Улетку 2021 дзяржорганы вырашылі разарваць супрацоўніцтва з фондам “Шчорсы і Храптовічы”. Пры гэтым ад сумеснага трансгранічнага праекта і еўрапейскіх грошай адмаўляцца не спяшаюцца. Фонд з 2017 года імкнецца адрадзіць старадаўнюю сядзібу каля Навагрудка і стварыць на яе базе культурна-турыстычны цэнтр. Каб выратаваць адну з пабудоў комплексу, каманда фонду распрацавала праект і знайшла партнёраў у Польшчы. Падпісалі кантракт, а 15 ліпеня фонд падпісаў партнёрскія пагадненні па праекце і з аддзелам культуры Навагрудскага выканкама. У гэты ж дзень дырэктарцы фонда “Шчорсы і Храптовічы” паведамілі пра “планавую” праверку з Упраўлення юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама.
Сядзіба Шчорсы недалёка ад Наваградка калісьці належала канцлеру ВКЛ Іаахіму Храптовічу. У XVIII стагоддзі ён узвёў тут палацава-паркавы ансамбль у стылі французскага класіцызму. Побач пабудавалі Мураванку – гаспадарчы двор у стылі сярэднявечнага замка. Храптовіч забараніў паншчыну, адмовіўся ад дзіцячай працы, адкрыў школу і даў сялянам роўныя надзелы зямлі. Палац моцна пацярпеў у Першую сусветную вайну. У савецкі час у доме аканома размясцілі школу, у флігелі – дзіцячы сад і жылыя кватэры, а гаспадарчыя пабудовы аддалі калгасу.
Ад вялізнага сядзібнага комплексу ў Шчорсах захаваўся закінуты будынак дома аканома, дзе ў міжваенны перыяд жылі апошнія ўладальнікі дома, некалькі гаспадарчых пабудоў і старадаўні парк з каскадам сажалак. Пабудовы і парк, дзе бываў Адам Міцкевіч, паступова з’ядае час. Уласнік будынкаў – дзяржава: частка іх належыць аддзелу культуры Навагрудскага райвыканкама, частка – сельсавету ў Шчорсах, частка – ААТ “Шчорсы” (былы калгас “Зорка”).
Чытайце таксама: Путешествие под зонтом: замки Любчи и Новогрудка, самый старый костел и музей под открытым небом — за 1 день и 280 километров
З 2017 года Мясцовы культурна-асветніцкі фонд “Шчорсы і Храптовічы” спрабуе выратаваць сядзібу. Фонд арганізоўвае летнія валанцёрскія лагеры па расчыстцы парку і Мураванкі ад хмызоў, распрацоўвае зоны аховы, змагаецца з падтапленнем тэрыторыі і нават вяртае на радзіму кнігі з найбагацейшай раней бібліятэкі Храптовічаў. Хоць фармальна гэтай грамадскай арганізацыі там не належыць нічога. У 2018 годзе фонд “Шчорсы і Храптовічы” падпісаў пагадненне аб супрацоўніцтве з райвыканкамам і сельсаветам. Гэта быў вялікі прарыў – працу легітымізавалі, на сайце выканкама размясцілі банер “Шчорсы і Храптовічы”. Праўда, згода доўжылася нядоўга.
План выратавання вяндлярні
У 2020 годзе каманда фонду “Шчорсы і Храптовічы” напісала праект і прайшла адбор на ўдзел у конкурсе Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва “Польшча-Беларусь-Украіна”. На сродкі Еўрасаюза адрамантуюць дах аднаго з захаваных будынкаў – вяндлярні, і правядуць кулінарны фестываль у Шчорсах на аснове мясцовых кулінарных традыцый. Партнёра ў Польшчы (гміна Седльцэ) фонд знайшоў пры падтрымцы беларускага Міністэрства замежных спраў. Седльцэ выбралі за сувязь з Храптовічамі і досвед правядзення кулінарных фестываляў. Польскі партнёр выступае і вядучым бенефіцыярам – трымальнікам большай часткі сродкаў праекта. Беларускую дзяржаву ў праекце прадстаўляе Навагрудскі райвыканкам.
“Дах вяндлярні састарэў, і калі ён абрынецца, мы і вяндлярню будзем страчваць дакладна так жа, як Мурованку”, – распавяла Hrodna.life кіраўніца фонду “Шчорсы і Храптовічы” Ганна Булда. Таксама ў праект закладзены візіт беларускай дэлегацыі ў Польшчу па абмене досведам правядзення кулінарнага фестывалю ў Прушыне-Пенькі (вёска пад Седльцам, Польшча), стварэнне турыстычнага маршруту Шчорсы-Прушын-Пенькі, летні лагер валанцёраў, этнаграфічная экспедыцыя па аграгарадку Шчорсы і навакольных вёсках.
