У снежні 2019 года на пераднавагоднім распродажы Вікторыя купіла светла-шэрыя шторы. Яна павесіла іх дома і на адну з іх змясціла чырвоную паласу. Пра гэта Вікторыя распавяла супрацоўнікам міліцыі, якія ў лютым 2021 года звярнулі ўвагу на яе акно і склалі пратакол за незаконнае пікетаванне. «Мне што, трэба было ісці ў гарвыканкам, каб я дазволіла сабе штору павесіць?» — здзіўляецца Вікторыя.
Вікторыі - 30 гадоў, паводле адукацыі яна — менеджар. Адна выхоўвае дваіх дзяцей, адзін з якіх — з інваліднасцю праз дзіцячы цэрэбральны параліч.
Штора на акне да пэўнага моманту нікому не замінала, распавяла Вікторыя Hrodna.life. Толькі аднойчы, калі паміж дамамі вывесілі бела-чырвона-белы сцяг, да яе прыходзілі супрацоўнікі МНС. Тады Вікторыя спала і не адкрыла дзверы.
Міліцыя прыйшла да яе ўпершыню 31 студзеня 2021 года. Двое невядомых у цывільным прадставіліся міліцыянтамі. «Збянтэжылася — нават пра дакументы не спытала», — распавяла дзяўчына Hrodna.life. Яны паведамілі, што суседзі паскардзіліся на шум. Вікторыя патлумачыла ім: калі яна займаецца практыкаваннямі з хворым сынам, яму бывае балюча і ён крычыць. «Госці» сыйшлі.
Хацелі забраць шторы і ліхтарыкі
На наступны дзень прыйшлі два ўчастковыя і сказалі, што міліцыя ўбачыла ў акне сцяг. Вікторыя запярэчыла, што гэта штора — для сцяга яна не адпавядае памерам і колерам. Яна спрабавала даказаць, што БЧБ — не забароненая сімволіка. Тым не менш, капітан міліцыі Валерый Куцэвіч склаў пратакол па ч. 1 арт. 23.34 КаАП (Парушэнне парадку правядзення ці арганізацыі масавых мерапрыемстваў).
У дакуменце сказана, што 1 лютага Вікторыя «ў загадзя вызначаным месцы ў кватэры <…> размясціла для ўсеагульнага разгляду і публічнай дэманстрацыі бел-чырвона-белы сцяг, тым самым правяла адзіночнае пікетаванне ў парушэнне ўстаноўленага парадку правядзення масавых мерапрыемстваў <…>, публічна выказваючы свае грамадска-палітычныя погляды, накіраваныя на нязгоду з парадкам правядзення выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».
Пры гэтым, у першым пратаколе напісана, што парушэнне зафіксавана 1 лютага, а датай складання пратаколу значыцца 17 студзеня. Вікторыя гэта заўважыла пазней.
Супрацоўнікі міліцыі ў той дзень спрабавалі забраць штору і бела-чырвоныя ліхтарыкі. Вікторыя настаяла, што шторы ёй патрэбныя, а ліхтарыкі выкарыстоўваюцца ў дзіцячым пакоі замест начніка. Тады ў яе забралі адзін з мабільных тэлефонаў. «Каб вы штраф потым аплацілі», — перадала Вікторыя Hrodna.life словы міліцыянта.
Міліцыянт абяцаў зрэзаць дзвярны замак
2 сакавіка супрацоўнікі міліцыі зноў прыйшлі - ужо з пратаколам паводле абноўленага КаАП. У ім запісана, што 1 лютага Вікторыя «ў загадзя вызначаным месцы <…> на рол-шторы размясціла пасярэдзіне чырвоную паласу, у выніку рол-штора стала падобнай з выгляду да бела-чырвона-белага сцяга. Гэта было зроблена для агульнага агляду і публічнай дэманстрацыі, тым самым правяла адзіночнае пікетаванне ў парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў <…>, публічна выказваючы свае грамадска-палітычныя погляды, накіраваныя на нязгоду з парадкам правядзенне выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».
У супрацоўнікаў міліцыі была санкцыя на агляд кватэры Вікторыі. Дома былі былы муж з малодшым дзіцём, яны зачыніліся знутры. Вікторыя ў той момант праходзіла абследаванне ў паліклініцы, збіралася ў бальніцу. У гэты час супрацоўнік міліцыі казаў ёй па тэлефоне, што выкліча МНС зрэзаць замок на дзверы. У выніку па тэлефоне ён прапанаваў перанесці агляд на іншы дзень. Агляд правялі 15 сакавіка. «Запісалі, дзе што стаіць. Тэлефоны, ноўтбукі, планшэты павінны былі забраць, але ўсяго гэтага ў мяне няма», — распавяла Вікторыя Hrodna.life.
