Сярод самых папулярных у Гродне ў 2023 годзе пошукавых запытаў аказаўся інструмент для абыходу блакіровак. Былі і чаканыя «навіны Гродна» ці «надвор’е», і новыя запыты, звязаныя з серыяламі, моднымі праграмамі і букмекерскімі канторамі. Што шукалі ў інтэрнэце гродзенцы і жыхары Гродзенскай вобласці, Hrodna.life паглядзеў у сэрвісе Google Trends.
Як вядзе статыстыку пошуку Google: лідары і трэнды
Google дзеліць сваю статыстыку на “У трэндзе” і “Лідары”. У першую катэгорыю трапляюць запыты, якія раптоўна і вельмі заўважна атрымалі папулярнасць. Часта гэта новыя запыты, якія год таму проста не існавалі і па якіх карыстачы нічога не шукалі.
“Лідары” ці “топ” – гэта проста самыя папулярныя тэмы і запыты, незалежна ад росту папулярнасці ў параўнанні з мінулым годам.
Таксама Google падзяляе “тэмы пошуку” (агульную тэматыку запытаў) і “пошукавыя запыты” (канкрэтныя фармулёўкі запытаў).
Трэнды пошуку: «Слова пацана», расклад аўтобусаў, букмекеры і гатовыя дамашнія заданні
У трэндзе па тэмах пошуку на першым месцы “расклад аўтобусаў” – больш за ўсё яго шукалі ў Гродне і Слоніме. На другім – серыял «Слова пацана. Кроў на асфальце», пры гэтым больш за ўсё яго чамусьці шукалі ў Расіі і Навагрудку. Статус “звышпапулярнасць” атрымалі і запыты па тэме “гатовыя дамашнія заданні”. У дзясятцы самых папулярных тэм таксама “tabletka.by” (сэрвіс пошуку лекаў у аптэках) і “навіны Гродна”.
У трэндзе па канкрэтных пошукавых запытах па Гродзенскай вобласці першыя два месцы занялі запыты «слова пацана» і «слова пацана кроў на асфальце». На трэцім месцы – «character ai» – дадатак, які дазваляе ствараць персанажаў і праводзіць з імі дыялогі ў чаце. Чацвёрты па папулярнасці запыт – “бетэра”. Гэта букмекерская кантора, і часцей за ўсё яе шукалі ў Ваўкавыску, Навагрудку і Смаргоні. Нечакана на пятым месцы апынуўся “profixier” – прылада для працы з проксі-серверамі, напрыклад, для абыходу блакіровак. Гэтую альтэрнатыву папулярным VPN ва ўсёй вобласці шукалі толькі ў Гродне.
Лідары пошуку: больш за ўсё гродзенцаў цікавіла надвор’е
Самыя папулярныя тэмы пошуку ў Гродзенскай вобласці ў 2023 годзе былі “Гродна”, “надвор’е”, “Беларусь”, “пераклад” і “Ліда”. Канкрэтныя запыты вельмі падобныя: запыт “надвор’е” займае першае месца і амаль у чатыры разы папулярней за запыта “перакладчык”, “гдз” (гатовыя дамашнія заданні) і “куфар”. Таксама ў топ-10 запытаў патрапілі «расклад аўтобусаў», «яндэкс» і «ютуб».









