Абвінавачаны ў гвалце над АМАП Ігар Лазавік не з’явіўся на пасяджэнне 10 сакавіка ў суд Кастрычніцкага раёна Гродна. Яго абвясцілі ў вышук. Ігар – сябар збітага АМАПам таксіста Аляксея Лапы, які пакінуў краіну. Лазавік быў пасажырам таксі, яго таксама збілі пры затрыманні.
Ігар Лазавік выехаў у Літву, сказаў на пасяджэнні адвакат гродзенца. Пракурор Ігар Смольскі заявіў, што абвінавачваны хаваецца ад следства, і папрасіў аб’явіць яго ў вышук і змяніць меру стрымання на ўзяцце пад варту.
Суддзя Віталь Лабоцкі пастанавіў абвясціць абвінавачанага ў вышук і прыпыніць справу.
Паводле версіі дзяржабвінавачання, Ігар Лазавік з 23.11 да 23.20 11 жніўня 2020 года “не падпарадкаваўся патрабаванням сілавікоў аб разблакоўцы дзвярэй, усведамляючы, што побач знаходзіцца супрацоўнікі УУС”. А затым пры спробе “законнага вымання з аўтамабіля наўмысна нанёс рукамі і нагамі не менш за шэсць удараў у вобласць корпуса цела, рук і ног” супрацоўніка АМАП Дзмітрыя Рахунка.
Так ён прычыніў “менш цяжкія цялесныя пашкоджанні” – закрыты пералом сінякоў ногцевай фалангі чацвёртага пальца левай кісці, удары і ранкі.
Ігара Лазавіка з Гродна абвінавачваюць у гвалце супраць супрацоўнікаў АМАПу. Справу паводле арт.364 КК распачалі пасля таго, як Ігар з сябрамі праехаўся на таксі 11 жніўня 2020 па горадзе. Аўтамабіль спынілі сілавікі, сталі біць дубінкамі па шкле, заблакавалі і паўтары гадзіны трымалі чацвярых збітых пасажыраў на асфальце. Рэпарцёр Hrodna.life запісала гісторыю пасажыра таксі.
Абвінавачаны – 30-гадовы Ігар Лазавік, намеснік дырэктара прыватнага гандлёва-вытворчага ўнітарнага прадпрыемства “ФоллаўДрым”. Жанаты, ёсць аднагадовы сын. Раней не судзімы. На час следства ён пад падпіскай аб нявыездзе.
Пацярпелы – 34-гадовы Дзмітрый Рахунок. Мае вышэйшую адукацыю, старшы лейтэнант, працуе ў АМАП УУС Гродзенскага аблвыканкама камандзірам групы.
Справу пачаў разглядаць 1 лютага суддзя Віталь Лабоцкі ў судзе Кастрычніцкага раёна, абвінаваўца – Ігар Смольскі.
Версія абвінавачвання
Паводле версіі дзяржабвінавачання, Ігар Лазавік з 23.11 да 23.20 11 жніўня 2020 года “не падпарадкаваўся патрабаванням сілавікоў аб разблакоўцы дзвярэй, усведамляючы, што побач знаходзіцца супрацоўнікі ОУС”. А затым пры спробе “законнага вымання з аўтамабіля наўмысна нанёс рукамі і нагамі не менш за шэсць удараў у вобласць корпуса цела, рук і ног Рахунка”. Так ён прычыніў “менш цяжкія цялесныя пашкоджанні” – закрыты пералом і крывападцёк ногцевай фалангі чацвёртага пальца левай кісці, удары і ранкі.
Лазавік з абвінавачваннем не пагадзіўся. Дзмітрый Рахунок папрасіў пакрыць яму кампенсацыю шкоды ў 1 000 рублёў і накіраваць іх у дзіцячы дом. Ігар не пагадзіўся з іскам.
“Бчбшны сцяг на каленях”
Ігар пакуль не будуе прагнозаў аб ходзе справы. “Тут усё непрадказальна. Яны ж усе (амапаўцы – Hrodna.life): не ведаю, не бачыў, нічога не было”. Жонку “не пасвячае моцна”.
11 жніўня Ігар Лазавік з Аляксеем Лапай і яшчэ двума прыяцелямі паехалі катацца па горадзе. Спачатку шукалі метанавую запраўку, перакусілі. Ігар захацеў папіць, таму яны паехалі да “Алмі” на вул. Савецкіх памежнікаў. Там выйшлі папаліць, селі ў аўтамабіль, Лапа завёў рухавік. Некалькі сустрэчных аўтамабіляў яны прапусцілі. У гэты час яны пачулі ўдары па аўтамабілі. Хтосьці выбег наперад і пачаў стукаць па капоце. Ад спалоху Аляксей пачаў з’язджаць.
Затрыманне 11 жніўня. Фота: чытачы Hrodna.life
Групе Рахунка паступіла каманда, што каля кінатэатра “Кастрычнік” несанкцыянаванае мерапрыемства – стаяць людзі, паказваюць абразлівыя жэсты і выкрыкваюць лозунгі. Па прыездзе амапаўцы ўбачылі, што людзі разбягаліся, а хтосьці з ўцякаючых сеў у аўтамабіль Лапы. Па словах Дзмітрыя, на шкле аўтамабіля была бел-чырвона – белая налепка, а ў пасажыра спераду – “бчбшный сцяг” на каленях. Але ён не памятаў, дэманстраваў ці Ігар яго. Адвакат звярнуў увагу, што ў паказаннях адразу пасля здарэння Рахунок не казаў аб налепцы і сцягу.
