У Гродна з швейцарскага Базеля 7 чэрвеня прыехала сям’я Левін, якая хоча больш даведацца пра свае карані. Ёсць верагоднасць, што іх сваякі жылі ў горадзе яшчэ ў XX стагоддзі, але пасля сусветных войнаў нікога не засталося.
У Беларусь Левінаў прыехалі толькі з невялікай гісторыяй і фатаграфіямі перыяду Першай сусветнай. Для іх гэта першая паездка на радзіму продкаў і ім важна даведацца нешта новае пра сям’ю з Гродна.
«У нас мала інфармацыі па сям'і, мы прыехалі сюды ўпершыню, каб хоць нешта даведацца, — распавядае Мануэл Левін. — Ведаем, што прадзед Якаб-Саламон Левін нарадзіўся ў 1883 годзе ў гэтым горадзе і прыкладна ў 1906 годзе ён эміграваў. Ён быў прадаўцом і апынуўся ў Швейцарыі. Адразу пасля Першай сусветнай вайны ён наведаў родны горад. Пасля гэтай паездкі ў яго захаваліся фатаграфіі. Але мы не ведаем, ці гэта Гродна».Левіны прагуляліся па старым горадзе і зайшлі ў сінагогу, у надзеі знайсці там больш інфармацыі аб сваёй сям'і. Там яны сустрэліся з кіраўніком абшчыны Барысам Квяткоўскім, вядомым калекцыянерам фотаздымкаў і паштовак Феліксам Варашыльскім і рабінам Іцхакам Кофманам. Апошні распавёў, што прозвішча Левін было вельмі распаўсюджаным у Гродне.
«Левін — вельмі папулярнае яўрэйскае прозвішча. І не ўсе яго носьбіты будуць сваякамі ў Гродне. Складана сказаць, ці змогуць яны знайсці хоць нейкую інфармацыю, столькі часу прайшло. Але, як бы ні было, трэба шукаць», — сказаў Кофман.