Нядоўгае сяброўства
У час летнікаў 2017-2018 гадоў была зроблена шмат працы, а ў 2018 улады закарчавалі вычышчаную валанцёрамі ад зараснікаў тэрыторыю ў Мураванцы. У 2018 годзе фонд падпісаў трохбаковае пагадненне аб супрацоўніцтве з Навагрудскім выканкамам і Шчорсаўскім сельсаветам.
Чытайце таксама: На велосипеде по туристическим местам: через Гродненскую область прошел международный веломаршрут EuroVelo-2
“У 2019 было тры заезды валанцёраў. Мы вельмі ўдарна папрацавалі: нам дапамагала і ЖКГ, і выканкам. Тады мы расчысцілі знешні контур Мураванкі, чысцілі парк, – распавяла Ганна. – Калі мы разам [з райвыканкамам] прадумвалі, працавалі, быў рэальны прарыў, мы вельмі шмат зрабілі, больш, чым у папярэднія гады”.




Мураванка – былы гаспадарчы двор сядзібы. Фота: chreptowicz.com 
Мураванка з паветра. Фота: chreptowicz.com
У 2017-2018 гадах дом для валанцёрскай базы фонд арандаваў у прыватнай асобы, пазней яго прадалі. У 2019 годзе ў СВК вызваліўся дом: часткова без вокнаў, з выбітымі дзвярыма. Яго адрамантавалі сіламі фонду. “Мы стаялі на вушах, каб да летняга лагера прывесці яго да ладу”, – успамінае Ганна Булда. Паспелі, база пераехала. Выканкам і СВК тады казалі, што ў іх няма планаў на дом. Дамову аб арэндзе з ААТ “Шчорсы” падпісалі толькі на два месяцы. Ужо ў 2020-м пачаліся праблемы: базу прапанавалі перанесці ў іншы будынак, які таксама патрабаваў капрамонту. Узімку 2021 года валанцёрскі дом і зусім прапанавалі выкупіць, а ў ліпені памяшканне прыйшлося вызваліць паводле тэрміновага патрабавання.

Потым забаранілі і летнікі. У 2020 гэта было апраўдана – пандэмія, згаджаецца Ганна Булда. Увесну 2021 яна прасіла дазволіць валанцёрскія лагеры зноў. “Год быў страчаны, а тэрыторыю яшчэ расчышчаць і расчышчаць – праводзіць нейкія працы там немагчыма, трэба прыбіраць джунглі, якія ўтварыліся”. Дазволу запрасіць валанцёраў не далі. Вызначыцца з канкрэтным планам супольных дзеянняў таксама не атрымалася – тэрміны сустрэчы ўвесь час пераносілі.
Кантракт для рэстаўрацыі і праверка ад Мінюста прыйшлі ў адзін дзень
Да канца сакавіка 2021 фонд з палякамі адкарэктавалі праект па рэстаўрацыі вяндлярні, 4 ліпеня вядучы бенефіцыяр з гміны Седльцэ падпісаў кантракт. Партнёрскія пагадненні паміж Наваградскім выканкамам і фондам адкарэктавалі і падпісалі 15 ліпеня, іх адправілі трэцему боку, у Польшчу.
У той жа дзень, 15 ліпеня, Ганне патэлефанавалі з Упраўлення юстыцыі і паведамілі аб планавай праверцы, пра якую раней не папярэджвалі. “Яны сказалі: “Вось і да вас чарга дайшла””, – успамінае Ганна. Дакументы па спісе трэба было падаць да 10 жніўня. Ганна здала копіі, але ёй нават не далі распіскі, што іх прынялі. І сказалі-чакайце. “Магчыма, што я з сайта Адзінага дзяржаўнага рэестру даведаюся пра нашу ліквідацыю”.
Чытайце таксама:
- «Кто будет отстаивать права велосипедистов?» Власти хотят ликвидировать «ВелоГродно», с которым раньше сотрудничали
- «Найдем новые форматы и новые места». «Студию полезных компетенций» в Гродно также ликвидируют
Праверка па фондзе зараз прыпыненая: чалавек, адказны за яе, у адпачынку. “Я разумею, што нас не ліквідуюць да таго часу, пакуль спадзяюцца атрымаць грошы [па праекце]”, – разважае кіраўніца фонду.
Супрацоўніцтва разарвалі, але ў праекце ўдзельнічаюць
22 ліпеня 2021 года ў фонд прыйшло паведамленне ад ААТ “Шчорсы” аб неабходнасці тэрмінова вызваліць валанцёрскі дом, каб пазбегнуць адміністрацыйнай адказнасці. А 30 ліпеня аддзел культуры Навагрудскага райвыканкама падпісаў апавяшчэнне аб спыненні супрацоўніцтва. Следам скасаваў пагадненне сельскі выканаўчы камітэт Шчорсаў.
Атрымаўшы ўсе апавяшчэнні, кіраўніца фонду паспрабавала растлумачыць сітуацыю – як быць з трансгранічным праектам. У Навагрудскі райвыканкам спачатку было не датэлефанавацца, потым прадстаўніку Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва па Гродзенскай вобласці вусна сказалі, што рэалізоўваць праект будуць. Пазней райвыканкам усё ж пацвердзіў гэта і ў адказе на афіцыйны запыт.