“Першы ўдар, другі, трэці – з вуха пацякла кроў”
Пасля таго, як аўтамабіль з’ехаў ад “Алмі”, амапаўцы арганізавалі пераслед. Па словах Рахунка, аўтамабіль хаваўся з вялікай хуткасцю і паехаў па сустрэчцы.
Калі аўтамабіль спыніўся, Рахунок выбег і ўбачыў, што ўсіх, акрамя Лазавіка, ужо затрымалі. Ён схапіў за ручку дзвярэй з яго боку, тая была заблакаваная. Таму Рахунок разбіў шкло, каб выцягнуць Ігара. Ён асабіста прыняў рашэнне затрымаць Лазавіка. Паводле яго версіі, Лазавік і Лапа маглі памяняцца месцамі адзін з адным. Па словах амапаўца, Лазавік павярнуўся напаўбокам да яго і нанёс не менш за шэсць хаатычных удараў. Рахунок толькі загнуў Лазавіка і звязаў рукі. Больш фізічнага ўздзеяння, па словах амапаўца, ён не ўжываў.
Аўтамабіль спыніўся з-за корку, распавёў у судзе Лазавік. Злева рух Лапе заблакаваў белы бус. Выбеглі людзі ў чорнай вопратцы. Першы з іх нанёс удар па лабавым шкле, затым – па шкле над пярэднямі пасажырскамі дзвярыма, дзе сядзеў Лазавік. “Шкло ўсё ў павуціне”, – распавёў гродзенец на судзе. Ігар, па яго словах, спалохаўся і адчыніў дзверы. Яго тут жа выцягнулі за локцевы сустаў і паклалі на зямлю.
Ігар Лазавік (справа) і яго абаронца ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна. Фота: Hrodna.life
“Першы ўдар прыйшоўся па галаве. Другі, трэці – з вуха пацякла кроў. Білі па нагах, ягадзіцах, плячах. Па адчуваннях, біў не адзін чалавек, бо ўдары наносіліся з двух бакоў”. Праз тры-чатыры хвіліны Лазавіку сцягнулі рука “хамутамі”. Так на пабітым шкле тварам у асфальт ён праляжаў паўтары гадзіны. Медыкам прыйшлося падняць яго і весці – сам Ігар ісці не мог. У 1.00 яго даставілі ў Бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі. Медыкі пацвердзілі чэрапна-мазгавую траўму і пакінулі на стацыянарным лячэнні.
У бальніцы ўручылі пратакол
Па словах Ігара, ён не ведаў аб пратэстах у той дзень. У затрымліваючых не апазнаў супрацоўнікаў АМАП. Іх крыкаў аб тым, што працуе міліцыя, не чуў. Быў напалоханы. Паводле яго версіі, ён не аказваў супраціву і не наносіў удараў амапаўцу.
Перад тым, як адвезці Ігара ў палату, яму далі падпісаць пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Праверку прыпынілі, затым зноў аднавілі, але спынілі за недаказанасцю віны.
Пасля шпіталізацыі Ігар падаў у Следчы камітэт заяву аб перавышэнні паўнамоцтваў сілавікоў. Яму адказалі, што не знайшлі складу злачынства ў дзеяннях супрацоўнікаў ОУС.
“Ён мяне правакуе!”
Адразу пасля затрымання Дзмітрый Рахунок адчуў боль у пальцы. Ён звярнуўся да медыкаў і быў на бальнічным. Колькі часу – не памятаў. Рапарт і заяву па факце прычынення яму цялесных пашкоджанняў не падаў, таму што “не хацеў” і “было не да гэтага”. Хоць па “Закону аб міліцыі” ён абавязаны быў паведаміць аб злачынстве.
На большасць пытанняў адваката Рахунок адказваў “не ведаю” і “не памятаю”. “Ён мяне правакуе!”, – сказаў амапавец суддзі аб адвакаце. Ён спасылаўся на стомленасць 11 жніўня і непамятлівасць. Відэарэгістратара Рахунку, па яго словах, не хапіла, хоць ён павінен быў пры ім быць.
“Хаатычна размахваў рукамі”
Калегі Рахунка далі падобныя паказанні ў ролі сведкаў. Амапавец Дзяніс Серада сказаў, што затрымліваў кіроўцу Аляксея Лапу, самастойна прыняўшы такое рашэнне. Ён, па словах амапаўца, аказваў супраціў, хаатычна размахваў рукамі і спрабаваў наносіць удары. На дзеянні сваіх калегаў Серада не звяртаў увагу. У якім стане былі затрыманыя, Серада не бачыў.
Амапавец Аляксандр Чарняўскі распавёў у судзе, што пайшоў на апраўданую рызыку і адхіліўся ад правілаў дарожнага руху, каб заблакаваць аўтамабіль Лапы. На Чарняўскім быў відэарэгістратар. Адвакат запытаў відэа таго дня. Яго разгледзяць на наступным пасяджэнні 8 лютага.