Ад 180 да 260 тэстаў на каранавірус штодзённа правяраюць у лабараторыі ДНК-тэхналогій ГДАУ. Ужо два тыдні, з 11 траўня, на тэстах працуюць тры супрацоўніці - кіраўнік лабараторыі, кандыдат сельскагаспадарчых навук Вольга Епішка і аспіранткі Кацярына Чабуранава і Наталля Юрага. За мінулы тыдзень яны праверылі 590 тэстаў. «Рабілі і больш складаныя аналізы. Метады адны і тыя ж», — кажа Вольга.
Як змянілася работа лабараторыі падчас эпідэміі яна распавяла Hrоdna.life.
«Павінна захоўвацца бяспека»
Лабараторыя ДНК-тэхналогій працуе ў ГДАУ з 2013 года. Асноўная частка даследаванняў звязана з сельскай гаспадаркай. Тут складаюць генетычныя пашпарты племянных жывёл, выяўляюць генныя парушэнні пры селекцыі і вызначаюць наяўнасць ГМА ў прадуктах і кармах.
З медыцынскіх паслуг прапануюць тэсты на бацькоўства і вызначэнне генетычнай схільнасці да шэрагу хвароб.
Да эпідэміі ў лабараторыі працавалі 13 супрацоўнікаў, а студэнты праводзілі тут даследаванні для курсавых і дыпломаў. Зараз доступ у памяшканне маюць толькі тры чалавекі.
«Лабараторыя цалкам ізалявана. Усе дзверы на чыпах. Ключы носім на шыі, на шнурках, — распавядае Вольга Епішка. — Павінна захоўвацца бяспека».
Працуюць толькі добраахвотнікі
Лабараторыя аграрнага універсітэта стала пятай у Гродне, дапушчанай да працы з каранавірусам. «Правяраем тэсты з горада і вобласці. У асноўным з паліклінік, ад кантактаў першага ўзроўню. Нам прапанавалі гэтую працу, каб разгрузіць астатнія лабараторыі горада, — кажа Вольга. — Як кіраўнік, я павінна была першай зрабіць крок наперад. Дзяўчаты таксама самі вызваліся. Для мяне яны — героі».
Кацярына Чабуранава — біятэхнолаг, у 2016 годзе скончыла ГрДУ. У лабараторыі ДНК-тэхналогій аграрнага ўніверсітэта працуе з 2015 года. Аспірантка. Двойчы была пераможцай конкурсу на «прэзідэнцкую» стыпендыю сярод маладых навукоўцаў. Павышэнне кваліфікацыі праходзіла ў Іспаніі. У 2020 плануе абараніць кандыдацкую дысертацыю па бяспецы прадуктаў харчавання і кармоў.
Наталля Юрага — выпускніца ГДАУ 2004 года. Спецыяльнасць — абарона раслін і каранцін. У лабараторыі ДНК-тэхналогій працуе з 2015 года. Галіна навуковых інтарэсаў - генетыка гадоўлі жывёл. У 2020 прайшла павышэнне кваліфікацыі ў Іспаніі.
Доўгая гісторыя з каровамі і не толькі. Частка 1. Як ветэрынары выбіралі сваю прафесію
Самае цяжкае — ня тэсты
Змена ў «бруднай» зоне лабараторыі - гэта 7 гадзін без перапынку. Столькі часу патрэбна на палімеразна-ланцуговую рэакцыю, якая вызначае, ці ёсць у пробах ДНК віруса. Для правядзення ПЦР пробы змяшчаюць у ампліфікатор і ствараюць у зачыненым аб’ёме спрыяльныя для размнажэння віруса ўмовы. Калі праз 7 часоў нічога не вырасла, значыць, проба была чыстай і тэст лічыцца адмоўным. Калі ва ўзоры былі сляды віруса, то праз 7 гадзін фрагментаў ДНК ўжо дастаткова, каб прызнаць тэст станоўчым.
За адну загрузку ў ампліфікатор можна змясціць да 96 пробаў. За дзень яго загружаюць двойчы. Калі паступае шмат тэстаў, то трэцюю партыю ставяць на апрацоўку на ноч, а вынікі апрацоўваюць з раніцы.
«Рабіць аналізы не складана, навыкі ёсць. Самае цяжкае — сем гадзін не хадзіць у туалет», — прызнаецца Вольга.
«Сябе таксама „маніторым“»
Па словах Епішка, у «брудную» зону супрацоўніцы ўваходзяць толькі ў сродках абароны. «Здымаем з сябе ўсё, апранаем медыцынскія піжамы і зверху — ахоўныя камбінезоны. Потым рэспіратары, шчыткі, пальчаткі. З пробамі працуем пад выцяжкай, ультрафіялетавыя лямпы наогул не выключаюцца. Так што ў краме лягчэй падчапіць вірус, чым у нас у лабараторыі. Але сябе таксама „маніторым“. Лічыцца, што ў нас першы ўзровень кантакту».
Усе сродкі абароны ў лабараторыі аднаразовыя. Пасля выхаду з бруднай зоны іх здымаюць і адпраўляюць на ўтылізацыю.
Адпрацаваныя пробы таксама ўтылізуюць. Іх абеззаражваюць у аўтаклавах пры высокай тэмпературы і ціску, у цэнтры эпідэміялогіі.
Каранавірус нічога не адмяніў
Вольга Епішка скончыла ГДАУ ў 2005, а ў 2008 абараніла кандыдацкую дысертацыю. Павышала кваліфікацыю ў Італіі. Акрамя працы ў лабараторыі аграрнага ўніверсітэта яна выкладае ў ГрДУ імя Янкі Купалы. У 2014 годзе ёй прысвоілі навуковае званне дацэнта.
Вольга выйшла замуж пасля другога курсу. Муж — таксама выпускнік Гродзенскага аграрнага. Зараз у сям'і трое дачок. Старэйшая, Аліса, сёлета заканчвае школу, Наста вучыцца ў трэцім класе, а Кацярына ходзіць у дзіцячы садок. Па словах Вольгі, у рашэнні працаваць з тэстамі на covid-19, сям’я яе падтрымала.
Астатняя навуковая і выкладчыцкая праца Вольгі таксама працягваецца. Заняткі ў ГрДУ праходзяць дыстанцыйна, матэрыялы лекцый яна выкладвае на ўніверсітэцкі партал. Усе падраздзяленні лабараторыі ДНК-тэхналогій аграрнага ўніверсітэта працягваюць працаваць. «На гэты год у нас 20 000 аналізаў і дзяржзаказ на 1,5 мільёна. Гэтую працу вірус не адмяніў».
Чытайце таксама:
В общежитии аграрного университета четыре случая COVID-19. На дистанционное обучение вуз не переходит
Больш 35 000 заражэнняў COVID-19. Міністэрства аховы здароўя абнавіла статыстыку
Паводле афіцыйных звестак Міністэрства аховы здароўя, па стане на 11 лютага ў Беларусі пацверджана 263 551 выпадак каранавіруса (1692 за апошнія суткі), ачунялі і выпісаны 252 068 (1990 за апошнія суткі) пацыентаў, памёрлі 1820 чалавек (9 за апошнія суткі).