Людзі і справы

Стрыжка на матацыкле, аквагрым і манікюр. У Гродне адкрыецца першая дзіцячая цырульня «Падстрыгулькі»

У сям'і Наташы і Максіма Кабзанавых сёлета будуць вялікія перамены. Яны чакаюць нараджэння другога дзіцяці і распачынаюць уласны бізнес — таксама звязаны з дзецьмі. Яны лічаць, што гораду неабходна адмысловая дзіцячая цырульня, а можа нават і дзіцячы цэнтр прыгажосці.

«У Гродне шмат цырульняў. Не толькі для мужчын ці жанчын, але нават для котак ці сабак, — разважае Наташа, — а вось спецыяльных салонаў для дзяцей пакуль няма». Гэта і натхніла сям’ю на рэалізацыю ідэі.

Адна цікавая, другая — праўда. Две гісторыі пачатку

Пра ўласную справу Кабзанавы падумвалі ўжо даўно, але не маглі вызначыцца з полем дзейнасці. Пакуль не падрасла ўласная дачка і яе сябры — дзеці знаёмых. З размоваў бацькоў пра надзённыя праблемы ўсплыла тэма складанасці з падстрыганнем дзецяй.

«Можа стацца, што майстар бярэ малога кліента, але не гарантуе, што падстрыжэ яго да канца. Калі малое пачне капрызіць ці плакаць, прыходзіцца сыходзіць недастрыжанымі. Майстра чакаюць іншыя кліенты, супакойваць ці бавіць малога не кожны захоча», — расказвае Наташа. З пункту гледжання маладых бацькоў, неабходнасць дзіцячай цырульні была відавочнай.

І гэта — першая гісторыя.

Другую, значна больш кароткую, распавёў Максім: «Аднойчы мы ўбачылі ў інтэрнэце артыкул пра падобны замежны праект. І неяк адразу стала ясна, што нам гэта таксама цікава».

«Зробім?» — звярнуўся да Наташы. — «Зробім!» — падтрымала яна. На наступны дзень ужо выбіралі памяшканне пад цырульню.

«А ўсё тое, што Наташа расказвала, гэта таксама праўда. Але дадумвалася і аналізавалася яно пазней. Рашэнне было спантанным, і мой уласны досвед паказвае, што так прымаюцца найлепшыя рашэнні», — кажа Максім.

Усё як дома

Памяшканне вырашылі аформіць так, каб дзіця трапляла ў знаёмую абстаноўку. Нават крэслы для малых кліентаў падабралі адмысловыя. Адно — у выглядзе матацыкла, што гудзе амаль як сапраўдны і маргае фарамі, другое — у форме коціка. Перад вачыма малых усталявалі экраны, дзе будуць ісці мульцікі. «Пастараемся сабраць калекцыю самых папулярных мультфільмаў і ўключаць той, які падабаецца дзіцяці»

Паводле Наташы, у такіх абставінах візіт да цырульніка не будзе ўспрымацца як стрэс. Акрамя стрыжкі ў дзіцячай цырульні плануюць рабіць пляценне касічак і святочныя дзявочыя прычоскі, а таксама дзіцячы манікюр і аквагрым.

Мары і рэальнасць

У планах Кабзанавы маюць і далейшае развіццё бізнесу. «Калі паслугі будуць запатрабаванымі, то будзем развіваць праект. Хацелася б стварыць нават дзіцячы цэнтр прыгажосці. Каб цырульнікі і стылісты вучылі малых быць прыгожымі, былі б заняткі па этыкеце і многа што яшчэ», — расказвае пра мары Наташа.

Калі ж глядзець у больш блізкую перспектыву, то найперш трэба вырашыць іншую задачу. «Існуе стэрэатып, што для цырульніка стрыгчы дзяцей — апошняя справа. Маўляў, тут няма магчымасці для прафесійнага росту і ўдасканальвання», — расказвае Максім. Аднак ён лічыць, што насамрэч гэта не так: «Ёсць мода і на дзіцячыя стрыжі. У маім дзяцінстве стрыглі на затылку вострым мысікам і насілі доўгія грыўкі, зараз запатрабавана фігурнае выстрыганне ці іракезы. І дзеці, і бацькі хочуць падкрэсліць індывідуальнасць, хочуць, каб майстар падыйшоў да малога кліента персанальга, а не стрыг «пад адзін грэбень».

Цана пытання

Што да цэнаў, то яны будуць прыкладна такімі ж, як для дарослых — у сярэднім дыяпазоне. «Звычайна бацькі гатовы заплаціць за прыгожыя рэчы ці цацкі для дзяцей. А калі ў новай цырульні малым спадабаецца, то гэта будзе варта аплаты», — мяркуе Наташа.

Ці складана адкрыць уласны бізнес?

«Складана для таго, хто баіцца і нічога не робіць. А хто не баіцца і працуе — таму не складана», — кажа Максім. Спачатку ён распытаў знаёмых бізнесменаў, пачытаў дакументы, каб вызначыцца са спецыфікай арганізацыі справы. Далей трэба было прайсці фармальныя працэдуры — рэгістрацыю ў аблвыканкаме, падатковай інспекцыі, фондзе сацабароны. Для цырульні яшчэ і ўзгадніць патрабаванні з санстанцыяй.

Пасля папяровых пытанняў прышоў час прыкласці да справы рукі. Большую частку працы ў памяшканні вырашылі рабіць самастойна. Максім узгадаў колішні досвед працы на будоўлі і заняўся рамонтам: «Працуецца тут з задавальненнем, бо раблю тое, што сам выбраў. Прыемна, калі можаш сваімі рукамі рэалізоўваць задуманае. Як па мне, такое баўленне часу не менш прыемнае за рыбалку», — жартуе ён.

Адкрыць цырульню яны з Наташай плануюць у канцы кастрычніка. Пакуль у якасці тэст-кліента новую прастору апрабоўвае сын сяброў.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024