«Хоць адпачнеш на ІЧУ»
Вікторыя ўспрымае справа як запалохванне і псіхалагічны ціск. З прычыны стрэсу ў яе пагоршылася здароўе: стала часцей выяўляцца тахікардыя. У лістападзе яна лячыла ў стацыянары трывожны разлад, «стала лягчэй». А пасля першага візіту супрацоўнікаў міліцыі некаторы час Вікторыя выклікала хуткую дапамогу штодзень.
«Калі моцны стрэс, у мяне ўсё — сэрца калоціцца, мяне прыязджаюць калоць. Потым я ляжу на ложку і гуляю ў тэлефоне — для мяне няма нічога больш расслабляльнага, а ў мяне пульс 126 [удараў у хвіліну, норма для жанчын — 90. — Заўвага Hrodna.life]. І так па пару гадзін трымае», — распавяла дзяўчына Hrodna.life.
Больш за ўсё Вікторыя пераймаецца за дзяцей. Малодшаму ў траўні 2021 года споўніцца чатыры гады. Ён яшчэ не ходзіць, поўзае, выглядае на два гады праз ДЦП. Старэйшаму у траўні будзе дзевяць. Па словах Вікторыі, з-за гіперактыўнасці маму настойліва прасілі перавесці яго на хатняе навучанне. Вікторыя гэта таксама звязвае з пагаршэннем адносін з дырэктарам пасля выбараў, калі яна была незалежным назіральнікам.
— Сястра кажа: ды чаго ты турбуешся. Калі цябе пасадзяць, хоць адпачнеш на ІЧУ, — жартуе Вікторыя. — <…> А у мяне дзіця-інвалід маленькае. Перажываю, каб яны не давялі мяне да чагосьці страшнага. <…> Мае дзеці будуць нікому не патрэбныя.
«Штодзень узровень абсурду нарастаў»
Вікторыя сутыкнулася з дзеяннямі сілавікоў яшчэ да складаньня пратаколу. Дзяўчына кажа, што яны з сястрой проста хацелі прагаласаваць за рэальнага кандыдата. Але тых, да каго яны схіляліся, не зарэгістравалі ці пасадзілі.
Таму яна пайшла назіральнікам на адзін з трох участкаў для галасавання ў гімназіі № 4. Члены камісіі ўцякалі, калі ім задавалі пытанні, дзверы ўчастка для галасавання заляплялі, вокны завешвалі. «Кожны дзень узровень абсурду нарастаў», — кажа дзяўчына.
Седзячы на тэрыторыі школы, незалежныя назіральнікі зафіксавалі завышаную камісіяй яўку і тысячы людзей з белымі бранзалетамі - сімвал таго, што выбаршчыкі супраць дзейнай улады, распавяла Вікторыя Hrodna.life. Пасля завяршэння галасавання выбаршчыкі сабраліся каля школы і сталі чакаць вынікаў выбараў. Да школы пад’ехаў АМАП — прыйшлося ўцякаць або павольна сыходзіць. Тэрыторыю школы зачынілі. Пратаколы вывесілі 9 жніўня ў 23.00 — адзін з трох быў зусім не падпісаны, на другім не хапала аднаго подпіса. 11 жніўня пратаколы віселі на тэрыторыі школы з усімі подпісамі.
Вікторыю не прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці, але яе сястру затрымлівалі за ўдзел у акцыі двойчы — у кастрычніку і ў снежні. Пасля некалькіх сутак у ІЧУ да суда яе адпускалі са штрафамі. Вікторыі даводзілася ездзіць па РАУС, шукаць сястру, рыхтаваць ёй перадачы. З АМАПам давялося сустрэцца ля дзіцячай бальніцы 6 верасня і ў дзень інаўгурацыі прэзідэнта 23 верасня.
На 22 сакавіка Вікторыю выклікалі ў суд Кастрычніцкага раёна Гродна. Паводле КаАП у новай рэдакцыі ёй пагражае штраф да ста базавых велічынь (2900 рублёў), грамадскія працы або адміністрацыйны арышт.
Атрымаць каментар у прэс-службе УУС Гродзенскага аблвыканкама Hrodna.life не ўдалося.
Гномік ў акне таксама можа расхваляваць міліцыю
Гродзенец Юрый Яраш у пачатку лютага атрымаў позву ў суд праз фігурку гнома на падваконні. Прыкладна ў той жа час, вынікаючы з логікі міліцыі і судоў, актывіст Яўген Дудкін спрабаваў удакладніць ва ўладаў, ці можна сушыць белыя і чырвоныя рэчы на балконе. Яму адказалі, што гарвыканкам не рэгламентуе пытанні вядзення хатняй гаспадаркі асобных грамадзян.
Абноўлена 22 сакавіка. У суд 22 сакавіка Вікторыю папрасілі прынесці тую самую штору. Дзяўчына паказала, што шторы выгарэла — яна не новая і не падобная на сцяг. У справе абвясцілі перапынак да 12.00 24 сакавіка для выкліку сведкі - міліцыянта, які складаў пратакол.