Сітуацыі, калі ты дакладна ведаеш час, калі табе трэба з’ехаць з кропкі А ў кропку Б — не рэдкасць. У другім тэст-драйве Hrodna.life праверыў гродзенскія таксі на пунктуальнасць. Каб дакладна не спазніцца, мы выклікалі таксі на загадзя вызначаны час.
[irp posts="84 621″ name="Таемны пасажыр: правяраем службы таксі ў Гродне"]
Маршрут: сталовая КБМ — Замкавая.
Шатле 155
Першым выклікаем таксі Шатле. Тэлефануем па кароткім нумары 155 у 15:22 і замаўляем аўто на 16.00 пад сталовую КБМ, што на вуліцы Санаторнай.
Прыехала раней
У 15.41 атрымліваем смс: «Спасибо! Ожидайте через 19 минут Фольксваген Polo, тёмно-серый, 6398 мв-4».
Насамрэч аўтамабіль прыехаў нашмат раней і чакаў на пляцоўцы перад сталоўкай ужо ў 15:46. У выпадку, калі б вам раптам спатрэбілася з’ехаць раней — цудоўны варыянт! Мы не сталі мучыць кіроўцу і чакаць да 16.00, а адправіліся ў шлях у 15.51.
16 хвілін у дарозе без музыкі
Што да аўтамабіля, то ён быў літаральна новым. Прабег — крыху больш за 5000 км. Салон чысты, не пракураны, сядзенні ў чахлах. Музыка не грала зусім. Увесь час нашага «падарожжа» кіроўца ехаў спакойна і асцярожна.
Праз 16 хвілін таемны пасажыр прыехаў на Замкавую. 5,5 км з таксі Шатле 155 абышліся ў 5,40 рублёў (а да прызавой паездкі засталося яшчэ 5).
Народнае 157
Вяртацца ў сталоўку з Замкавай таемны пасажыр вырашыў на «Народным» таксі. У 16:21 выклікаем аўтамабіль на Замкавую, пад ганаровае консульства Украіны, на 17.00.
Народнае таксі - народны аўтамабіль
У 16.40 прыйшло паведамленне: «Ожидайте по времени Фольксваген Passat, Серебристый, МВ-4 4572». Мы былі радыя, што прыедзе пасат, а не пола, логан ці рапід.
У 16.54 на тэлефон таемнага пасажыра паступіў выклік: паведамілі, што яго чакае аўтамабіль. Гэта быў Фольксваген пасат В6.
Аўтамабіль не новы, але з пункту гледжання камфорту для пасажыра ён адназначна выйграе перад новым бюджэтнікам: месца больш, шуму менш. Салон аўтамабіля чысты, водар тытуню адсутнічаў, да агульнага стану аўтамабіля пытанняў няма. У салоне негучна грала музыка, самае галоўнае — ніякага шансону.
Кіроўца ехаў акуратна, без парушэнняў. У яго вухе быў заўважаны Bluetooth — цалкам разумнае рашэнне для таксістаў.
Ужо праз 15 хвілін таемны пасажыр быў на месцы. Паездка ў 5,5 км з Народным таксі 157 абышлася ў 4,90 рублёў. А ў пасажыра з’явіўся бонусны рахунак з лічбай 0,3.
Вынік
На Народным таксі мы дабраліся на 1 хвіліну хутчэй і на 50 капеек танней. Абедзьве машыны былі ў добрым стане, але стары пасат Народнага быў больш камфортны. Абодва кіроўцы спрацавалі прафесійна.
Ці засталіся ў нашым горадзе таксісты на старых дабітых аўтамабілях з бруднымі пракуранымі салонамі і шансонам, якія лётаюць па горадзе як вар’яты? Пытанне застаецца адкрытым.
Няўжо таемнаму пасажыру проста шанцуе з таксістамі чацвёрты раз запар? Ці сапраўды шалёная канкурэнцыя ў Гродне пазітыўна паўплывала на якасць паслуг? Будзем правяраць далей.