не мае акцэнту на спартыўных спаборніцтвах.