З пачатку мая 2019 гродзенскім маламерным суднам забаранілі сплаўляцца па Нёмане. Прычына — нераст рыбы. Але чаму выконваюць патрабаванні закону, а іншыя іх ігнаруюць? Hrodna.life разабраўся.

Рачное таксі з’явілася ў Гродне год таму — у маі 2018. У новым сезоне яны яшчэ не пачалі працу з-за забароны абласной інспекцыі аховы прыроды. Але пакуль прыватныя маламеркі другі тыдзень прастойваюць і губляюць прыбытак, цеплаход «Вольга Соламава» без праблем курсіруе па Нёмане.

«Чаму ён ходзіць, а мы стаім? За прастойванне ніхто нам не заплаціць, — распавядае кіроўца таксі Юры. — Нам забаранілі да 30 мая выходзіць, а ў мінулым годзе ў гэты ж час без праблем сплаўляліся. Мы засмучаныя тым, што „Соламава“ ходзіць, а нам нельга. Сказалі: убачаць — будуць штрафаваць».

«Цеплаход ходзіць, а мы стаім» Чаму таксі на Нёмане яшчэ не пачало сезон?
Рачное таксі на правым беразе Нёмана
Юрый распавёў, што гараджане і турысты тэлефануюць яму штодня. Усім даводзіцца адмаўляць і прапаноўваць паездкі на пачатак чэрвеня.

«Вольга Соламава» з пачатку мая курсіруе па Нёмане па заяўках. Ёсць група — цеплаход адпраўляецца на гадзінны шпацыр па Нёмане. Праблем няма. Экіпаж «Соламавай» жартуе: маўляў, яны ў дзяржаўнай арганізацыі працуюць і ім можна катацца, а прыватнікам толькі ў наступным месяцы.

«Цеплаход ходзіць, а мы стаім» Чаму таксі на Нёмане яшчэ не пачало сезон?
Цеплаход «Вольга Соламава» на левым беразе Нёмана

Трэба было проста падаць заяўку?

Сітуацыю патлумачылі ў Гродзенскай гарадской і раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

«Мы ўжо ў курсе гэтай сітуацыі і звязаліся з прадстаўніком рачнога таксі, — распавядае начальнік інспекцыі Вадзім Палякоў. — Заканадаўствам гэта ўсё рэгламентуецца. Уладальнікі маламерных судоў павінны былі звярнуцца ў выканкам. Паводле рашэння мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў прымаецца рашэнне аб паездках на час нерасту. Яны не падалі заяўку ў выканкам і таму прастойвалі».

Уладальнік рачнога таксі ўжо не будзе падаваць заяўку на дазвол паездак падчас нерасту: ён сканчаецца 30 мая, а заяўку разглядаюць 5 дзён. З пачатку чэрвеня таксі зможа без праблем курсіраваць па Нёмане.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life