З пачатку мая 2019 гродзенскім маламерным суднам забаранілі сплаўляцца па Нёмане. Прычына – нераст рыбы. Але чаму выконваюць патрабаванні закону, а іншыя іх ігнаруюць? Hrodna.life разабраўся.

Рачное таксі з’явілася ў Гродне год таму – у маі 2018. У новым сезоне яны яшчэ не пачалі працу з-за забароны абласной інспекцыі аховы прыроды. Але пакуль прыватныя маламеркі другі тыдзень прастойваюць і губляюць прыбытак, цеплаход “Вольга Соламава” без праблем курсіруе па Нёмане.

«Чаму ён ходзіць, а мы стаім? За прастойванне ніхто нам не заплаціць, – распавядае кіроўца таксі Юры. – Нам забаранілі да 30 мая выходзіць, а ў мінулым годзе ў гэты ж час без праблем сплаўляліся. Мы засмучаныя тым, што “Соламава” ходзіць, а нам нельга. Сказалі: убачаць – будуць штрафаваць».

«Цеплаход ходзіць, а мы стаім» Чаму таксі на Нёмане яшчэ не пачало сезон?
Рачное таксі на правым беразе Нёмана

Юрый распавёў, што гараджане і турысты тэлефануюць яму штодня. Усім даводзіцца адмаўляць і прапаноўваць паездкі на пачатак чэрвеня.

“Вольга Соламава” з пачатку мая курсіруе па Нёмане па заяўках. Ёсць група – цеплаход адпраўляецца на гадзінны шпацыр па Нёмане. Праблем няма. Экіпаж “Соламавай” жартуе: маўляў, яны ў дзяржаўнай арганізацыі працуюць і ім можна катацца, а прыватнікам толькі ў наступным месяцы.

«Цеплаход ходзіць, а мы стаім» Чаму таксі на Нёмане яшчэ не пачало сезон?
Цеплаход “Вольга Соламава” на левым беразе Нёмана

Трэба было проста падаць заяўку?

Сітуацыю патлумачылі ў Гродзенскай гарадской і раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

“Мы ўжо ў курсе гэтай сітуацыі і звязаліся з прадстаўніком рачнога таксі, – распавядае начальнік інспекцыі Вадзім Палякоў. – Заканадаўствам гэта ўсё рэгламентуецца. Уладальнікі маламерных судоў павінны былі звярнуцца ў выканкам. Паводле рашэння мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў прымаецца рашэнне аб паездках на час нерасту. Яны не падалі заяўку ў выканкам і таму прастойвалі”.

Уладальнік рачнога таксі ўжо не будзе падаваць заяўку на дазвол паездак падчас нерасту: ён сканчаецца 30 мая, а заяўку разглядаюць 5 дзён. З пачатку чэрвеня таксі зможа без праблем курсіраваць па Нёмане.

Hrodna.life reprint of materials is possible only with the written permission of the publisher. Contact [email protected]