17 жніўня Ганна атрымала падпісаныя з польскага боку арыгіналы дакументаў па праекце. Яго можна рэгістраваць у Беларусі, запытваць частку грошай на рэалізацыю і, па планах, з кастрычніка прыступаць да працы. Але як працаваць ў праекце з партнёрам-дзяржавай, якое больш не супрацоўнічае, не ясна.
“У нас ёсць падпісанае пагадненне, абавязацельствы, мы ажыццяўлялі камунікацыі. Выканкам жа падрыхтаваў тэхдакументацыю па вяндлярні і не замінаў нам працаваць”, – успамінае кіраўніца фонду “Шчорсы і Храптовічы”.
Адказнасць за мерапрыемствы згодна з праектам ляжыць на фондзе, выканкам адказвае толькі за рэканструкцыю. У той жа час бюджэт абмежаваны, і многія рэсурсы, напрыклад, сталы для кулінарнага фестывалю, выканкам абяцаў даць вусна. Калі чыноўнікі перадумаюць, у фонда на гэта сродкаў няма. “Калі выканкам з лёгкасцю без тлумачэння прычын скасоўвае пісьмовае пагадненне, то на захаванне вусных дамоўленасцяў наогул няма ніякіх гарантый”, – пераймаецца кіраўніца фонду.
“Галоўная задача – атрымаць грошы”
24 жніўня прайшла сустрэча ўдзельнікаў праекта з боку Беларусі, на якой настаяла Ганна Булда. Пратакол аб намерах прадстаўнікі ўладаў падпісаць адмовіліся. Наконт ранейшага скасаванага пагаднення яны сказалі, што ўсе абавязацельствы выканалі. “Калі ж адкрыць тое пагадненне, яго мэта была – аднаўленне сядзібы Храптовічаў і культурна-гістарычнага ландшафту парку”, – патлумачыла Ганна.
На сустрэчы дамовіліся, што прадстаўнікі райвыканкама самі зарэгіструюць праект у Беларусі. Райвыканкам не бачыць магчымасці для аднаўлення сядзібы сваімі сіламі. Таму пабудовы комплексу канца XVIII стагоддзя намагаюцца распрадаць праз аўкцыёны. Зараз на продаж выстаўлены ўсе аб’екты сядзібы, а кошт аднаго з будынкаў ужо зніжаны на 80%. Раней прадавалася і вяндлярня, але з-за праекта яе знялі з таргоў. Яе аднаўленне – гэта адзін са спосабаў прыцягнуць інвестара, сказалі на сустрэчы прадстаўнікі ўладаў.
Чытайце таксама: Самое крупное имение ВКЛ, дворец Хрептовичей в Щорсах, выставили на продажу. Повторно
Наконт рэалізацыі праекта ў выканкама таксама сваё бачанне, распавяла Ганна. Кулінарны фестываль хочуць правесці каля клуба (планавалася каля вяндлярні, каб прэзентаваць яе), да яго правядзення прыцягнуць спецыялістаў з Моталя Брэсцкай вобласці, а валанцёраў размясціць у Навагрудку, за 24 км ад сядзібы.
“Для мяне відавочна, што галоўная задача для іх цяпер – атрымаць грошы”, – мяркуе Ганна.
“Бачу, як усё сыходзіць у нябыт”
“Пакуль мы ў падвешаным стане. Мы не ведаем, якой у нас будзе статус праз дзень-два, тыдзень, месяц. Мы не ведаем, як павядзе сябе выканкам”, – тлумачыць кіраўніца фонду “Шчорсы і Храптовічы”.
“Мы другі год не можам праводзіць летнікі, штосьці рабіць. Калі як краязнаўца праводжу там экскурсіі, бачу, наколькі ўсё зарастае і сыходзіць у нябыт – сэрца крывёй абліваецца. Такая колькасць людзей прыязджала, і працавалі выключна па парыве душы, жылі ў сельскім доме па 20 чалавек, без магчымасці нармальна памыцца, спалі на падлозе, шчыравалі, як коні”, – распавядае Ганна Булда.
У 2019 годзе, праўда, дапамог райвыканкам: прывезлі пару скрынь памідораў, скрыню агуркоў, мех бульбы і мех буракоў – на шэсць тыдняў на 20 чалавек.
Першапачаткова фонд вырашыў сам з праекта не выходзіць. “Так ці інакш, праходзіць усе, і гэта калі-небудзь таксама пройдзе. Губляць рэпутацыю зараз нам недарэчна. Калі толькі нас гвалтоўным чынам выведуць за кошт рашэнняў з боку ўладаў – тады мы будзем вымушаныя прыняць і падпарадкавацца”.
Чытайце таксама:














